Працаваць актыўней

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора ў прайшоўшы панядзелак.


Адміністрацыйная практыка і добраўпарадкаванне. За мінулы тыдзень усімі ўпаўнаважанымі службамі складзена 32 пратаколы і выдадзена 184 прадпісанні. З пачатку года адпаведна гэтыя лічбы складаюць 1308 адміністрацыйных матэрыялаў і 12043 выдадзеных прадпісанняў. Да адказнасці прыцягнута 1044 чалавекі, на якіх накладзены штрафы ў памеры 67,7 мільёна рублёў. На жаль не ўсімі службамі і кіраўнікамі сельвыканкамаў у поўнай меры скарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс пры навядзенні парадку ў населеных пунктах. Крытыцы была падвергнута на нарадзе землеўпарадкавальная служба, аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, аддзел архітэктуры, выканкамы Мілевіцкага, Азяранскага, Дзякавіцкага, Марохараўскага і Юркевіцкага сельсаветаў, якія спрацавалі ніжэй сваіх магчымасцей. Са станоўчага боку адзначана работа па прымяненню адміністрацыйнай практыкі ў Людзяневіцкім і Руднянскім сельсаветах.


На нарадзе была адзначана і слабая работа ў населеных пунктах па зносу старых занядбалых будынкаў. За мінулы тыдзень іх зняслі толькі пяць. Выказаны нараканні і па тым, як марудна вядзецца добраўпарадкаванне. Засяроджана ўвага кіраўнікоў Саветаў і на закупе маладняку буйной рагатай жывёлы на прыватных падворках. Гэтую справу старшыня райвыканкама запатрабаваў актывізаваць, асабліва там, дзе не закуплена ніводнага цяляці. Напрыклад, гэта мае месца ў Юркевіцкім і Чырвоненскім Савеце. У той жа час у Дзякавіцкім сельсавеце закуплена з пачатку года 60 цялят.


Надзвычайныя сітуацыі. На тэрыторыі раёна за прайшоўшы тыдзень надарыўся адзін пажар. У пасёлку Чырвонае гарэла гаспадарчая пабудова. Нягледзячы на старанні выратавальнікаў ад агню загінула хатняя жывёла гаспадара. Прычыны ўзгарання ўстанаўліваюцца. З пачатку года, як праінфармаваў прысутных начальнік РАНС Уладзімір Кулеш, у раёне адбылося 32 пажары, на якіх загінула 4 чалавекі. І хаця ў параўнанні з леташнім перыядам гэта і менш, але ж сітуацыя застаецца трывожнай. Гэта засведчылі і праверкі выратавальнікаў прыватных домаўладанняў, падчас якіх выяўлены ў розных населеных пунктах раёна дамы, дзе гаспадарамі груба парушаюцца правілы пажарнай бяспекі. У першую чаргу, яны звязаны з эксплуатацыяй няспраўнай электраправодкі і пячэй. І ў такіх умовах, як правіла, пражываюць па некалькі дзяцей. Некалькі красамоўных прыкладаў чалавечай бяспечнасці былі прыведзены Уладзімірам Куляшом. Менавіта ўзмацненне прафілактыкі, выяўленне недобранадзейных сямей усімі зацікаўленымі службамі павінна стаць заслонам надзвычайным сітуацыям у дамах такіх грамадзян, не дапусціць там бяду.


Правапарадак. За прайшоўшы тыдзень у раённы аддзел унутраных спраў паступіла 148 заяў і зваротаў ад грамадзян. Найбольшая колькасць з іх ад жыхароў райцэнтра. 27 выклікаў супрацоўнікаў міліцыі звязаны з сямейнымі скандаламі. Узбуджана дзевяць крымінальных спраў, сем з іх раскрыты па гарачых слядах. Большасць злачынстваў тычыліся крадзяжоў прыватнай маёмасці. Таксама зарэгістраваны два разбойныя напады. Па словах старшыні райвыканкама, квапяцца на чужое таму, што атрымліваюць па асноўным месцы працы малыя заробкі. Таму кіраўнікам прадпрыемстваў патрэбна праз павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці павышаць і матэрыяльнае заахвочванне сваіх работнікаў, каб паляпшаўся іх дабрабыт. Адной з прычын крадзяжоў названа і недастатковая праца міліцыянераў з грамадзянамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі ці стаяць на розных відах уліку. На дарогах раёна ўчынена чатыры дарожна-транспартныя здарэнні. Супрацоўнікамі ДАІ затрымана 18 вадзіцеляў у нецвярозым стане.


Мабільныя групы. За мінулы тыдзень рабочай групай райвыканкама было праведзена два рэйды. Праверана сем прадпрыемстваў. Выяўлена сем парушэнняў правілаў аховы працы. 47 работнікаў на працоўных месцах правераны на ўтрыманне алкаголю. П’яных на вытворчасці не выяўлена. Дзейнасць рабочай групы павінна быць працягнута, бо ў значнай ступені гэта змяншае рызыку парушэнняў на вытворчасці.


Іншае. На апаратнай нарадзе разгледжаны справы аграрыяў раёна, пытанні эканамічнага развіцця рэгіена, дзейнасці будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, выканання Дэкрэта № 18, арганізацыі і правядзення святочных мерапрыемстваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.