Пераможца Марыя Гашнікава і яе гімназія

Добрая вестка хутчэй ластаўкі ляціць: навіна аб тым, што вучаніца 10 класа Маша Гашнікава пасля паездкі ў Магілёў узнагароджана дыпломам 2 ступені ў Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ сярод навучэнцаў школ і гімназіі па англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовах, хутка абляцела як гімназію горада Жыткавічы, так і залунала па-за межамі яе сценаў. Дзяўчына спаборнічала з другімі па нямецкай мове ў секцыі “Краязнаўства” і сярод 15 прадстаўнікоў Гомельшчыны стала адной з дзвюх пераможцаў. Для іспытаў яна прадаставіла тэму турызму, падрыхтаваўшы своеасаблівы даведнік па аднаму з гарадоў Германіі, паколькі была ў гэтай краіне тройчы па запрашэнні кіраўніцтва фонда “Будучыня для Рычова”.


Так, Рычоў – яе маленькая і такая дарагая сэрцу радзіма са сваімі непаўторнымі мясцінамі і краявідамі. Тут Марыя закончыла 7 класаў школы, палюбіўшы розныя прадметы і ў першую чаргу прадэманстраваўшы даволі грунтоўныя веды ў галіне лінгвістыкі. Але то быў толькі пачатак, разбег. Сапраўдныя ж крылы для ўзлёту дала гімназія ў Жыткавічах, пражываць і вучыцца ў якой яна пачала з верасня 2009 года.


— За час вучобы ў нас Марыя Гашнікава паказала сябе толькі з добрага боку, — дае сціслую і разам з тым змястоўную характарыстыку сваёй падапечнай дырэктар гэтай навучальнай установы Людміла Катвіцкая. – Ёй лёгка даюцца прадметы філалагічнага накірунку, да таго ж праяўляе цікавасць да гісторыі. На ўроках актыўная, умее самастойна арганізаваць сваю вучэбную работу. Наведвае факультатыўныя заняткі па беларускай і нямецкай мовах, увесь час імкнецца павышаць узровень сваіх ведаў. З’яўляецца пераможцай другога этапа раённай алімпіяды па нямецкай мове. Працалюбівая і дысцыплінаваная, здольная да самааналізу і самакрытыкі, імкнецца да самаўдасканалення.


Настаўнікі і аднагодкі Марыі Гашнікавай таксама гавораць аб тым, што яна з павагай адносіца да пажылых людзей, мае шмат сяброў, прымае актыўны ўдзел у грамадскіх справах гімназіі, любіць маляваць, чытаць мастацкую літаратуру.


Безумоўна, у тым, што дзяўчына паказала трывалыя веды ў час рэспубліканскага конкурсу, вялікая заслуга як яе, так і ўсяго педагагічнага калектыву гімназіі. А тут у адным дружным калектыве і сабраліся вопытныя, высокапрафесіянальныя педагогі, як зазначае дырэктар Людміла Катвіцкая, сапраўдныя фанаты сваёй творчай справы. Гэта па-першае. А па-другое, вучнёўскі калектыў навучальнай установы – гэта своеасаблівая, дружная сям’я, бо з 250 навучэнцаў 56 пастаянна пражывае тут. А прыехалі сюды вучыцца хлопчыкі і дзяўчынкі з Чырвонага і Людзяневіч, Сяменчы і Турава, Грады і Хваенска, Хлупіна і Азяран. І не проста прыехалі, а папярэдне здалі ўсе неабходныя экзамены на годнасць стаць навучэнцамі гімназіі. Дарэчы, тут пастараліся стварыць усе неабходныя ўмовы як для паспяховай вучобы, так і для плённых заняткаў спортам, пражываючыя забяспечаны чатырохразовым харчаваннем за кошт раённага бюджэта.


— Таму не могуць не радаваць нас і вынікі, — не хавае цёплых нотак у голасе кіраўнік педагагічнага калектыву Людміла Генадзьеўна. – Так, у мінулым годзе з 33 выпускнікоў 78 працэнтаў паступіла вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, 22 – у сярэднія спецыяльныя. Прычым вучацца нашы выпускнікі, як правіла, на бюджэтнай аснове. У мінулым навучальным годзе ў нас было 11 пераможцаў розных абласных інтэлектуальных конкурсаў, адзін выйшаў у лідары на рэспубліканскім, было атрымана 103 дыпломы пасля ўдзелу ў інтэлектуальных конкурсах і спаборніцтвах раённага ўзроўню. На рахунку таксама 22 дыпломы пасля перамог у спартыўных мерапрыемствах.


…А пераможца Марыя Гашнікава тым часам не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Яна вырашыла пазмагацца за абсалютнае першынство, і да чарговага конкурсу рыхтуе аповед пра наша Прыпяцкае Палессе. І, па ўсім відаць, не памыляецца ў сваім выбары і памкненні. Бо крылы, як вядома, дужэюць у палёце. Дык пажадаем ёй спадарожнага ветру…


С.КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.