Усе пытанні важныя, надзённыя

Аж за трыма рэкамі ад райцэнтра – Скрыпіцай, Прыпяццю і Сцвігаю ды чатырма мастамі раскінулася вёска з прыгожаю назваю Азяраны – цэнтрам аднайменнага сельскага Савета. Ландшафты тут, што і казаць, рыбацкія, паляўнічыя, прырода на любату. Вось і ў гэты дзень, калі мы ехалі ў Савет, на чыстых, бялюткіх ад снегу рэках Прыпяць і Сцвіга здалёк відаць былі сілуэты неўтаймаваных рыбаловаў, што варажылі над лункамі ў чаканні добрага клёву ды свежай, такой пажаданай ўзімку рыбкі. Па суседству раскінуліся неабдымныя абшары Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” (нам нават пашчасціла пабачыць траіх зуброў, што вольна прагульваліся па заснежаных палетках паміж Азяранамі і Хваенскам), у ваколіцах Савета можна прытуліцца да пракаветнага дуба (калі б ён умеў гаварыць!), якому ўжо не адна сотня гадоў, а непадалёк пачынаецца такі ж маляўнічы Лельчыцкі раён.


У сельскі Савет уваходзіць восем населеных пунктаў: пасёлак Хваенск ды аграгарадок Азяраны, вёскі Бечы, Хваенск, Бячанскай Буда, Знаменка (былыя Слепцы), Чэрнічы і Пагост. Калі год назад тут пражывала 2 тысячы жыхароў, то на пачатак новага 2012-га налічваецца ўжо 1784 – агульная дэмаграфічная тэндэнцыя нашых вёсак не мінула і гэты куток. Найбольш населены цэнтр Савета – 518 чалавек, а вось у маленькай Бячанскай Будзе іх зарэгістравана ўсяго 14. У Савеце пражывае 894 працаздольныя, 606 пенсіянераў, 29 шматдзетных сем’яў, 30 няпоўных і 280 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 15 гадоў.


Як вядома, аграрны сектар нашай шчодрай на багатыя ўраджаі Тураўшчыны складаюць дзве магутныя сучасныя гаспадаркі – фермера Міхаіла Шруба ды адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”. Дык вось адміністрацыя гэтай самай “Тураўшчыны”, так бы мовіць, штаб яе і знаходзіцца ў Азяранах. Бракуе толькі агульнай справе тое, што даволі часта мяняецца кіраўніцтва акцыянеранага таварыства, што не на карысць ні самому сельгаспрадпрыемству, ні мясцоваму сельсавету…


Такім чынам разам з базавай гаспадаркай сельскага Савета – акцыянерным таварыствам “Тураўшчына” – працуюць тут Хваенскі майстарскі ўчастак па лесапіленні адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічлес”, Азяранскае лясніцтва Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, дрэваперапрацоўчы цэх лесапаляўнічай гаспадаркі “Ляскавічы”, школы, фельчарска-акушэрскія пункты і ўрачэбная амбулаторыя, дзяржаўныя і прыватныя магазіны, паштовыя аддзяленні. Толькі ў вёску Буда два разы на тыдзень прыязджае з неабходнымі для людзей таварамі аўталаўка. Так што тутэйшае вясковае жыццё можна смела назваць паўнакроўным.


—Толькі жыццё не стаіць на месцы, з кожным днём падкідае нам новыя пытанні, сярод якіх няма для нас другарадных, — гаворыць старшыня Азяранскага сельсавета Міхаіл Аліфіравец. – Я на гэтай пасадзе ўсяго паўтара года, у нейкім сэнсе яшчэ, можна сказаць, вучуся, таму без надзейнай апоры ніяк не абысціся. І для мяне гэта ў першую чаргу ўпраўляючая справамі сельвыканкама Святлана Савонава, спецыяліст першай катэгорыі Наталля Балбуцкая, галоўны бухгалтар Вольга Касюк. Да таго ў кожным населеным пункце, акрамя Азяранаў, працуюць давераныя асобы. Адчувальную дапамогу заўсёды аказвае наш нязменны энтузіяст культуры загадчыца Чэрніцкага клуба-бібліятэкі Кацярына Санец. Хацелася б таксама выказаць падзяку Наталлі Шчакатовіч з вёскі Хваенск, дэпутату Любові Новак з пасёлка Хваенск і многім другім. Да таго ж нязменную, пастаянную дапамогу мы заўсёды адчуваем і з боку старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Мікалаеўны Рамановіч.


Безумоўна, людзі, іх праблемы, паўсядзённы побыт, выкананне сацыяльных стандартаў – менавіта гэтыя пытанні заўсёды стаяць на першым плане. І ў ліку прыярытэтных – добраўпарадкаванне вёсак. Зроблена было нямала ў гэтым накірунку і ў мінулым годзе. Перш-наперш давялі да ладу мост цераз Бычок і ў рэшце рэшт пазбавіліся агульнага, вобразна кажучы, галаўнога болю. І тут, трэба аддаць належнае, словам і справаю павёў усіх за сабою сам старшыня мясцовай улады Міхаіл Аліфіравец. Ён прасіў таксама выказаць на старонках райгазеты шчырую падзяку ў першую чаргу супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Дапамаглі таксама неабходнай тэхнікай кіраўнікі ПМК-97 і ПМС.


Асноўны фронт работ па добраўпарадкаванні ў мінулым годзе праходзіў у вёсках Чэрнічы, Пагост, пасёлку Хваенск. Высякалі хмызняк, што пайшоў сцяною, прыбіралі старыя платы, на месцы якіх вырасталі новыя агароджы. У вёсках Пагост і Чэрнічы добра папрацавалі супрацоўнікі падатковай інспекцыі на чале з яе начальнікам Уладзімірам Рыдзецкім. У Пагосце дружна выйшлі на суботнік мясцовыя працаўнікі пошты, сувязі, камбіната бытавога абслугоўвання. А трэба было толькі бачыць, як, напрыклад, зараслі будынкі ў самым цэнтры таго ж Пагоста… Слаўна пашчыравалі ў пасёлку Хваенск работнікі акцыянернага таварства “Жыткавічлес”. І тут нельга не адзначыць саму ініцыятыву выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара Сцяпана Кудрыцкага, старшага майстра цэха па лесапіленню Анатоля Германа. Леспрамгасаўцы высякалі кустоўе, рамантавалі агароджы.


Але, на жаль, ёсць яшчэ ў вёсках, як паведаміў Міхаіл Валянцінавіч, і людзі несвядомыя, з утрыманцкімі настроямі, якіх ніяк не назавеш патрыётамі свайго краю, сваёй радзімы. Так было, напрыклад, у Чэрнічах, калі людзей папрасілі папрацаваць на мясцовых могілках, давесці іх да ладу. Не ўсе адгукнуліся, маўляў, не мая гэта справа. Гэта ўжо папахвае нейкім святатацтвам, калі чалавеку няма справы да продкаў, што ляжаць на могілках… А ў цэлым за мінулы год у сельсавеце было праведзена з належнай аддачай і агульнай карысцю каля дзесяці суботнікаў.


Сваю добрую справу робяць і назіральныя камісіі – даволі эфектыўная форма работы з людзьмі, якая ўжо стала “прапісалася” у мясцовым сельсавеце. Летась было наведана 142 домаўладанні, устаноўлены тэрміны ліквідацыі недахопаў, пад пастаянным кантролем знаходзяцца так называемыя нядобранадзейныя сем’і.


Умеюць тут як добра працаваць, так і прыгожа адпачываць. І нездарма двум мясцовым гуртам прысвоена высокае званне «народны».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.