КЛОПАТ УЛАДЫ – КАМФОРТ І БЯСПЕКА ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ

Гэтыя марозныя і снежныя дні дадалі клопатаў старшыні Марохараўскага сельвыканкама Генадзю Лесько. На тэрыторыі Савета размяшчаецца восем вёсак, дзе на цяперашні час пражывае амаль дзве тысячы жыхароў. Каб забяспечыць жыццядзейнасць на ўсіх аб’ектах адміністрацыйнай адзінкі, прыходзіцца яе кіраўніку вырашаць мноства розных дробных і вялікіх спраў.


Снегапады цяперашняй зімой — справа нярэдкая. Пасля кожнага з іх перад кіраўніком сельвыканкама стаіць задача — аператыўна расчысціць усе вуліцы і дарогі, каб у вёскі маглі і тавары завезці, і хуткая дапамога паспела, і паштовая машына праехала, і людзям хадзіць было зручна. Таму даводзіцца старшыні брацца за справу неадкладна. Вельмі добра, што наладжаны кантакт з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Савета. Яны ў тэхніцы для расчысткі вуліц не адмаўляюць ніколі.


 — У КСУП “Бялёў” увогуле спецыяльна трактар выдзелены для гэтых мэт, — расказвае Генадзь Пятровіч. — І КСУП “Марохараўскі” адразу адпраўляе тэхніку для расчысткі вуліц, як толькі пакормяць жывёлу на грамадскіх фермах. Па прычыне таго, што многія вёскі размешчаны на праезджых трасах, іх расчысткай займаюцца дарожныя арганізацыі раёна. Таму праблем па сямі вёсках з ачысткай вуліц вялікіх няма. Складаней па станцыі Старушкі. Дарогі да населенага пункта абслугоўвае некалькі дарожных арганізацый, а вось некалькі соцень метраў пачысціць няма каму. Таму працуем над гэтай праблемай, звязваемся з кіраўніцтвам ДЭУ. Мяркую, што праблема будзе знята.


Назіральная камісія сельсавета ў маразы працуе з падвоенай энергіяй, каб не дапусціць здарэнняў у дамах грамадзян так званай групы рызыкі, шматдзетных сямей і адзінокапражываючых бабулек і дзядуль. Усе ж грубкі паліць сталі намнога больш, а гэта пагражае іх перакалам, ад чаго і сапсавацца можа пячное ацяпленне. Вось члены назіральнай камісіі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі ўсіх службаў і мясцовай улады, і кіруюцца найперш у такія домаўладанні, каб папярэдзіць факты, якія пагражаюць жыццядзейнасці людзей.


— Назіральная камісія Савета працавала ўжо летась. Выяўлена нямала парушэнняў. Гэта і няспраўнасць пячнога ацяплення, электраправодкі, “жучкі” на пробках электралічыльнікаў і іншыя. Працэнтаў на 60-70 яны выпраўлены, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Хаця некаторых гаспадароў даводзілася і караць, наведваліся да кагосьці па некалькі разоў. Але ж сітуацыя ў дамах грамадзян з так званай групы рызыкі не дае спакою. Вось у студзені прыйшлося забраць васьмімесячнае дзіця ў адной сям’і, якая вядзе антыграмадскі лад жыцця і зусім не клапоціцца пра ўмовы свайго пражывання ў самавольна занятым пустуючым доме. Яшчэ на некалькіх грамадзян складзены адміністрацыйныя матэрыялы.


Такое жорсткае рашэнне ў дачыненні бацькоў, па меркаванню Генадзя Пятровіча, правільнае. Калі справа заходзіць пра бяспеку грамадзян, асабліва дзяцей, тут не да сантыментаў. На жаль, такая сям’я не адна на тэрыторыі сельсавета.


Вось чаму сельвыканкам імкнецца пазбаўляцца ад старых пустуючых дамоў на вясковых вуліцах, якія становяцца прытулкам для нядобранадзейных перасяленцаў. Ды і парадак такім чынам падтрымліваецца. На гэты год іх запланавана знесці два дзясяткі.


Звяртае сельвыканкам увагу на прыватныя падворкі ў гэтыя дні не толькі з мэтай папярэдзіць трагедыі і беды. Ёсць яшчэ і адзін дзяржаўны інтарэс. На падворках сяльчан утрымліваецца больш за трыста галоў кароў. Па цяперашніх мерках даволі нямала. Кіраўніцтва Савета сумесна з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў вядуць работу па закупу цялят у прыватным сектары.


— Зараз ідзе заключэнне дагавораў на закуп паміж гаспадарамі і сельгаспрадпрыемствамі, — расказвае Генадзь Пятровіч. — Напрыклад, КСУП “Бялёў” заключыў такіх дамоўленасцей амаль семдзесят. Працуюць у гэтым напрамку і ў КСУПе “Марохараўскі”. На маю думку, даволі прымальныя ўмовы прапануюцца гаспадарам, каб тыя прадавалі сваіх цялят на грамадскія фермы. Усё ж найперш за дапамогай людзі звяртаюцца менавіта ў сельгаспрадпрыемствы.


Адзначае старшыня Савета і плённую працу малаказборшчыкаў-прадпрымальнікаў, і актыўнасць гаспадароў, што прадаюць лішкі малака дзяржаве. Дзякуючы гэтым намаганням за мінулы год удалося сабраць амаль 670 тон малака, у разліку на адну прыватную рагулю выйшла 1,7 тоны. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў па раёну.


— Хаця пагалоўе каровак і скарачаецца па вёсках Савета, — падсумоўвае вынік закупачнай дзейнасці Генадзь Лесько, — але радуе такая тэндэнцыя, што многія гаспадары пачалі ўтрымліваць на сваіх падворках па некалькі кароў. І колькасць такіх прыватнікаў павялічваецца.


Добрым знакам для старшыні Марохараўскага сельвыканкама з’яўляецца і змена псіхалогіі людзей у плане навядзення парадку на зямлі. Кіламетры новых агароджаў, што пастаўлены за мінулы год у населеных пунктах Саветам сумесна з насельніцтвам, выразаны хмызняк, спілаваныя аварыйныя дрэвы, вернутыя ў севазварот дзясяткі гектараў пустуючых зямель – усё гэта плён працы па добраўпарадкаванні тэрыторый у вёсках.


— Працавалі па навядзенні парадку да сярэдзіны студзеня бягучага года. Значна дапамаглі ў гэтай справе мабільныя брыгады, якія былі ўкамплектаваны працаўнікамі і тэхнікай гарадскіх арганізацый, — расказвае Генадзь Пятровіч. — Унеслі свой уклад і мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Канечне, адносіны людзей таксама змяніліся, хаця прыйшлося для гэтага правесці немалую работу і членам сельвыканкама, і дэпутатам Савета, і давераным асобам. І ў гэтым годзе, як толькі дазволіць надвор’е, работы па добраўпарадкаванні будуць працягнуты. Праблем жа яшчэ нявырашаных засталося нямала. Узяць хаця б такую, як ўтрыманне на падворках сабак. Папрацаваць з людзьмі прыйдзецца па пытанні утрымання сваіх гадаванцаў па правілах. Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі зробім яшчэ больш. Тады нашы населеныя пункты стануць яшчэ прыгажэйшымі, і людзям у іх будзе жыць значна камфортней.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.