Зімовыя клопаты рыбаводаў

Каб вынікова працаваць вясной і летам, рыбаводы доследнага рыбгаса “Белае” зараз актыўна праводзяць усе неабходныя падрыхтоўчыя работы. І асноўная задача для іх у гэтыя дні – прывесці ў належны парадак сажалкавую гаспадарку і іншыя гідратэхнічныя збудаванні, каб вясной у вызначаныя тэрміны неадкладна прыступіць да зарыблення.


— Работы вядуцца як уласнымі сіламі гаспадаркі, так і працаўнікамі ПМК-66, — расказвае дырэктар рыбгаса Віктар Дашкевіч. — Ёсць усе падставы, што справімся з вызначанымі аб’ёмамі работ паспяхова. Паралельна прапрацоўваецца і пытанне па стварэнню будучай кармавой базы для рыбы. Тут кіраўніцтва рыбгаса наладжвае кантакты з камбікормавымі заводамі вобласці. Праўда, ёсць пэўныя праблемы, але спадзяюся, што здолеем іх вырашыць станоўча.


Клопат пра будучую сваю дзейнасць на цяперашні час застаецца не адзіным. Дбаюць тут і пра рэалізацыю рыбы, якую вырасцілі сёлета. Штодня машыны рыбгаса з жывой рыбай накіроўваюцца ў вялікія і малыя гарады краіны. Асноўнымі спажыўцамі іх тавару пакуль з’яўляюцца жыхары Мінска і Гомеля. Штомесячна гаспадарка рэалізоўвае па 60-65 тон жывой рыбы. Па словах дырэктара рыбгаса, пытанне з рэалізацыяй рыбы стаіць вельмі актуальна, таму прымаюцца захады, каб на месцы наладзіць яе перапрацоўку. Зараз ідзе выпрабаванне абсталявання перапрацоўчага цэха, які ўзведзены ў рыбгасе.


— Плануем, што да канца года будзем перапрацоўваць да двухсот тон вырашчанай самімі рыбы, — расказвае Віктар Сцяпанавіч. — Будзем яе вяліць, вэндзіць, марозіць. Лічу, гэта добрай падтрымкай нашай дзейнасці, бо практычна пятая частка ўсяго сёлетняга ўлову будзе перапрацавана на месцы. Запланавана ж атрымаць у бягучым годзе тысячу тон таварнай рыбы. Больш актыўна будзем вырошчваць сёлета сома, шчупака, ліна, сцерлядзь. Калі атрымаецца, то і судак з’явіцца ў нашых сажалках. Але развядзенне апошняга віду пакуль больш у перспектыве.


Гэтую задачу, як лічыць кіраўнік, удасца выканаць паспяхова. Нездарма ж стараюцца ў гэтыя сцюдзённыя зімовыя дні. Вынікова працуюць на цяперашні час такія работнікі гаспадаркі як Іван Харытановіч, Анатоль Таргонскі, Уладзімір Сініла, Дзмітрый Сулкоўскі, Валерый Некрашэвіч і іншыя. Вось такія зімовыя клопаты рыбаводаў, як і кожны працуючы калектыў ён дбае пра будучае развіццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.