Упэўненыя крокі новага старшыні

Многае для нас у тую шэрую снежаньскую раніцу сталася ў вёсцы Кольна новым. Новае памяшканне мясцовага сельскага Савета, да якога вялі новыя агароджы цэнтральнай вуліцы, новы інтэр’ер у самім будынку мясцовага самакіравання і, канешне ж, першая сустрэча з новым старшынёй сельсавета, на пачэснай і адказнай пасадзе якога Вольга Бойка ўсяго з 19 мая 2010 года. Столькі гадоў раней ездзілі ў пасёлак Грабянёўскі, у якім знаходзіўся да гэтага адміністрацыйны будынак Руднянскага сельсавета, і вось прыехалі па новай яго “прапісцы”, якая афіцыйна, юрыдычна замацавана з ліпеня мінулага года. І, зрэшты, ніякага дыскамфорту не адчулі, наадварот хацелася сказаць: даўно пара было зрабіць гэта. Бо ў вёсцы Кольна, дзе пражывае паўтары тысячы чалавек, сапраўды ясна чуваць сучасны гулкі пульс Савета: тут размешчана цэнтральная сядзіба аднаго з буйнейшых на Жыткаўшчыне КСУПа “Коленскае”, здалёк відаць дыхтоўны будынак двухпавярховай “прэзідэнцкай” школы, працуюць цэнтр культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, крамы, комплексна-прыёмны пункт, лазня, іншыя так неабходныя для насельнікаў сяла аб’екты інфраструктуры. А Кольна і ёсць менавіта не вёска, а сяло, бо спакон веку на Беларусі сяло адрознівалася ад вёскі не толькі большай колькасцю пражываючых тут месцічаў, а ў першую чаргу тым, што ў сяле заўсёды была царква…


Мы прыехалі ў сераду, а гэта значыць, што ў старшыні сельвыканкама, пачынаючы з 8 гадзін раніцы, увесь дзень – прыёмны.


— Вы ведаеце, на ранейшым месцы Савета, у пасёлу Грэбянёўскі, прыём у асноўным заканчваўся да абеда, — гаворыць Вольга Міхайлаўна, — а тут можа зацягнуцца і да позніх вечаровых прыцемкаў. І гэта не дзіўна, бо асноўная частка людзей працуе ў КСУПе, то тыя ж жывёлаводы па вядомых прычынах могуць і прыпазніцца са сваімі нявырашальнымі пытаннямі.


У памяшканні сельсавета нам давялося пабыць па сваіх службовых справах дзесьці паўтары гадзіны. І, канешне ж, паслухаць тыя пытанні, што прывялі сюды людзей. Бо такія дзелавыя сустрэчы, згадзіцеся, гэта своеасаблівы маніторынг работы з насельніцтвам мясцовага сельвыканкама. І ў выніку аказалася, што як людзей (у асноўным пенсіённага ўзросту), так і саміх пытанняў было надзіва мала. Адказ просты і лагічны: развязваць жыццёвыя вузлы, вырашаць наспелыя пытанні людзей тут стараюцца не ад серады да серады, а штодзённа, не адкладваючы на потым.


Дык з чаго пачынала работу новы старшыня? Вядома, накірункаў дзейнасці сельсавета шмат. Ну, возьмем хаця б такі заўсёды актуальны вектар як добраўпарадкаванне, навядзенне парадку на зямлі, дзе ты жывеш.


— Вы ўяўляеце, у якім амаль ліхаманкавым стане была я, пабачыўшы коз, што пасвіліся побач з месцам захавання людзей, святым, можна сказаць, месцы, — распавядае Вольга Бойка. – Абышла падворкі ўсіх ўладальнікаў гэтай свойскай жывёлы і папярэдзіла іх гаспадароў і гаспадынь: калі не навядзеце парадак, і я застану вашых коз у такіх вось месцах, то пазначу іх рогі фарбаю і тады штрафных санкцый вам не мінаваць. Некаторыя сустрэлі гэта ў штыкі, маўляў, а дзе ж нам іх пасвіць? Тады я па населеных пунктах раздала звыш 700 вось такіх памятак-прадпісанняў. Для выканання людзьмі неабходных мерапрыемстваў.


