Невырашальных задач не бывае

“Зроблена нямала, але яшчэ патрэбна працаваць актыўней”, — такую выснову зрабіў старшыня райвыканкама Мікалай Какора, падводзячы вынікі Дня Савета, які прайшоў днямі на тэрыторыі Азяранскага сельсавета.


Кіраўніцтва раёна і раённых службаў, старшынь сельвыканкамаў гаспадары сустракалі ля Чэрніцкага сельскага клуба. Віталі гасцей па добрай традыцыі песняй ды пышным караваем. А потым удзельнікаў мерапрыемства запрасілі азнаёміцца з дзейнасцю гэтай установы культуры.


Будынак мясцовага клуба ўжо не адзін дзясятак гадоў служыць жыхарам Чэрніч. Не адно свята тут праводзілася і яшчэ будзе праведзена. Дзякуючы клапатлівым рукам работнікаў установы яна падтрымлівацца ў нядрэнным стане. Хаця нешта патрабуецца і падправіць. Напрыклад, старшыня райвыканкама звярнуў увагу шэфаў з падатковай інспекцыі і МПМК-97, што неабходны рамонт падлогі на сцэне. Нягожа такому праслаўленаму самадзейнаму калектыву, які працуе пры клубе, выступаць на такой сцэне. Варта адзначыць, што мясцовыя культработнікі дбайна захоўваюць старадаўнія традыцыі сваёй мясцовасці, прычым, не толькі песеннай спадчыны, якая складае аснову рэпертуара мастацкага калектыва, але і іншых промыслаў. Вырабы ткацтва і вышывання з’яўляюцца неад’емнай часткай інтэр’еру ўстановы культуры. Ды і экспазіцыя беларускай хаты, дзе ёсць нават дзеючыя кросны, таксама яскравае пацверджанне таго, як работнікі клуба клапоцяцца аб захаванні культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, папулярызуюць яе сярод моладзі.


На жаль, у пэўнай ступені расчаравала добраўпарадкаванасць самога населенага пункта. Новыя агароджы сведчылі, што да працы тут толькі сур’ёзна пачалі прыступацца. З акна аўтобуса, які рухаўся ў бок вёскі Пагост, было бачна, колькі ў Чэрнічах занядбаных агародаў і будынкаў. Навесці на такіх сядзібах парадак – першачарговая задача для мясцовага сельвыканкама і гаспадароў.


Увогуле, стасункі паміж сельскім Саветам і насельніцтвам па навядзенні парадку на зямлі не раз закраналіся падчас мерапрыемства. На жаль, кіраўніцтва Азяранскага сельсавета, адпаведная раённая служба не дапрацоўваюць у гэтым накірунку, таму і не імкнуцца людзі актыўна добраўпарадкоўваць свае прыдамавыя тэрыторыі.


У Пагосце ўдзельнікі Дня Савета адразу наведаліся на ФАП і аддзяленне сувязі. Было бачна, што кіраўніцтва і Жыткавіцкай ЦРБ, і раённага вузла паштовай сувязі стараліся падрыхтаваць свае аб’екты да семінара. І падфарбавалі, і ганак падправілі, і на тэрыторыі парадак навялі, а вось агарадзіць належна ўстановы не паспелі. Указаў старшыня райвыканкама і на два дрэвы, якія неабходна спілаваць, каб яны не нарабілі бяды ў далейшым. Пабывалі ўдзельнікі Дня Савета і на іншых аб’ектах сацыяльнага прызначэння гэтага населенага пункта. Усе яны карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў. І магазін, і клуб, куды па чарзе завіталі кіраўніцтва раёна і службаў, старшыні сельвыканкамаў. І тут было бачна, што да мерапрыемства рыхтаваліся, адказныя асобы пералічвалі, што ўдалося зрабіць, не ўсё, праўда, паспелі, гэта добра было бачна па стану Пагосцкага клуба. Але, як запэўніў начальнік аддзела культуры Сяргей Агіевіч, недахопы будуць у бліжэйшы час выпраўляцца. Хаця, скажам, па асноўнай дзейнасці ўстаноў нараканняў не было.


