За ведамі і пуцёўкай у жыццё

Якое жыццё бурліла ў пасляваенныя гады ў новым пасёлку лесанарыхтоўшчыкаў Хваенску! Нібы свежае віно ў чане… Працаваць сюды ў новаствораны Тураўскі леспрамгас прыехалі навасёлы з усіх куткоў былога Савецкага Саюза. Клуб стаяў памерамі не меншы, чым кінатэатр ў райцэнтры. А якая смаката прадавалася ў буфеце ды падавалася да сталоў у сталовай аддзела рабочага забеспячэння. Які смачны хлеб выпякала мясцовая пякарня. Прыезджыя елі і з сабою куплялі. Старажылы ўспамінаюць, што такі духмяны хлеб вязлі з сабою у адваротны шлях нават госці з далёкай Расіі. Пакажам, казалі, сваім землякам, які хлеб пякуць на беларускім Палессі…


Час няўмольна прайшоўся сваёю нябачнай рукой па некалі шматлюдным Хваенску. Ад былога агромністага леспрамгаса застаўся толькі цэх па лесапіленні. Даўно няма пякарні. Шмат чаго няма з былой пасялковай велічы. А вось школа – асяродак духоўнасці – ёсць і працуе. Ідзеш цераз мосцік да яе дзвярэй і міжволі думаеш: гэта ж колькі хлопчыкам і дзяўчынкам дала яна пуцёўку ў жыццё. Вучыўся тут у свой час і будучы міністр унутраных спраў нашай рэспублікі.


—Зараз у будынку нашай школы займаецца 60 вучняў і 10 выхаванцаў дзіцячага сада, — гаворыць дырэктар Таццяна Бурак. – Для параўнання скажу, што ў 2006 годзе, напрыклад, іх было ў два разы болей — 112. Тым не менш ранейшай адказнасці з нас, педагогаў, ніхто не здымае. Дарэчы, добрая палавіна нашых настаўнікаў – гэта былыя вучні школы. І гэта добрая традыцыя. Шэсць педагогаў маюць вышэйшую катэгорыю, восем – першую.


У мінулым годзе з 14 выпускнікоў шэсць паступіла ў вышэйшыя навучальныя установы, тры – у сярэднія спецыяльныя. І гэта, безумоўна, не можа не радаваць мясцовых педагогаў. Добрая вестка і нядаўна парадавала школу: вучаніца 8 класа Наталля Туравец заняла першае месца ў раённым конкурсе па нямецкай мове “Мастацтва гаварыць”.


Школа па праву ганарыцца сваім музеем, у якім прасочваецца як яе гсторыя, так і гісторыя мясцовага леспрамгаса. Звяртаюць на сябе ўвагу раздзелы “З гісторыі школы”, “Ёсць такая прафесія Радзіму абараняць”, “Яны вызвалялі нашу мясцовасць”, папкі “Гісторыя Тураўскага леспрамгаса”, “Кніга гонару” і інш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.