Калі колькасць пераходзіць у якасць

Як толькі наведаліся на малочнатаварны комплекс “Пасека” КСУП “Коленскае”, яго загадчык Яўгенія Туравец адразу прапанавала папіць гарачай гарбаты з новага чайніка.


— Гэта нам такі падарунак кіраўнік гаспадаркі Валянцін Мікалаевіч Карпаў зрабіў за стараннасць, — паведаміла Яўгенія Мікалаеўна.


І пакуль ў чайніку весела закіпала вада, загадчык вытворчага падраздзялення сельгаспрадпрыемства падрабязна расказвала пра цяперашнія працоўныя здабыткі жывёлаводаў малочнатаварнага комплексу.


Мінулы год сапраўды склаўся для работнікаў МТК “Пасека” ў вытворчым плане даволі ўдала. Ад кожнай каровы тут надаілі па 5564 кілаграмы малака, што ў параўнанні з папярэднім на 433 літры больш.


— Прыбаўка гэтая стала заканамернай, — гаворыць Яўгенія Мікалаеўна. — Стараннасць праявілі аператары машыннага даення, даглядчыкі, значна палепшылася кармавая база ды і кіраўніцтвам гаспадаркі прыкладзена нямала намаганняў па паляпшэнні ўмоў працы на комплексе. Ды з такімі прафесіяналамі, як нашы аператары машыннага даення, нават сорамна мець дрэнныя вынікі на вытворчасці.


Далей загадчык комплексу з гонарам назвала работнікаў, якія дабіліся найбольш важкіх надояў за прайшоўшы год. Гэта Іван Андык і Валянціна Хугаева, якія надаілі ад кожнай рагулі сваіх груп па 6284 кілаграмы малака. Другі вынік па надою – 5636 кілаграмаў па групе, якую абслугоўвае Таміла Беражная. Больш чым па пяць тысяч надаілі ад замацаваных за імі каровак і такія даяркі як Ала Пяшэвіч, Таццяна Шакалян, Марына Залеская, Ірына Лыкава. Выдатна працуюць і старэйшыя аператары машыннага даення Іна Жук і Вера Юнчыц.


— На стараннасці такіх працаўніц і трымаюцца нашы вытворчыя здабыткі. І ў гэтыя зімовыя дні даяркі таксама імкнуцца выконваць свае абавязкі так, каб вытворчыя паказчыкі былі вышэй мінулагодніх, — кажа Яўгенія Туравец.


У тым было пераканацца няцяжка. Штодня з самай раніцы да позняга вечара малочнатаварны комплекс нагадвае растрывожаны вулей. Усюды тут кіпіць праца. Напрыклад, загадчыка комплексу мы засталі каля клетак-домікаў, дзе яна разам з цялятніцамі рабіла пераўзважванне цялят. Валянціна Пяшэвіч і Наталля Шляга спрытна выцягвалі сваіх гадаванцаў і пераводзілі ў спецыяльны прычэп, каб везці цялят на вагавую.


— Нашы працаўніцы маладыя, але гэта не перашкаджае ім дабівацца высокіх прываг. За мінулы год штодня іх гадаванцы прыбаўлялі ў вазе амаль па васямсот грамаў. Хаця немалая нагрузка на кожную цялятніцу прыходзіцца. Напрыклад, зараз яны даглядаюць больш сотні маленькіх цялятак. І кожнае патрэбна па тры разы на дзень напаіць малаком, насыпаць у кармушкі неабходны корм, падаслаць і многія іншыя справы парабіць, — адзначае стараннасць сваіх падначаленых іх непасрэдны кіраўнік.


У аператараў машыннага даення на той час былі свае клопаты. Яны толькі што прывязалі кароў, якіх прыгналі з прагулкі. Выгул жывёлы ў зімовы час ажыццяўляецца кожны дзень па дзве гадзіны. Гэта станоўча адбіваецца на фізіялагічным стане каровак. Уведзена на комплексе і трохразовае даенне. Найперш дояць у абед тых кароў, якія толькі што расцяліліся і да ста дзён пасля ацёлу.


Дарэчы, і рацыён у іх намнога спажыўнейшы, дадаткова да асноўнай порцыі корму такім каровам выдзяляецца яшчэ па сто грамаў камбікармоў на кожны літр малака. Хаця і іншая жывёла не галадае, статак атрымлівае паўнацэнныя кармавыя сумесі з сіласу, сенажу і канцэнтратаў. Дабаўляюцца ў рацыён і шроты. Таму і маюць мясцовыя жывёлаводы прыбаўку па надаю, які на цяперашні час складае амаль трынаццаць кілаграмаў малака ад каровы.


— Прыбаўка ёсць, але пакуль яна не такая значная, як гэтага хацелася б, — гаворыць Яўгенія Мікалаеўна. — Вось у лютым, калі пойдуць масавыя расцёлы, малака даіць будзем намнога больш. На гэта спадзяецца і перадавая даярка комплексу Таміла Беражная.


15 гадоў працоўнага стажу мае жанчына ў жывёлагадоўлі, таму добра адчувае тыя станоўчыя змены, што адбываюцца ў яе вытворчым падраздзяленні.


— Цяпер намнога лягчэй стала працаваць даяркам. Зараз на нас ляжыць толькі адзін клопат – правільна падаіць каровак. Для гэтага таксама майстэрства патрэбна. — гаворыць Таміла Дзмітрыеўна. — А што тычыцца нашых вытворчых паказчыкаў, калі будзе жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі развівацца і далей, то адпаведна і надоі будуць высокімі. Увогуле гэта справа не толькі рук аператараў машыннага даення, але і ўсяго калектыва: тэхнікаў-асемянатараў, заатэхнікаў, дагляд-чыкаў і іншых спецыялістаў. Наш жа калектыў даволі дзеяздольны.


Ганарацца працаўнікі малочнатаварнага комплексу “Пасека” яшчэ і тым, што амаль уся іх малочная прадукцыя прадаецца перапрацоўшчыкам самай высокай якасцю. Паляпшэнне гэтага паказчыка для жывёлаводаў з’яўляецца такім жа важным, як і павелічэнне колькасці надою. Менавіта гэта і ляжыць у аснове іх заробку. Чым больш і лепшай якасці прадукцыю яны атрымліваюць, тым вышэй заработная плата. Таму і стараюцца, каб хутчэй выйсці на шасцітонны надой. Упэўнены ўсе: такая задача калектыву па сілах.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.