Як жывеш, вёска-“пенсіянерка”?

У былыя часы вёска Сялко, якая амаль што зліваецца з Людзяневічамі, таксама поўнілася шматлікімі людскімі галасамі: у сядзібах тут пражывала каля 200 чалавек. Ды толькі, як сказаў паэт, “няма таго, што раньш было” – мясцовае насельніцтва скарацілася на палавіну і дажывае зараз тут свой век 98 чалавек. У асноўным гэта пажылыя, знямоглыя людзі, бо менавіта вось такія састарэлыя бабулькі і прыйшлі на сустрэчу з інфармацыйна-прапагадысцкай групай райвыканкама ў тутэйшую краму – адзіную ўстанову вёскі, пад дахам якой толькі і можна сабраць людзей з той ці іншай грамадскай нагоды.


Галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Ніна Румас прадставіла прысутным прадстаўнікоў групы, патлумачыла мэту сустрэчы, папрасіла задаваць пытанні на самыя хвалюючыя людзей патрэбы. У першую чаргу бабулькі папрасілі не зачыняць іхнюю краму і выказалі падзяку яе загадчыцы Валянціне Баліч за старанную, ветлівую работу. Затым пытанні датычыліся памераў пенсій і дапамог, аховы здароўя, нашэсця ў іхнюю мясцовасць дзікіх кабаноў, з якімі людзі самі справіцца не могуць. У размову, само сабой, уступіў і старшыня Людзяневіцкага сельсавета Юрый Волчык. І разам са сваімі землякамі яшчэ раз падкрэсліў, што адна з вострых праблем тут – добраўпарадкаванне дарогі, што знаходзіцца на балансе Тураўскага ДЭУ-111. І калі гэтае пытанне не вырашыць, то праблема ўсё больш будзе абвастрацца, а прэтэнзіі з боку філіяла №16 ААТ “Гомельаблаўтатранс” будуць усё болей узрастаць…


Наступная сустрэча групы адбылася ў бібліятэцы-клубе вёскі Беразіна. Да гонару жыхароў гэтай вёскі, мясцовага актыву, сельсавета варта сказаць пра даволі прываблівы, гаспадарлівы, заможны выгляд гэтага населенага пункта. Вабіць вока чысціня, добраўпарадкаванасць вуліц. І міжволі падумалася: “Вось бы так ды паўсюль”…


Што і казаць, у Беразіне пытанняў да гасцей было значна больш, чым у Сялку. Зрэшты, і людзей тут сабралася болей. Прысутныя прасілі звярнуць увагу на такія пытанні як наяўнасць вадаёма на выпадак пажару ды іншых патрэб, навядзенне парадку на палігоне (звалцы). Размова тычылася апрацоўкі зямельных участкаў, добраўпарадкавання могілак, цэнаў на прадукты харчавання і іншае. Думаецца, што ўзнятыя ў час сустрэч пытанні па плячы мясцоваму люду, яго актывістам, дэпутатам і старастам разам з мясцовым сельсаветам. Тым больш што старшыня сельсавета Юрый Аляксандравіч Волчык – адзін з вопытнейшых кіраўнікоў сярод сваіх калег у раёне, які ўвесь час трымае руку на гарачым пульсе мясцовага жыцця, да драбніц ведае яго. Да таго ж і сам родам адсюль. Трэба толькі, каб гэтыя пытанні не былі “свае” і “чужыя”, а толькі нашыя, агульныя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.