Падрыхтаваць насенне ў час

Бясспрэчна, што зараз асноўныя клопаты працаўнікоў вёскі сканцэнтраваны на грамадскіх фермах. Але маецца ў аграрыяў не менш пільная справа і ў свірнах. Да 15 снежня ім патрэбна належна падрыхтаваць насенне зерневых і зернебабовых яравых культур. Як працуюць у сельгаспрадпрыемствах раёна карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць галоўнага агранома райсельгасхарчу Віктара Раковіча:


— Пад яравую сяўбу аграрыям раёна неабходна засыпаць 1198 тон насення зерневых і зернебабовых культур. Заданне па засыпцы выканана на сто працэнтаў. На жаль, не ва ўсіх гаспадарках маюць насення яравых культур пад поўную патрэбнасць. Так, у КСУПе “Марохараўскі” заданне засыпкі выканана на 86 працэнтаў. Земляробам гэтай гаспадаркі не дастае 28 тон насення для сяўбы. 8 тон не хапае насення зерневых і зернебабовых працаўнікам КСУПа “Дзякавічы”, дзе план засыпкі выкананы на 92 працэнты.


Насцярожвае і той факт, як вядзецца ачыстка насеннага матэрыялу ў шэрагу гаспадарак. Так, па стану на 5 снежня, у КСУПе “Людзяневічы” з 209 тон адпавядаюць кандыцыі толькі 79 тон насення або 38 працэнтаў неабходнай колькасці. У КСУПе “Чырвоны Бор” — толькі 30 тон (24 працэнты), КСУПе “Дзякавічы” — 30 тон (28 працэнтаў), у КСУПе “Марохараўскі” — 66 тон (33 працэнты).


Прычынай такой незадавальняючай працы, што ў гэтых гаспадарках несвоечасова распачалі работы па ачыстцы насення. Неразваротлівасць спецыялістаў агранамічнай службы сельгаспрадпрыемстваў ды прыніжаная патрабавальнасць з боку кіраўнікоў і прывялі да такога несуцяшальнага выніку. Калі справы з ачысткай насення і надалей будуць весціся марудна, то ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў з даведзенымі аб’ёмамі і да лютага не справяцца.


Вельмі турбуе, што прапісныя ісціны па падрыхтоўцы насеннага матэрыялу патрэбна даводзіць вельмі вопытным аграномам. Такім як Сяргей Ульяновіч (КСУП “Людзяневічы”), Васіль Макарэвіч (КСУП “Чырвоны Бор”). Дарэчы, гэтыя гаспадаркі штогод наступаюць на адны і тыя ж граблі, рыхтуюць насенне пасля аптымальных тэрмінаў.


Зараз надвор’е як ніколі дапамагае вяскоўцам паспяхова справіцца з такой важнай задачай. Будзем шчырымі, што ў многіх гаспадарках ачыстка насення вядзецца пад павецямі. І як там працаваць людзям у мароз і сцюжу? Вось ён “клопат” пра ўмовы працы работнікаў.


Канечне, ёсць і станоўчыя прыклады работы па падрыхтоўцы насеннага матэрыялу. Добра працуюць у гэтым накірунку ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”, КСУПе “Бялёў”. Відавочна, што кіраўнікі і спецыялісты адстаючых гаспадарак могуць запярэчыць, што часу да вясны яшчэ шмат і яны справяцца з падрыхтоўкай насення да сяўбы. Але такім хочацца нагадаць, што лыжка заўсёды дарагая да абеду, а не пасля яго. Тым больш маюцца пэўныя тэхналагічныя патрабаванні, якія патрэбна выконваць у вызначаны час. А значыць, адстаючым варта паскорыць тэмпы ачысткі насення яравых зерневых і зернебабовых культур, каб выканаць пастаўленую задачу ў вызначаныя тэрміны. Яны ж няўмольна набліжаюцца.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.