Працаваць на будучы вынік

На апошнім семінары падчас практычный часткі пры падвядзенні вынікаў работы жывёлагадоўлі раёна спецыялісты аграрнага сектара надавалі ўвагу не столькі таму, як спрацавалі за прайшоўшы год, а як будзе працаваць галіна ў будучым. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў і райсельгасхарчу, раённых службаў, а таксама старшыня райвыканкама Мікалай Какора і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр НАЎНЫКА.


Практычная частка семінара распачалася на адной з ферм КСУПа “Бялёў”. Тут удзельнікам нарады прапанавалі азнаёміцца з работай рэканструяванага памяшкання фермы для ўтрымання цёлак. Гэты будынак пуставаў не адзін год. Але наспела неабходнасць увесці яго ў эксплуатацыю. Усё ж грамадскае пагалоўе ў гаспадарцы павялічваецца, і яго патрэбна размяшчаць згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Да таго ж і тэндэнцыя развіцця жывёлагадоўчай галіны, а гэта перавод грамадскай жывёлы на круглагадзічнае стойлавае ўтрыманне, патрабуе ад кіраўніцтва гаспадарак шукаць рэзервы, каб размясціць на цэлы год статак. Як гэта зрабіць, удзельнікі семінара ўбачылі на адной з ферм КСУПа “Бялёў”.


Раней пустуючае памяшканне тут пасля рэканструкцыі прыстасавалі для ўтрымання цёлак. Высілкаў на гэтым аб’екце, каб увесці яго ў эксплуатацыю, прыклалі шмат. Але яны былі варты таго. Цяпер жывёла ўтрымліваецца ў добрых умовах. Найперш стойлы разбіты на дзве зоны: прыёму ежы і адпачынку. Там жа ўстаноўлены станкі для асемянення цялушак, якія дазваляюць выканыць гэты тэхналагічны працэс згодна ўсіх патрабаванняў. Праведзеная рэканструкцыя ў памяшканні ў значнай ступені дае магчымасць значна знізіць долю ручной працы, бо раздача кармоў і гноевыдаленне цяпер ажыццяўляюцца механізавана. Асаблівая ўвага на рэканструяваным памяшканні была нададзена працэсу вадапаення жывёлы. Яно выведзена ў цэнтр фермы, што пры моцных маразах дазволіць бесперабойна забяспечваць вадой жывёлу. На перспектыву такая арганізацыя ўтрымання цялушак дасць магчымасць адмовіцца ад пастухоў летам, бо жывёлу не патрэбна будзе выпасаць.


Канечне, былі адзначаны і пэўныя праблемы. У прыватнасці, гэта тое, што не праведзена абязрожванне цялушак. Пры бяспрывязным утрыманні вялікая верагоднасць таго, што яны могуць траўміраваць адна другую, а гэта адаб’ецца на іх прадуктыўнасці. У цэлым жа, як адзначалася на семінары, увядзенне пустуючых памяшканняў ферм у вытворчасць дазволіць гаспадаркам нарасціць пагалоўе жывёлы, і атрымліваць больш малака і мяса.


Машынны двор камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Марохараўскі” — другі аб’ект, куды завітаталі ўдзельнікі семінара. І тут ішла больш размова пра будучае, а непасрэдна пра арганізацыю рамонту тэхнікі да надыходзячай веснавой пасяўной. Аб’ёмы яе ў раёне значна ўзрастуць, і каб з імі справіцца неабходна грунтоўна падрыхтаваць тэхніку, найперш пасяўныя камбінаваныя агрэгаты. Да іх рамонту і патрэбна прыступаць неадкладна. Да таго ж, як было адзначана на семінары, рамантаваць тэхніку павінны тыя механізатары, што будуць працаваць на ёй. Гэта дазволіць намнога палепшыць якасць рамонтных работ, а таксама будзе садзейнічаць паспяховай працы на палетках вясной. Не засталіся без увагі і справы працаўнікоў вышэйназванай гаспадаркі па навядзенні парадку ў гаражы. Зроблена за апошні год тут многа, але яшчэ патрэбна прыкласці намаганні, каб давесці добраўпарадкаванне да ўзорнага. Зацікавіла ў КСУПе “Марохараўскі” і работа па рэканструкцыі ферм. За гэты год тут здолелі на марохараўскай ферме ўвесці ў эксплуатацыю два памяшканні, дзе ўтрымліваюцца дойныя і сухастойныя каровы. Дарэчы, для размяшчэння апошніх раней не было ў гаспадарцы спецыяльнага месца. Як зазначыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Мікалай П’яўка, работы па рэканструкцыі ферм будуць працягнуты і ў наступным годзе, што дасць магчымасць павялічыць грамадскае пагалоўе на некалькі соцень галоў.


Як ідзе рэканструкцыя ферм, даведаліся ўдзельнікі семінара і ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Тут таксама ў бліжэйшы час будуць уведзены два памяшканні для ўтрымання грамадскай жывёлы. Адно з іх узнавілі са старога сенавалу, ад якога, так бы мовіць, засталіся адны сцены. Справяць у гэтай гаспадарцы наваселле і маленькія цяляты, для якіх таксама рыхтуюць будаўнікі памяшканне. Гэта намнога танней, чым будаваць новую ферму. Сродкамі ж для рэканструкцыі ферм гаспадаркам дапамагло раённае кіраўніцтва. Хаця немалая колькасць укладзена іх у гэтую справу і ўласных. Несумненна, што ўкладзеныя грошы дадуць належную аддачу.


Падвядзенне вынікаў семінара адбылося ў малой зале раённага цэнтра культуры. Спецыялістамі райсельгасхарчу Рыгорам Крондам, Галінай Чорнай, Віктарам Раковічам, Андрэем Ляшкевічам, галоўным ветэрынарным урачом Мікалаем Сяргейчыкам, начальнікам райплемстанцыі Адамам Аліфяровічам была грунтоўна прааналізавана работа грамадскай жывёлагадоўлі і ўсяго аграрнага комплексу за прайшоўшы год. Выступоўцамі акрэслены не толькі станоўчыя моманты ў працы, але названы і тыя недахопы, над якімі вяскоўцам трэба працаваць, каб дабіцца яшчэ больш важкіх вынікаў у сваёй рабоце. Канечне ж, найперш патрэбна знізіць невытворчае выбыццё жывёлы, больш рацыянальна скарыстоўваць наяўныя кармы і зразумела ж павышаць надоі і прывагі, што дазволіць павялічыць рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі і заробкі работнікаў. Менавіта эканамічная састаўная павінна стаць асновай у далейшай рабоце аграрнай галіны.


С. Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.