УЧЫНКІ, якія не ўпрыгожваюць ні дзяцей, ні бацькоў

Фабулы правапарушэнняў у асяроддзі непаўналетніх у большасці вызначаюцца сваёй аднастайнасцю. Але такія паводзіны з’яўляюцца вынікам найперш разбэшчанасці саміх правапарушальнікаў ды непарадкамі ў іх сем’ях. У чарговы раз давялося пераканацца падчас апошняга пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх, да чаго могуць прывесці дзіцячыя гульні ў даросласць, ды безадказнасць бацькоў за выхаванне сваіх нашчадкаў.


Як аргумент кулак


На пятнаццацігадовую Алесю склалі пратакол за бойку. Прама ў школе яна пабілася з другой дзяўчынкай Крысцінай. За гэта і апынулася на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Са слязамі на вачах дзяўчынка пачала расказваць пра прычыны свайго непрыстойнага ўчынку. Абраза, якую нанесла Алесі равесніца, для дарослага здалася б проста смешнай – не так паглядзела на яе апошняя, а потым нешта сказала, што цяпер непаўналетняй парушальніцы нават на памяць не прыходзіць. Але вырашыла адстойваць свой гонар па-мужчынску, выкарыстоўваючы ў якасці аргументаў кулакі. Равесніца таксама ў даўгу не засталася. Добра, што хутка падаспелі настаўнікі і разнялі дзяўчынак. Адказваць цяпер прыйдзецца абедзвюм.


Праяўленне агрэсіўнасці ў маладзёжным асяроддзі цяпер і не такая рэдкая з’ява. І нават дзяўчаты ўсё часцей вырашаюць спрэчкі з дапамогай кулакоў. Вось яшчэ адзін выпадак, які разглядаўся на камісіі. Навучэнку мясцовага вучылішча супрацоўнікі міліцыі затрымалі на падпітку каля кафэ “Бульбянае”. Падставай для гэтага стала таксама бойка, якую учынілі паміж сабой прадстаўніцы слабой палавіны чалавецтва. Як патлумачыла маці затрыманай, прычынай крывавай разборкі стаў хлопец, якога не падзялілі дзяўчаты.


Так, рана пачалі сталець цяперашнія дзеці. Толькі фізічная даросласць зусім не стасуецца з псіхічным развіццём. Непаўналетнія, вобразна кажучы, тупа капіруюць тую мадэль паводзін дарослых, якую ім даводзіцца бачыць як у паўсядзённым жыцці, так і на экранах тэлевізараў. Не верыцца, што бабуля, а менавіта яна выхоўвае ўнучку, навучае Алесю так адстойваць свае правы. Але пажылы чалавек упусціў нейкі момант у выхаванні ўнучкі, а яму ніхто не падставіў своечасова плячо. Ды і яна да спецыялістаў, відавочна, не звярталася, хаця бачыла, што дзяўчынка зусім нічым не цікавіцца, пакінула свае ранейшыя захапленні, не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы. Ды і навучаецца не вельмі добра. Па словах бабулі, старання не дастае ўнучцы, ды і характар мае няпросты. Недагледзелі і ў школе, што паміж дзяўчынкамі ўжо даволі доўгі час існуюць складаныя адносіны. У сукупнасці гэта і прывяло да правапарушэння. У другім выпадку таксама сваю ролю адыгралі няпростыя адносіны ў сям’і, якія паўплывалі на фарміраванне асобы дзяўчыны. Сказаўся ўплыў бацькі, які раней не аднойчы канфліктаваў з законам і ў пэўнай ступені прывіў такія адносіны сваёй дачцэ.


Або вось яшчэ адзін выпадак. Сямнаццацігадовы жыткаўчанін назаўсёды пакінуў навучанне ў адным з коледжаў Лунінца. Да гэтага правучыўся там два з паловай гады, а за некалькі месяцаў да заканчэння ўстановы катэгарычна адмаўляецца ехаць туды давучвацца. Выхоўвае яго маці адна. І па яе паводзінах было добра відаць, што маці даўно страціла ўплыў на сына. І хлопец адразу ж уявіў сябе дарослым і самастойным. Хаця, як пакінуў вучобу, моцна сеў, так бы мовіць на шыю маці, бо нікуды не працаўладкаваўся, хаця мае спецыяльнасць зваршчыка. Сваю даросласць і самастойнасць ён стараўся дэманстраваць і перад членамі камісіі па справах непаўналетніх. Любыя прапановы аб дапамозе парыраваў агрэсіўна словамі: “ Са сваімі праблемамі я сам спраўлюся”. Толькі наўрад ці яму гэта па сілах, пустая бравада, бо юнак нават пабаяўся патлумачыць прычыну таго, чаму ён пакінуў вучобу.


