Напеў зямлі роднай

Які цуд, якая прыгажосць – гэтая матчына песня. Калі пальюцца яе чароўныя гукі, бачыш і адчуваеш адразу ўвесь каларыт народнага жыцця: цяжкую працу жнейкі ці аратага ў полі, нялёгкую долю хлопца-рэкрута, ці дзяўчыны-сіраты, або вясёлыя застоллі падчас абрадавых і сямейных святаў і многае іншае. Менавіта так беларускую народную песню складала жыццё, бо настолькі разнастайныя яны па тэматыцы. Само жыццё навучала і іх выконваць, бо кожнаму яго перыяду былі характэрны свае матывы і мелодыі. Бо песня суправаджала чалавека на ўсім яго працягу, ад самага нараджэння да смерці. Шмат людзей, здольных хораша спяваць і танцаваць жыло і жыве на нашай беларускай зямлі. І жыткавіцкі край не стаў тут выключэннем. Гэта пацвердзілася і на прайшоўшым нядаўна раённым аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва “Покліч матчынай песні”. Гэты святочны фэст сабраў, так бы мовіць, сапраўдныя дыяменты выканальніцкага майстэрства народных песень нашага раёна. Не так і часта на раённых мерапрыемствах можна бачыць такі моцны склад удзельнікаў.


Славу роднаму краю, славу таленавітасці жыхароў раёна, падзяку тым людзям, якія свята зберагаюць напрацягу многіх вякоў матчыну песню, народныя традыцыі, узнёслым вершаваным радком выказала вядучая конкурснай праграмы. Яна ж прадставіла і членаў журы, у склад якога ўвайшлі вопытныя і спрактыкаваныя ў песеннай справе спецыялісты. Гэта Сяргей Агіевіч, начальнік аддзела культуры райвыканкама, Людміла Мельнікава, вядучы спецыяліст па народных традыцыях і абрадах абласнога цэнтра народнай творчасці, Ірына Глушэц, метадыст па этнаграфіі і фальклору гэтай жа ўстановы, Таццяна Яўлаш, дырэктар гарадскога цэнтра культуры Таццяна Варапаева, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў імя У. Будніка і Раіса Комар, кіраўнік народнага хору работнікаў культуры. Менавіта гэтым людзям і давялося некалькі гадзін запар ацэньваць выканальніцкае майстэрства фальклорных ансамбляў, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве. А прыехала іх нямала. Менавіта дзякуючы руплівасці гэтых і іншых калектываў мастацкай самадзейнасці Жыткаўшчыны і цячэ, бруіцца жыватворная крыніца народнай песеннай творчасці. І хочацца дадаць, што яшчэ доўга яна не перасохне, калі на сцэну будуць падымацца такія апантаныя і ўлюбёныя ў сваю спадчыну жанчыны і мужчыны. Годная і неабходная цяпер гэтая справа зберагаць і шанаваць народныя традыцыі.


Распачалося ж спеўнае саперніцтва выступленнем народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля Пухаўчанка” Пухавіцкага сельскага Дома культуры. Гарачымі апладысментамі быў сустрэты гэты слаўны калектыў. А прадстаўленая імі праграма вылілася ў цэлы невялічкі канцэрт. Спявалі артысты з гэтага населенага пункта і хорам, і групамі, і па адным. Уразіла не толькі выканальніцкая разнастайнасць, але і тэматычная. Песні былі на любы густ: і сумныя, і вясёлыя, звязаныя з каляндарнымі і сямейна-бытавымі абрадамі.


Эталонам выканальніцкага майстэрства народных песень з’яўляецца народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Крыніца” Новамілевіцкага клуба-бібліятэкі. Цяпер нават не згадаеш, хто напісаў словы песень іх рэпертуару, хто склаў музыку для іх, але яны гучаць на поўную моц у сэрцах самадзейных артыстаў калектыва, ад паўнаты тых пачуццяў, калі хочацца падзяліцца з усімі радасцю жыцця. І са сцэны на конкурсе ўдзельнікі ансамбля “Крыніца” зрабілі гэта проста цудоўна, прывёўшы ў захапленне і членаў журы, і гледачоў.


Пра яшчэ адзін народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Міжрэчча” Пагосцкага сельскага клуба можна сказаць толькі адно – гонар нашага раёна. Гэтыя словы таксама гожа дапасуюцца і да народнага фальклорнага ансамбля “Стрэчанне” Грабаўскага сельскага дома народных традыцый. Гэтыя калектывы вызначаюцца сваёй своеасаблівай выканальніцкай манерай, якую немагчыма зблытаць ні з чым. Самадзейныя артысты вышэйзгаданых ансамбляў даказалі гэта і на раённым конкурсе. Багаты песенны рэпертуар прадставілі на суд гледачам і артысты народных фальклорных калектываў “Запясочанка” Запясоцкага сельскага клуба, “Веціца” Старажавецкага сельскага клуба. У гэтай знакамітай песеннай кампаніі не разгубіліся і самадзейныя артысты мастацкага калектыву “Хільчанка” Хільчыцкага сельскага клуба. Дарэчы, забягаючы наперад адзначым, што ўсе вышэйадзначаныя ансамблі, акрамя апошняга, не толькі сапернічалі паміж сабой у песенным майстэрстве, але і пацвярджалі сваё права насіць ганаровае званне “народны”. І справіліся з такой няпростай задачай паспяхова. А вось спявачкам з Хільчыц яго яшчэ патрэбна заслужыць. І вельмі прыемна, што па выніках свайго выступлення, па меркаванню членаў журы, яны здольны здаць неабходны творчы экзамен на выдатна.


Сваім талентам парадавалі на конкурсе і спевакі народнага фальклорнага ансамбля “Дубравіца” Рычоўскага Цэнтра традыцыйнай культуры. Скажам, што членамі журы гэтаму калектыву і прысуджана першае месца конкурсу. А яшчэ, сямейна-абрадавыя песні з рэпертуару “Дубравіцы”, якія калектыў выканаў на конкурсе, журы былі вылучаны на прысваенне гэтым творам статуса гісторыка-культурнай спадчыны нацыянальнай песеннай творчасці. Што тычыцца вартасці дыпломаў другой і трэцяй ступені, то яны ўручаны самадзейным артыстам народных ансамбляў “Міжрэчча” з Пагоста і “Запясочанка” з Запясочча. Сярод выканаўцаў-салістаў месцы размеркаваліся наступным чынам: першым стаў дуэт Марыі і Івана Малькевічаў з Грабава, дыплом другой ступені атрымала Ніна Лінкевіч, з Нова-Мілевіч, а трыці – дуэт з Рычова ў складзе Ганны Бурак і Марыі Лазіцкай. Таксама дыплом першай ступені атрымаў на конкурсе і ансамбль Хільчанка”, які выступаў у намінацыі калектываў, якія не маюць звання “народны”.


Конкурс стаў сапраўдным напевам роднай зямлі. І гэтаму паспрыялі яго арганізатары — раённы цэнтр фальклору, які ўзначальвае Ганна Лой. Будзем спадзявацца, што ён будзе толькі мацнець і рабіцца званчэйшым, бо мерапрыемства засведчыла – ёсць яшчэ на Жыткаўшчыне таленты, здольныя данесці хараство народнай песні цяперашняму і будучым пакаленням.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.