Расці, Захарка

31 кастрычніка – дата ў пэўнай ступені знамянальная для жыхароў планеты. У гэты дзень нарадзіўся сямімільярдны жыхар Зямлі. Яшчэ не сцёрся ў памяці час, калі краіны, гарады аспрэчвалі права, дзе ж сапраўды нарадзіўся сямімільярдны чалавек. Каб зняць гэтае непаразуменне ААН пайшла іншым шляхам: усім нованароджаным 31 кастрычніка выдалі спецыяльныя сертыфікаты сямімільярднаму жыхару планеты з пажаданнямі яркай і паспяховай будучыні, поўнай здзяйсненняў, радасці і здароўя. Будучыні, ствараць якую будзеш ты.


Днямі гэты памятны і ганаровы дакумент уручаны і Захару Матарасу, маленькаму жыхару з вёскі Любавічы Верасніцкага сельсавета. Праўда, атрымлівалі сертыфікат за сына яго бацькі, якіх для гэтага прадстаўнікі мясцовай улады запрасілі ў будынка сельвыканкама, дзе і зладзілі невялікую ўрачыстасць. У адрас хлапчука і іх бацькоў на ёй прагучала нямала цёплых і шчырых слоў пажаданняў. Іх выказалі намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Уладзімір Гулюта, старшыня Верасніцкага сельсавета Рыгор Русы. Яны жадалі Захарку моцнага здароўя, хутчэй расці, стаць добрым чалавекам. А потым Уладзімір Мікалаевіч уручыў сертыфікат. Пасля гэтага самадзейныя артысты мясцовай установы культуры для Наталлі і Яўгена Матарасаў выканалі некалькі музычных нумароў.


Муж і жонка Матарасы, хаця і чакалі папаўнення ў сям’і, але не спадзяваліся, што яго нараджэнне прыпадзе на такую незвычайную падзею планетарнага маштабу.


— Канечне, гэта вельмі ганарова, — кажа Наталля Матарас. — Сертыфікат пакуль пакладзем у шафу, як сямейную рэліквію, а калі Захарка падрасце, пакажам яму і раскажам усё.


Дарэчы, у сям’і Матарасаў гэта трэцяе дзіця. Старэйшая дзяўчынка ўжо з’яўляецца сапраўднай памочніцай у маці. Ды і сярэдні сын таксама стараецца дапамагаць. Бацька спадзяецца, што і малодшы сын таксама, калі вырасце, стане сапраўдным мужчынам. Менавіта другога, яшчэ аднаго хлопчыка і чакаў Яўген. А вось маці хацела, каб была дзяўчынка. Але гэта толькі адзінае непаразуменне паміж бацькамі. Яўген і Наталля вельмі любяць сваіх дзяцей, стараюцца, каб у хаце быў дабрабыт, каб яны добра вучыліся. Разумеюць, што адказнасць за іх лёсы ляжыць на бацькоўскіх плячах. Варта адзначыць, што з нараджэннем Захара сям’я Матарасаў набывае статус шматдзетнай. Як запэўніў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Уладзімір Мікалаевіч Гулюта, мясцовая ўлада пастараецца як мага хутчэй уладзіць усе фармальнасці па афармленню неабходных дакументаў і ўручыць маці адпаведнае пасведчанне, якое падцвердзіць статус шматдзетнай сям’і.


— Гэта добра, калі ў такіх працавітых сем’ях нараджаецца шмат дзяцей. Па Верасніцкаму Савету з пачатку года нарадзілася 19 дзяцей: пяць з іх першанцы, яшчэ столькі ж сталі трэцімі ў сваіх бацькоў, і адзін – пятым, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Няхай яны растуць здаровымі і шчаслівымі, радуюць сваіх бацькоў, а калі вырастуць, няхай сваімі справамі ўслаўляюць сваю радзіму і прыносяць карысць людзям. Усё ж дзеці — гэта вялікае шчасце для маці і бацькі, хаця апошнім нямала патрэбна папрацаваць па іх выхаванні.


С. БЕЛКА.


На здымку: Наталля і Яўген Матарас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.