А вось падчас агляду пакінутага будынка школы, увага ўдзельнікаў мерапрыемства была скіравана на тое, што такія памяшканні патрэбна прыбіраць, каб яны не псавалі выгляд населенага пункта, або перадаваць жадаючым, каб тыя ўводзілі іх у гаспадарчую дзейнасць. Далей сваю работу ўдзельнікі Дня Савета працягнулі ў пасёлку Хваенск. Пачалі працу з наведвання базы Тураўскага ўчастка лесапілення ААТ “Жыткавічлес”. Значную дапамогу аказалі яго работнікі па навядзенні парадку ў нашым пункце. За апошнія гады тут значна палепшыліся справы і на вытворчасці, і з навядзеннем парадку. Безумоўна, калектыву вытворчага падраздзялення таварыства не варта спыняцца на дасягнутым, а развіваць сваю дзейнасць гэтак жа плённа і надалей. Менавіта гэтага і запатрабаваў М. Какора ад кіраўніцтва, як і далейшага абнаўлення грамадскай лазні. Дарэчы, пытанне лазневага абслугоўвання насельніцтва было ўзнята і падчас наведвання аграгарадка Азяраны. Ужо які год яго жыхары абходзяцца без гэтага неабходнага аб’екта. Зразумела, што ўкладваць значных грошай у абнаўленне старой лазні ў аграгарадку немэтазгодна, тым больш што не так і шмат ахвотнікаў, па словах старшыні Савета, будзе наведваць яе. Зняць жа праблему можна: выдзяляць раз на тыдзень аўтобус, які дастаўляў бы азяранцаў мыцца ў тую ж хваенскую лазню ці тураўскую.


Сярод іншых аб’ектаў, дзе пабывалі ўдзельнікі Дня Савета ў пасёлку Хваенск, сталі гандлёвыя кропкі, школа, амбулаторыя. У аграгарадку Азяраны ўсім прысутным спадабаўся стан мяцовага ФАПа. Будынак яго пасля рамонту выглядае цудоўна і працаваць там адно задавальненне. Значна палепшаны і ўмовы працы спецыялістаў Азяранскага маладзёжнага цэнтра культуры, дзе збудавана новая кацельня і ва ўстанове пацяплела з яе ўводам. Цяпер культработнікам патрэбна давесці да ладу астатнія работы, каб у цэнтры было ўтульна і прыгожа.


А ў Азяранскай школе, куды таксама завіталі ўдзельнікі мерапрыемства, было шматлюдна ад вучняў і настаўнікаў. Тут працавалі гурткі, адна з тэм размовы – добраўпарадкаванне грамадскіх калодзежаў сіламі настаўнікаў і вучняў. У Азяранскім Савеце ў гэтым накірунку зроблены значны крок наперад. Не засталося па-за ўвагай і пытанне наладжвання супрацоўніцтва паміж мясцовым сельгаспрадпрыемствам і навучальнай установай. Менавіта ў яе актавай зале і адбылося падвядзенне вынікаў чарговага Дня Савета. Пра тое, як вырашаюцца пытанні добраўпарадкавання, жыццядзейнасці людзей на тэрыторыі Азяранскага сельсавета, расказаў яго старшыня Міхаіл Аліфіравец. Па словах кіраўніка сельвыканкама, яшчэ не ўсё зроблена па навядзенні парадку ў населеных пунктах, таму гэтая справа будзе працягнута.


— Патрэбна праяўляць мясцовай уладзе і раённым службам больш настойлівасці і актыўнасці, — зазначыў саршыня райвыканкама Мікалай Какора. — Сёння мы павінны прыступіцца да навядзення парадку ў малых населеных пунктах, а яшчэ не здолелі гэтага дабіцца і ў буйных. А ўсё чаму? Таму што не працуем з людзьмі, не прымушаем іх займацца добраўпарадкаваннем, ды і ўзаемасувязі належнай паміж сельсаветамі і раённымі службамі не маецца.


На гэтых аспектах кіраўнік раёна папрасіў засяродзіць свае высілкі службовых асоб падчас работы ўзначальваемых імі службаў.


На мерапрыемстве былі агучаны начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Леанідам Валатоўскім вынікі сацыялагічнага апытання насельніцтва Азяранскага сельсавета. У цэлым, як паказалі лічбы даследавання, людзі задаволены тым, як у іх працуе і сацыяльная сфера, і мясцовая ўлада. Тыя ж праблемы, напрыклад, арганізацыя бытавога аблугоўвання, водазабеспячэння прыватных дамоў, падсыпка вуліц і іншыя, па сілах вырашыць станоўча на ўзроўні раённых службаў. І чарговы Дзень Савета гэта яскрава прадэманстраваў.


Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, стаўленне кіраўнікоў раённых службаў і мясцовай улады да падрыхтоўкі сваіх аб’ектаў да мерапрыемстваў дазволіла нямала зрабіць карыснага, прычым, у кожным населеным пункце.


— Зразумела, даводзілася не раз выязджаць на месцы, вызначацца з аб’ёмамі работ, але ўсё, што намечана, у большасці сваёй выканалі. І ў такім ключы патрэбна пацаваць і надалей, — падсумавала плён працы Ніна Мікалаеўна.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.