Старт для творчага ўзлёту

Напярэдадні новага года ў галіне культуры адбылася даволі важная падзея. Пасля капітальнага рамонту адкрылася галоўная канцэртная пляцоўка раёна – вялікая глядзельная зала ў гарадскім цэнтры культуры. Напярэдадні святаў прайшло ўрачыстае яе адкрыццё.


Ва ўстанову культуры на гэтае мерапрыемства сабралася шмат людзей. Перад тым, як разрэзаць чырвоную стужку, з такой знакавай падзеяй прысутных павіншавалі старшыня жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора і дырэктар гарадскога цэнтра культуры Таццяна Яўлаш. Яны адзінадушна заўважылі, што дзякуючы старанням будаўнікоў удалося зрабіць вялікую справу, і сцэна залы стане той стартавай пляцоўкай, з якой таленты Жыткаўшчыны будуць упэўнена ісці да новых творчых поспехаў і ўзлётаў на самым высокім узроўні. Канечне ж, падкрэслівалася, што не так і проста было ажыццявіць задуманае, усё ж працы прыкласці прыйшлося шмат. Але цяпер зала выглядае нібы лялька, бо тут усё новае і прыгожае. Відавочна, што патрачаны сродкі ў памеры больш аднаго мільярда рублёў недарэмна.


І вось ён настаў самы ўрачысты момант мерапрыемства — старшыня райвыканкама Мікалай Какора, дырэктар ГЦК Таццяна Яўлаш, начальнік ПМК-76 Сяргей Бабранок урачыста пераразаюць чырвоную стужку, што засведчыла: зала гатова працаваць на карысць жыхароў нашага раёна. І першае святочнае мерапрыемства адбылося тут адразу ж пасля адкрыцця. Яго гледачамі сталі дзеці-сіраты і дзеці, якія вызначыліся на вучнёўскіх алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах на ўзроўні вобласці і рэспублікі, якіх запрасілі на навагодняе прадстаўленне. Зручна размясціўшыся ў новых шыкоўных крэслах, рабяты і іх бацькі ўважліва выслухалі навагоднія віншаванні і пажаданні старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, які таксама ўручыў навагоднія падарункі юным інтэлектуалам раёна, пераможцам алімпіяд і конкурсаў. А потым усе гледачы апынуліся ў чароўным свеце казкі. Для іх пастараліся творчыя калектывы гарадскога цэнтра культуры, якія на новай сцэне паказалі гледачам тэатралізаванае прадстаўленне “Маладзільныя яблыкі”. У ім было ўсё: і розныя цуды, і карагоды ля ўпрыгожанай ялінкі, без іх немагчыма ўявіць навагоднія святы, і шмат музыкі і песень, а таксама дабра і справядлівасці. Пастаноўка вельмі спадабалася рабятам. А потым навагодняе свята перамясцілася ў залу для правядзення дыскатэк, дзе рабяты разам з Дзедам Марозам, Снягурачкай, іншымі казачнымі героямі працягвалі весяліцца: спявалі і танчылі, чыталі вершы, удзельнічалі ў розных забавах і конкурсах. А напрыканцы святочнага прадстаўлення ўсім дзецям былі ўручаны падарункі, якія сабралі для рабят дэпутаты і кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Безумоўна, што ўсім надоўга запомняцца гэтыя дзве ўрачыстасці, якія адбыліся ў гарадскім цэнтры культуры ў апошнія дні адыходзячага года.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.