За рамонтнікамі справа не стане

У майстэрнях адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс” у гэтыя дні кіпіць праца. Спецыялісты арганізацыі дапамагаюць вяскоўцам рыхтаваць да веснавых-палявых работ тэхніку.


Кемлівасць і стараннасць прадэманстравалі падчас працы ў гэтыя зімовыя дні слесары-рамонтнікі Міхаіл Франкоў, Уладзімір Друк і зваршчык Віталій Сядоў. Дзякуючы іх майстэрству камунальнае ўнітарнае сельгаспрадпрыемства “Коленскае” ў хуткім часе атрымае прычэп вялікай грузападымальнасці для перавозкі рулонаў сена і саломы. Як расказаў ідэалагічны работнік таварыства Аляксандр Бандзюк, прычэп зроблены з даўно адслужыўшых вузлоў і дэталяў, якія прадастаўляла нам гаспадарка.


— Зразумела, што нашым майстрам прыйшлося пастарацца, але выйшла вельмі прывабна, і спадзяюся, што заказчыкі застануцца задаволеныя працай, — адзначае Аляксандр Міхайлавіч.


І зараз хапае клопатаў у слесараў-рамонтнікаў арганізацыі. На цяперашні час Уладзімір Друк, Міхаіл Франкоў і Аляксандр Іваноў гэтак жа клапатліва рамантуюць для КСУПа “Коленскае” трактарны рухавік. Яшчэ з гэтай гаспадаркі на рамонтнай базе таварыства рыхтуюць да палявых работ дыскавую барану і культыватар.


Карыстаюцца паслугамі агратэхсервіса і іншыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Напрыклад, ААТ “Тураўшчына”, КСУПы “Дзякавічы”, “Чырвоны Бор”, “Людзяневічы”, якія ўзнаўляюць тут свае глебаапрацоўчыя агрэгаты. Акрамя іх, яшчэ рамантуюцца і тры збожжаўборачныя камбайны з розных гаспадарак раёна.


— Да рамонтаў гаспадарчых агрэгатаў падыходзім вельмі грунтоўна, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч, — на іх выбракоўваецца і замяняецца на новую кожная сапсаваная дэталь. Праводзім, калі патрэбна, неабходныя зварачныя работы. Адным словам, робім так, каб машыны надзейна працавалі вясной у полі, без паломак.


Безумоўна, што засяроджваць увагу на якасці рамонтаў вымушае час. Усё ж, хто звернецца ў другі раз, калі з майстэрняў выйдзе дрэнна падрыхтаваная тэхніка.


Увогуле, Жыткавіцкі агратэхсервіс з кожным годам імкнецца пашыраць колькасць паслуг для вяскоўцаў. Зараз, напрыклад, тут могуць не толькі парамантаваць тэхніку для сельгаспрадпрыемстваў, але і прапанаваць набыць новую. Таварыства нядаўна стала дылерам такога буйнога вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі як “Бабруйскаграмаш”. Ды і самі мясцовыя працаўнікі стараюцца наладзіць вытворчасць сельгасмашын. Плёнам гэтых намаганняў стала машына для другаснай ачысткі зерня. Гэта яшчэ адзін крок з боку таварыства па ўмацаванню партнёрскіх сувязяў з працаўнікамі вёскі. І імі ў Жыткавіцкім агратэхсервісе даражаць, бо гэта напрамую ўплывае на эканамічную састаўную прадпрыемства.


С. МІКАЛАЕЎ.


На здымку: спорыцца справа ў слесараў-рамонтнікаў Уладзіміра Друка, Міхаіла Франкова і Аляксандра Іванова.


Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.