Робячы той ці іншы ўчынак, падлеткі мала думаюць аб яго наступствах у будучым. Напрыклад, заходзіць сямнаццацігадовы юнак, які затрыманы нецвярозым у грамадскім месцы. Дарэчы за гэтае правапарушэнне яго выклікаюць на камісію другі раз. Выпітая за здароўе сябра чарка гарэлкі перакрэсліла ўсе планы навучэнца Жыткавіцкага ПТВ на атрыманне вадзіцельскага пасведчання і будучай прафесіі. І ён пра такі расклад ведаў, але чамусьці не надаў гэтаму сур’ёзнай увагі. І вінаваціць некага акрамя самога сябе, што паддаўся на спакусу. Вось і ўся “даросласць” хлопца.


Хочацца спадзявацца, што выклік на камісіію па справах непаўналетніх для такіх юнакоў і дзяўчат стаў своечасовым званочкам, што пара спыніцца ў сваіх гульнях у даросласць, а для бацькоў – яшчэ адна нагода перагледзяць стасункі з дзецьмі.


“Не павінна быць так на свеце, каб былі пакінуты дзеці”


Радкі гэтай песенькі з дзіцячага мультфільма вельмі актуальны і ў наш час.


На пасяджэнне камісіі запрашаецца дваццаціпяцігадовая жыхарка аграгарадка Людзяневічы. Жанчына, замкнуўшыся ў сябе, панура сядзіць на прапанаваным ёй табурэце. Яна нават не разумее, куды патрапіла, і што ад яе патрабуюць прысутныя.


— Чаму дачку, якая ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў сацыяльным прытулку, не наведалі ні разу за гэты час?


— Ці часта выпіваеце?


Гэтыя і іншыя пытанні, нібы гарох ад сцяны адскоквалі ад жанчыны.


— Што з дачкой рабіць будзеце? Каб яе вам вярнулі, патрэбна кінуць піць.


Гэтыя словы хоць нейкія эмоцыі выклікалі ў жанчыны, на вачах паявіліся слёзы. Толькі мала верыцца ў іх шчырасць, дачка ёй не патрэбна. Шанц выправіцца маці члены камісіі далі, а вось ці скарыстаецца яна ім залежыць ад яе самой. Такіх маці-зязюль на чарговае пасяджэнне камісіі было выклікана некалькі. Вось яшчэ адна жанчына па прычыне вялікай любові да зялёнага змія чым да свайго неўмаляці можа страціць сваё дзіця. Гэта ж трэба такое ўчыніць: пакінуць дзіця ва ўзросце некалькіх месяцаў на нямоглую, васьмідзесяцігадовую маці сужыцеля, каб невядома дзе п’янстваваць. Прычым такая сітуацыя паўтаралася неаднойчы. Маці, якія вядуць амаральны лад жыцця, вырашаюць свае асабістыя праблемы, зусім забываюць пра выхаванне ўласных дзяцей. Пакідаюць іх без нагляду, а самі ідуць на дыскатэкі або наведваюць сумніўныя кампаніі. Да чаго гэта прыводзіць – дзеці учыняюць правапарушэнні і злачынствы. Напрыклад, сямікласнік з адной са школ райцэнтра ўкраў пластыкавую картку ў сужыцеля маці і патраціў з яе ўсе грошы – шэсцьсот тысяч рублёў. Маці хлопца замест таго, каб разабрацца ў сваіх памылках, усю віну звальвае на педагогаў. Маўляў, яны не дагледзелі, што сын звязаўся з сумніўнай кампаніяй. А вось пра сваю ролю ў выхаванні сына прамаўчала.


Работнікамі адпаведных службаў такім жанчынам даецца шанц на выпраўленне, каб іх дзеці жылі ў біялагічных сем’ях. Толькі і працягвацца гэта не можа бясконца, таму і прымаюцца рашэнні пра пазбаўленне бацькоўскіх правоў на дзяцей, як засцерагальная мера для абароны апошніх ад таго негатыву, які склаўся ў іх сем’ях.


Зберагчы жыццё


Правапарушэнні на дарогах падлеткамі з’яўляюцца яшчэ адной гарачай тэмай нашай рэчаіснасці. І гэта засведчана на камісіі па справах непаўналетніх. На чарговым яе пасяджэнні разгледжана каля дзясятка спраў за падобныя правапарушэнні. Дзяўчаты і хлопцы ў цёмны час сутак забываюцца абазначыць сябе флікерамі. Хаця ўсе ведаюць, што ён можа зберагчы жыццё. Горш таго многія падлеткі садзяцца за руль скутэраў і матацыклаў не маючы на гэта ніякага права. Да таго ж парушаюць самыя элементарныя нормы бяспекі. Расплачвацца за гэта даводзіцца бацькам. І правільна. За ўчынкі сваіх дзяцей павінны адказваць бацькі найперш.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.