Кожнай справе — належны падыход

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе, якую ў панядзелак правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Добраўпарадкаванне. Хаця снег і прыкрыў зямлю, так бы мовіць, прыхаваў некаторыя хібы добраўпарадкавання нашых вуліц, але не настолькі, каб яны былі незаўважанымі. На гэты раз фотаздымкі з фактамі недапрацовак у гэтай сферы дзейнасці прадэманстраваў аддзел архітэктуры. У фотааб’ектыў трапілі дрэнны стан дарожнага пакрыцця гарадскіх вуліц, самавольныя забудовы, занядбалыя будынкі, смецце на вуліцах Гагарына, Мічурына, Камуністычная, Сонечная Падлесная, мясціны ля былога будынка вучылішча і іншых. Несумненна, што патрабаванне да адпаведных службаў было адно: наводзіць парадак на гэтых мясцінах. Паставіў старшыня райвыканкама і задачу па ўхіленні недахопаў на пешаходных пераходах, бо як толькі дождж або растае снег, гэтыя месцы заўсёды заліваюцца вадой.


Мабільныя групы. Чарговы рэйд рабочай групы райвыканкама на мінулым тыдні праходзіў не толькі на прадпрыемствах горада, але і раёна. Былі, напрыклад, наведаны машынныя двары сельгаспрадпрыемстваў “Марохараўскі” і “Бялёў”. На жаль, без парушэнняў правілаў аховы працы не абышлося. Многа машын і агрэгатаў у гэтых гаспадарках пастаўлены не на спецыяльныя металічныя падстаўкі, а на простыя калодкі. Уразілі і выбітая цэгла перад топкай катла ў кацельні АТУП-16. І гэта нягледзячы на тое, што кацёл знаходзіўся ў рабочым стане, і полымя ў ім так і шугала. Ды і з добраўпарадкаваннем не ўсё добра на гэтым аўтатранспартным прадпрыемстве. Работнікаў ААТ “Жыткавічлес” падвяла электратэхнічная частка, не замацаваныя, пашкоджаныя, скручаныя правады. А вось у Дуброўскім СДК неадкладнага рамонту патрабуе столя, якая ўжо пачала абвальвацца. Таму мабільнай групе райвыканкама неабходна яшчэ больш узмацніць кантроль і кожны наступны рэйд распачынаць з праверак па тых адрасах, дзе выяўляліся недахопы, і як яны выпраўлены. Праведзена і праверка на цвярозасць на рабочых месцах. З амаль паўсотні правераных працаўнікоў п’яных не выяўлена.


Адміністрацыйная практыка. За мінулы тыдзень усімі службамі райвыканкама і сельсаветамі складзена 18 пратаколаў і выдадзена 254 прадпісанні. Прыцягнута да адказнасці сем чалавек, якія выплацілі за сваю безгаспадарчасць больш шасціста тысяч рублёў. На нарадзе адзначана недастатковая работа шэрагу сельвыканкамаў і раённых службаў па прымяненні адміністрацыйнай практыкі пры правядзенні добраўпарадкавання. Гэта, як адзначалася Мікалаем Какорам, важная задача для ўсіх, бо там, дзе маецца належны парадак, створаны добрыя бытавыя ўмовы на вытворчасці і чалавеку пачувае сябе намнога лепей, а значыць і працуе ён больш вынікова.


Надзвычайныя сітуацыі. Пажараў і іншых надзвычайных сітуацый на тэрыторыі раёна на мінулым тыдні не было зарэгістравана. Невялікае ўзгаранне гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Лутоўе было хутка ліквідавана, таму па прычыне яго нязначнасці ў разрад пажараў яно не перарасло. Праведзены супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях адзіны Дзень папярэджвання надзвычайных сітуацый. Працавала чатыры гарадскія назіральныя камісіі. Імі абследавана 26 домаўладанняў, дзе выяўлена 37 парушэнняў, якія нясуць небяспеку жыццядзейнасці людзей. Адзін гаспадар домаўладання прыцягнуты да адказнасці. Адзначаны на нарадзе і тыя недапрацоўкі, якія маюць месца ў дзейнасці назіральных камісій. У першую чаргу звярталася ўвага на тое, што імі не кантралюецца, як выпраўляюцца імі ж выяўленыя парушэнні. Таму па некаторых катэгорыях грамадзян працэнт выпраўлення парушэнняў застаецца вельмі нізкім. А гэта небяспека для жыцця людзей. Таму праца назіральных камісій будзе ў бліжэйшы час актывізавана.