У памятцы шэсць пунктаў, сярод якіх значыцца ўборка, абкашванне, ліквідацыя пустазелля і кустарнікаў на прыдамавой тэрыторыі, рамонт і афарбоўка агароджы, утрыманне сабак на прывязі са штогадовай прышчэпай як іх, так і катоў ад шаленства, выпас коз, кароў, гусей і іншай птушкі ва ўстаноўленым месцы альбо на прывязі. Забараняецца выпальванне сухой расліннасці і траў на карані, распальванне вогнішчаў побач з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Бацькі, што маюць на выхаванні непаўналетніх дзяцей, папярэджваліся аб недапушчальнасці пакідаць іх без нагляду. І тут жа – меры пакарання за парушэнні.


— Хацелася далучыць да агульнай справы навядзення парадку на зямлі кожную сядзібу, кожнага жыхара, таму меры пакарання ні ў якім разе не ставіліся на першы план, — працягвае Вольга Міхайлаўна. – Гутарылі з людзьмі, што называецца, па душах, кожнаму вяскоўцу тлумачылі яго правы і абавязкі, падаўжалі тэрміны выканання тых ці іншых работ з разуменнем, што, магчыма, не хапіла чалавеку ці то часу, ці то пэўнай сумы грошай. І толькі пасля гэтага ў ход ішлі штрафныя санкцыі. Менавіта да тых, хто па-ранейшаму прытрымліваўся ўтрыманскіх пазіцый: вось прыйдзе добры, багаты дзядзька ў вобразе дзяржавы і зробіць для мяне ўсё бясплатна…


На добраўпарадкаванне ў сельсавеце было выдзелена 5 мільёнаў рублёў. Да таго ж 70 мільёнаў фінансаваў раённы бюджэт, 50 мільёнаў – абласны (у тым ліку 15 мільёнаў на знос пустуючых дамоў). Па вялікаму рахунку наводзіць парадак у Кольна пачалі з цэнтральнай вуліцы Савецкай ды суседняй Садовай, на якой і размясціўся новы адмінстрацыйны будынак сельсавета. Два дні тут добра-такі пашчыравалі работнікі Палянскага лясніцтва, якія выразалі хмызняк. Агульнымі сіламі ліквідавалі несанкцыянаваныя звалкі. Дзякуючы працаўнікам агратэхсервіса было знесена пяць пустуючых дамоў. На вуліцах трэба было ставіць новыя агароджы, нанялі чалавека, які пачаў збіваць для гэтага так званыя шчыты. Людзям патлумачылі, што для ўстаноўкі агароджаў будзе толькі пяцідзесяціпрацэнтны кошт. Гэта на першым часе сустрэла глухое, маўклівае супраціўленне. Трэба было пераламаць псіхалогію, свядомасць людзей, трэба быў нейкі першы штуршок, магчыма, уласны прыклад сельвыканкама, каб, як кажа Вольга Бойка, “разгайдаць” незгаворлівых жыхароў Кольна. І ён, гэты прыклад-сігнал знайшоўся, паступіў своечасова. Ад бухгалтара сельсавета Наталлі Сільвестраўны Галавач, што жыве непадалёку. Менавіта ўздоўж яе сядзібы і вырасла новая агароджа. Добры прыклад маці падтрымаў і яе сын. Лёд, што называецца, крануўся. А калі людзям у размове патлумачылі, што выйграе той, хто паспяшаецца ў гэтай справе, бо будаўнічыя матэрыялы заўтра таннейшымі не стануць, то моцна задумаўся кожны…


