Пытанні розныя і важныя

Першае пытанне, якое задалі жыхары вёсак Буда і Лутоўе Дзякавіцкага сельсавета падчас нядаўняй сустрэчы з інфармацыйнай, прапагандысцкай групай райвыканкама пад началам першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Наўныкі, тычылася гандлёвага абслугоўвання гэтых населеных пунктаў.


Што мясцовае насельніцтва ўзняло перад прадстаўнікамі раёна гэтую праблему, выпадковасцю не назавеш. Дагэтуль і ў Будзе, і ў Лутоўі гандаль ажыццяўлялі стацыянарныя крамы. Але насельніцтва за апошнія гады паменшала, зразумела, зменшыўся і тавараабарот у магазінах. Да таго ж яны сталі прыцягальнымі для нячыстых на руку людзей, таму неаднаразова падвяргаліся рабунку. Вось і было вырашана, што лепей з гандлёвым абслугоўваннем людзей у вышэйназваных вёсках справіцца аўталаўка. Відавочна, што жыхары з перасцярогай успрымаюць такое новаўвядзенне, таму і распытвалі пра ўсё вельмі падрабязна:


— Колькі разоў на тыдзень будзе працаваць аўтамагазін у нашых вёсках?


— Якія тавары там можна будзе набыць?


— Хто паведаміць, у якія дні будзе весціся гандаль? І дзе будзе спыняцца аўталаўка? На гэтыя і іншыя пытанні і прыйшлося адказваць Аляксандру Міхайлавічу і старшыні Дзякавіцкага сельсавета Уладзіміру Няўмяржыцкаму.


— Хвалявацца не патрэбна, гандаль аўталаўкамі практыкуецца ўжо не ў адной вёсцы раёна. І зрываў не было. Тавары можна будзе заказаць, якія хочаш. Заяўкі будуць выконвацца, — патлумачыў кіраўнік інфармацыйнай групы райвыканкама. — Што тычыцца, калі будзе весціся гандаль, па якіх днях і гадзінах, то аб гэтым людзей праінфармуе мясцовы сельсавет, аб’явы напішуць. Там, дзе працуе аўталаўка, людзі нават збіраюцца ў месцах яе прыпынку зараней, каб паспець да гандлю абмеркаваць мясцовыя навіны.


Абмеркаванне гандлёвай тэматыкі мела працяг, калі пачалі задавацца пытанні, звязаныя з цэнаўтварэннем. Так, кошт на тавары за апошні час значна павялічыўся. Але гэта абумоўлена і пэўнымі прычынамі. Напрыклад, закупачная цана на малако ў нашай вобласці, якое прымаецца ў насельніцтва, самая высокая па рэспубліцы. Гэта таксама адбіваецца на канчатковым кошце тавараў, што прадаюцца ў крамах.


З гандлёвых праблем размова плаўна перацякла ў рэчышча сельскагаспадарчае. Штуршком для гэтага стала пытанне, якое задала жыхарка вёскі Буда, аб выдзяленні выпасу для ўласных каровак.


— Сям’я шматдзетная, і без каровы не пражывеш, — даводзіла жанчына. — І так іх на вёсцы толькі чатыры засталося.


— Праблему з пашай вырашым, дапаможа дырэктар КСУПа “Дзякавічы” Мікалай Яфімавіч Кудзелька, — адразу даў даручэнне кіраўніку гаспадаркі Аляксандр Наўныка. — Вунь бачыце, колькі ля вёскі вашай высеклі кустоўя. Ачысцім зямлю ад карнявішча і залужым некалькі гектараў. І добраўпарадкаванасць вёскі палепшыцца, не будзе выглядаць такой заросшай.


Канечне ж, было закранута пытанне і продажу дзяржаве лішкаў сельгаспрадукцыі. Асабліва малака і цялятак. Апошніх гаспадары не надта імкнуцца прадаць мясцовай гаспадарцы, а хутчэй стараюцца рэалізаваць тым жа камерсантам. Зразумела, цана ў тых большая. Але як толькі справа падыходзіць, дзе ўзяць сена, хто выдзеліць зямлю пад пашу, кароўку купіць, адразу да кіраўніка сельгаспрадпрыемства спяшаюцца прыватныя гаспадары. У такім разе і ўзаемавыгада павінна быць абаюдная. КСУП дапамагае прыватніку, і ад яго павінна быць карысць грамадскай гаспадарцы. Увогуле, як падкрэслівалася на сустрэчы, цяпер трымаць карову на падворку вельмі выгадна. Цана і на малако, і на мяса даволі высокая. Ніхто з жыхароў на гэта не пярэчыў, многім проста ўспомніліся маладыя гады, калі былі сілы і ўласную гаспадарку трымаць, і на працу ў калгасе. Цяпер жа моладзь паз’язджала, не хочуць працаваць на зямлі. Вось і старэюць вёскі, усё менее тут аб’ектаў сацкультбыту. І аб гэтым ішла шчырая размова, жыхароў вёскі Буда з прадстаўнікамі мясцовай і раённай уладаў.


Не менш зацікаўленая размова была і ў Лутоўі. Тут, акрамя арганізацыі гандлю, людзі яшчэ ўзнялі пытанне рамонту дарогі. Падсыпка ёй патрабуецца. Таму гэтая праблема ўзята на кантроль і будзе даведзена да адпаведных службаў.


Сустрэчы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай райвыканкама прайшлі ў даволі дзелавой і прыхільнай атмасферы. Людзі разумеюць, што адначасна ўсіх праблем не вырашыш, але над тым, каб ім жылося лепш, улада працуе. Вось і тыя, невялікія канцэрты, што далі падчас сустрэч самадзейныя артысты Дзякавіцкай і Вятчынскай устаноў культуры, наклалі свой станоўчы адбітак на прайшоўшае мерапрыемства. Як не мяркуй, не так і часта гучаць у такіх невялікіх вёсачках цяпер песні ды музыка. Няхай, так бы мовіць, і не будзе на іх вуліцах ранейшага свята, але ў людзей застаецца надзея – пра іх ведаюць. Іх не забываюць.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.