Правапарадак. 90 заяў і зваротаў ад грамадзян паступіла за мінулы тыдзень у раённы аддзел унутраных спраў. Палова з гэтай колькасці ад жыхароў райцэнтра. Міліцыянерам прыходзілася дзесяць разоў утаймоўваць сямейных дэбашыраў. 11 пратаколаў было складзена за ўчыненне дробных хуліганстваў, 14 – за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, 3 – за парушэнне правілаў добраўпарадкавання.


Узбуджана пяць крымінальных спраў, тры з якіх раскрыты па гарачых слядах. Выяўлена міліцыянерамі і канфіскавана 470 літраў бражкі і самагону. Прааналізавана праца і добраахвотных народных дружын. На жаль, не ўсе арганізацыі праяўляюць належнае старанне да гэтай дзейнасці. Нараканні былі выказаны ў адрас такіх арганізацый, як ПМК-66, РУЭС, ЖМЗ.


На дарогах раёна ўчынена чатыры дарожна-транспартныя здарэнні. Чатыры вадзіцелі затрыманы ў нецвярозым стане за кіраваннем транспартным сродкам, 31 – за перавышэнне хуткаснага рэжыму. Прыцягнуты за парушэнне правілаў вулічнага руху і восем пешаходаў.


Дэкрэт №18. За мінулы тыдзень так званыя абавязаныя асобы ўчынілі пяць прагулаў. Асаблівая ўвага на нарадзе была нададзена арганізацыі дзейнасці па працаўладкаванні грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама тых людзей у працаздольным узросце, якія проста не жадаюць працаваць. Лік такіх у раёне немалы — амаль пяцьсот чалавек. Менавіта заняцца іх працаўладкаваннем — гэта задача і для сацыяльнай службы і органаў правапарадку. На жаль, пакуль у гэтай дзейнасці маюцца значныя недапрацоўкі. А гэтыя людзі, не маючы працы, вядуць антыграмадскі лад жыцця, даволі часта ўчыняюць злачынствы. Таму кампетэнтныя службы павінны сур’ёзна заняцца вырашэннем гэтай праблемы.


Сельская гаспадарка. Вытворчасць малака для аграрыяў раёна на цяперашні час з’яўляецца адной з галоўных задач. На цяперашні час сярэднясутачны надой на фермах раёна складае 10,3 кілаграмы, што на 1,4 кілаграма больш мінулагодняга аналагічнага перыяду. Перапрацоўшчыкам гаспадаркамі раёна прадаецца штодзённа 74 тоны малака, прычым больш за шэсцьдзесят працэнтаў гатункам “экстра”. На планёрцы была звернута ўвага прадстаўнікоў аграрнай галіны раёна на работу малочнатаварнага комплексу КСУПа “Чырвоны Бор”. На жаль, пакуль надоі, якіх дабіваюцца мясцовыя працаўнікі, не могуць задавальняць.


Адна з праблем, над якой павінны працаваць спецыялісты аграрнай галіны, зніжэнне невытворчага выбыцця жывёлы на грамадскіх фермах. Кіраўнікі гаспадарак і сельвыканкамаў павінны актыўней наладзіць закуп маладняку ў прыватным сектары. У сельгаспрадпрыемствах павінны надаваць увагу вырашэнню і іншых надзённых пытанняў вытворчага характару.


Жыллёва-камунальная гаспадарка. Як паведаміў кіраўнік КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Алег Савосценка, узначальваемая ім служба працавала стабільна. Тыя ж невялікія непаладкі, што мелі месца ў аграгарадках Азяраны, Дуброва і горадзе Тураве (надараліся збоі з водазабеспячэннем), аператаўна ўхіляліся. На цяперашні час надзённай задачай для камунальшчыкаў з’яўляецца ачыстка вуліц ад снегу. У гэтым Алег Іванавіч папрасіў дапамогі ў арганізацый, бо тэхнічных рэсурсаў у прадпрыемства недастаткова, каб справіцца хутка з ачысткай вуліц на тэрыторыі ўсяго раёна.


Іншае. На апаратнай нарадзе таксама разгледжаны пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, будаўніцтва і другія.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.