Сельвыканкам працуе ў цесным партнёрстве з мясцовым КСУПам “Коленскае”, дырэктар якога Валянцін Карпаў заўсёды дапаможа людзьмі і тэхнікай, знаходзіць поўнае ўзаемапаразуменне з мясцовай уладай. Зрэшты, інакш і быць не павінна, бо кіраўнік сельгаспрадпрыемства родам з тутэйшых мясцін, таму ён зацікаўлены не толькі ў важкай аддачы раслінаводства і жывёлагадоўлі, але і ў тым, каб штогод прыгажэйшымі і чысцейшымі былі вёскі, радавалі вока дарогі, агароджы ды кветкі на клумбах. Заўсёды надзейнымі памочнікамі сельсавета застаюцца рыбгас “Чырвоная Зорка”, яго кіраўнік Сяргей Піліпенка, Кольненская сярэдняя агульнаадукацыйная школа, а таксама шэфы – агратэхсервіс, “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”, ПТВ-182. Дзейсную дапамогу аказвае і Жыткавіцкае ПМС, яго кіраўнік Віктар Палуянаў. А вось нядаўна сваё плячо Савету падставіў Жыткавіцкі лясгас, яго дырэктар Міхаіл Ляўковіч, які выдзеліў двух вальшчыкаў з бензапіламі для работ на могілках вёскі Палянка. Тут сумесна з работнікамі суседняга Марохараўскага сельсавета быў наведзены належны парадак.


У пятнаццаці вёсках Руднянскага сельсавета, шэсць з якіх маланаселеныя, па стану на 1 студзеня 2011 года пражывала 2064 чалавекі. Надаць новы, сучасны воблік Савету, што ўпаўне зразумела і лагічна, вырашана было з цэнтральнай і найбольш населенай вёскі Кольна. У багатых планах і задумках новага энергічнага старшыні сельсавета Вольгі Бойкі, акрамя іншага, і разбіўка тут будучай вясной шыкоўнай клумбы, якая павінна стаць своеасаблівай візітоўкай Савета. Як прызнаецца Вольга Міхайлаўна, у плане добраўпарадкавання рукі пакуль што не дайшлі да такіх маланаселеных пунктаў як Келі, Яміца і іншыя. Толькі ўсяму свой час, якога, дарэчы, новаму кіраўніку так не хапае, бо дзень у суцэльных клопатах пралятае, як адно імгненне.


З 72 пустуючых дамоў знесена пакуль што 11. Гэта адно сярод вострых надзённых пытанняў Савета. Побач стаіць і пытанне вывазкі смецця ў населеных пунктах. А калі браць па вялікаму рахунку, то ў вясковым побыце няма пытанняў другарадных.


— Вольга Міхайлаўна, а хто дапамагаў і дапамагае вам у вашай новай рабоце, на гэтым нялёгкім шляху? Бо, як кажуць, адзін у полі не воін.


— Я вельмі ўдзячна ўпраўляючай справамі сельсавета Валянціне Мікалаеўне Краменскай, за плячыма якой вялікі вопыт работы, былому старшыні сельвыканкама Віктару Васільевічу Пяшэвічу, былой работніцы райвыканкама Галіне Адамаўне Таболіч, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а таксама ўраджэнцу вёскі Кольна дырэктару райаграхімсервіса Віктару Адамавічу Атліванаву за іх слушныя парады і цёплыя словы падтрымкі. У сваёй рабоце абапіраюся на дэпутацкі актыў, на такіх давераных асоб, што маюцца ў кожным нашым населеным пункце, як Любоў Іванаўна Варановіч, Таццяна Мікалаеўна Галавач, Васіль Іванавіч Ярмоліч і другія.


Так, з прыходам новага кіраўніка аблічча Руднянскага сельсавета прыкметна мяняецца да лепшага. Вольга Мікалаеўна Бойка, хаця і працуе на гэтай пасадзе ўсяго другі год, ставіць перад сабой высокія мэты, таму і самакрытычна шкадуе, што на самой справе няма пакуль што той карціны сельсавета, якую яна з прыходам сюды малявала ў сваім уяўленні. Але, думаецца, патрабаваць ад яе гэтага пакуль што зарана. Застаецца толькі пажадаць, каб з цягам часу з-пад пэндзля мастака выйшла менавіта тая карціна, якая была б даспадобы як аўтару, так і ўсім насельнікам сельсавета.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.