Добры настрой на новыя справы

Натхнёныя вынікамі працы за мінулы год жывёлаводы КСУПа “Бялёў” і ў гэтыя студзеньскія дні ўпэўнена нарошчваюць вытворчасць малака і мяса.


Зараз дзённы надой на фермах гаспадаркі складае па чатырнаццаць кілаграмаў малака ад адной каровы. Прыбаўка да леташняга перыяду складае больш кілаграма. Таму галоўны заатэхнік гаспадаркі Антаніна Новікава і не хавае свайго задавальнення тым, як складваюцца справы ва ўзначальваемай ёю галіне.


— За мінулы год надой ад каровы па гаспадарцы склаў 5448 кілаграмаў, хаця разлічвалі выйсці не болей як 5300 кілаграмаў, — расказвае спецыяліст. — Да папярэдняга яму года прыбаўка па малаку склала 450 кілаграмаў у разліку на адну карову. Пастараліся нашы аператары машыннага даення. У ліку іх такія майстры сваёй справы як Ірына Рубіс, Жанна Матох, Галіна Рагалевіч і іншыя.


Сакрэтаў паспяховай дзейнасці малочнай галіны ў апошнія гады сельгаспрадпрыемства “Бялёў” шмат. Найперш Антаніна Новікава называе тое, што ўдалося належным чынам арганізаваць усе тэхналагічныя працэсы на вытворчасці. Умацавалася і ўдасканалілася матэрыяльная база малочнатаварных ферм. Цяпер тут не пабачыш людзей, якія раздаюць кармы віламі. Усё робіць тэхніка. Для гэтых мэт набыты кормазмяшальнікі, з дапамогай якіх гатуюцца і раздаюцца жывёле паўнацэнныя кормасумесі з сенажу, сіласу, канцэнтратаў. Дарэчы, запас кармоў таксама маецца дастатковы. Раней аб такім толькі марылі, разлічвалі: хоць бы да новай пашы дацягнуць. Сёлета ж ужо думаюць аб пераводзе дойнага статка на круглагадовае стойлавае ўтрыманне з аднатыпным кармленнем.


Змяніліся і ўмовы працы аператараў машыннага даення. У былыя гады ў даяркі было шмат абавязкаў: і стойлы пачысціць, і кармушкі, і кармы раздаць, і кароў на выгул адвязаць, і цялятак пасля ацёлу пакарміць, і многія другія абавязкі. Цяпер справа іншая: галоўная задача аператара машыннага даення — надаіць больш малака, прычым самай высокай якасці. Астатнія абавязкі ўскладзены на іншых работнікаў.


— Лічу, што такі падыход пра-вільны, бо малако для гаспадаркі з’яўляецца асноўнай крыніцай атрымання грашовай выручкі. У агульным яе аб’ёме ад рэалізацыі малака перапрацоўшчыкам сельгаспрадпрыемства атрымлівае 62 працэнты, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Лідзія Каралец. — Рэнтабельнасць малака за мінулы год склала па гаспадарцы 40 працэнтаў. Паказчык гаворыць сам за сябе. Ды і ў гэтыя зімовыя дні ад продажу малака маем больш дваццаці мільёнаў штодзённага даходу. Цяпер асноўны клопат у нас, працаваць так, каб яшчэ больш малака прадаваць самым высокім гатункам “экстра”. За мінулы год такім рэалізавана толькі 38 працэнтаў ад усяго аб’ёму. Так што ёсць куды імкнуцца.


Таму і стаўленне да развіцця малочнай галіны ў сельгаспрадпрыемстве адпаведнае. Пастаянна абнаўляюцца і рэканструюцца памяшканні ферм, набываецца новае тэхналагічнае абсталяванне. Гэта дазваляе нарошчваць пагалоўе, вырошчваць згодна ўсіх патрабаванняў дойных кароў, пачынаючы ад цялушкі і да ўводу ў асноўны статак.


Прыемна заходзіць цяпер у памяшканні ферм сельгаспрадпрыемства. Тут чысціня і парадак. Гэта таксама адна з састаўных паспяховай работы. Плануюць жа мясцовыя жывёлаводы за гэты год спрацаваць так, каб яшчэ больш пацяжэлі надоі на грамадскіх фермах.


Варта адзначыць, што летась спрацавалі ў КСУПе “Бялёў” нядрэнна і па прывагах на вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачная іх велічыня па году склала больш 727 грамаў. Гэта дазволіла спрацаваць без стратаў і на вытворчасці мяса. Канечне ж, у лепшых аператараў на адкорме маладняку значна цяжэйшыя паказчыкі. Напрыклад, Антаніна Агіевіч дабілася сярэднясутачных прываг на сваіх гадаванцах 878 грамаў, Галіна Чарнагалова – 828, Наталля Савіч – 803 грамы. Безумоўна, што такія паказчыкі надаюць добрага настрою, а з такім і новых дасягненняў лягчэй дабівацца.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.