Сёння і заўтра “Рытм-Будсервіса”

На двары зіма, а чамусьці ўспомнілася тая летняя паездка на прыватнае прадпрыемства “Рытм-Будсервіс”, у час якой і давялося бліжэй пазнаёміцца з кіраўніком гэтага калектыва, нязменным энтузіястам будаўнічай справы Віктарам ШЭЙКА.


Было гэта ў жніўні 2009 года, калі ўводзіўся новы жывёлагадоўчы комплекс у КСУП “Чырвоны Бор”. І хаця напярэдадні нашага прыезду зліў, як з вядра, дождж, гэта ніякім чынам не адбілася адмоўна на тэмпах і якасці будаўнічых работ. Размах іх тут, на пяцігектарнай пляцоўцы, моцна і прыемна ўразіў. На новабудоўлі шчыравала дзесьці 130 чалавек самых розных прафесій і спецыяльнасцяў з 8 комплексных брыгад. У рабоце былі задзейнічаны тры краны, восем трактарных пагрузчыкаў, два “Амкадоры”, два бульдозеры,экскаватар. Усе працэсы кантралявалі тры прарабы, з якімі дырэктар напярэдадні і ўзгадніў канчатковы план дзеянняў. Аб’ект вонкава нагадваў сабой вялікі растрывожаны мурашнік. І толькі добра прыглядзеўшыся, бачна было, што кожны муравей у ім добра ведае сваю справу…


Віктар Андрэевіч, які, па яго словах, любіць больш працаваць, чым даваць інтэрв’ю, тым не менш успомніў тады, як пачыналі яны працаваць у складзе 15 энтузіястаў-аднадумцаў, а прадпрыемства называлася малым. І вось зараз, у гэтыя лютаўскія дні 2012 года, прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Рытм-Будсервіс” споўнілася 20 гадоў з дня заснавання і рэгістрацыі. На якіх аб’ектах і з якім настроем сустракае гэты юбілей працоўны калектыў будаўнічай арганізацыі?


— Юбілей быццам бы і малады, але за гэты час тым не менш набыты ўсімі намі ўжо немалы вопыт, — падсумоўвае дырэктар Віктар Шэйка. А сітуацыя склалася так, што апошнім часам мы працуем на Брэстчыне, у суседнім з намі Лунінецкім раёне. У вёсцы Рэдзігерава пабудавалі і здалі ў эксплуатацыю ў снежні мінулага года малочнатаварную ферму на 720 галоў жывёлы. Аналагічны аб’ект узводзім і ў вёсцы Сітніцкі Двор. Тэрміны ўводу – лістапад 2012 года. Будуем таксама 72-кватэрны дом ў горадзе Мікашэвічы. У гэтым жа населеным пункце ў мінулым годзе прымалі ўдзел у будаўніцтве пятай лініі па вытворчасці шчэбня на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Граніт”.


Зараз у “Рытм-Будсервісе” працуе каля 300 чалавек. Аўтобусы рэгулярна забіраюць на работу і адвозяць назад каля 30 працаўнікоў з райцэнтра, дастаўляюць на новабудоўлі людзей з пасёлкаў Чырвонае, Чырвоны Бор, з вёсак Пухавічы і Ляхавічы. Безумоўна, галоўны накірунак дзейнасці арганізацыі – будаўніцтва. Але, акрамя яго, тут займаюцца таксама нарыхтоўкай і перапрацоўкай на дзвюх стужкавых піларамах лясной драўніны. Закупляюць лес на біржы на тэндэрных таргах. На пачатку перапрацоўвалі ў месяц толькі па 100 кубічных метраў піламатэрыялаў, зараз гэтая прадукцыйнасць узрасла да 1 тысячы кубічных метраў, а праз год-два плануюць выйсці на паказчык у 2-3 тысячы.


Новыя рабочыя месцы атрымала каля 30 жанчын і дзякуючы рабоце на прадпрыемстве швейнага цэха. Яны заняты шыццём рукавіц і спецвопраткі.


За два дзесяцігоддзі работы тут створана надзейная, трывалая матэрыяльна-тэхнічная база, да паслуг работнікаў экскаватары, бульдозеры, краны, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі, усе неабходныя агрэгаты, дзякуючы якім па плячы будаўнікам самыя розныя па ступені складанасці справы. Вось чаму і звязалі з гэтым будаўнічым прадпрыемствам свой лёс, сваю працоўную біяграфію многія людзі, за плячыма ў якіх вялікі вопыт работы. У ліку іх кіраўнік называе галоўнага інжынера Паўла Церабея, галоўнага бухгалтара Станіславу Кучар, сантэхніка Уладзіміра Абрамчыка, муляроў Мікалая Рубана, Пятра Марыніча, аддзелачніц Вольгу Масла, Галіну Макарэвіч і многіх іншых.


А якія перспектывы чакаюць мясцовых будаўнікоў наперадзе, у дні заўтрашнім? Як слушна пагаджаецца Віктар Андрэевіч, слоў няма, лепей працаваць у сваім раёне. Тым не менш жыццё не стаіць на месцы, у нашым палескім рэгіёне перад людзьмі адкрываюцца новыя працоўныя перспектывы. Як вядома, будзе распачата здабыча калійных солей у Петрыкаўскім раёне, мяркуе адкрыць новы кар’ер “Сітніца” па здабычы шчэбню РУП “Граніт”, знойдзе свой працяг і будаўніцтва новых аб’ектаў сельскагаспадарчага накірунку. І тут без шурпатых, умелых рук будаўнікоў не абысціся. З іх нязменным, заслужаным лідарам. Які ўсё дасканала ведае пра будоўлю, карыстаецца павагай у падначаленых, умее прымаць аптымальныя рашэнні. Дапамагае матэрыяльна многім людзям і калектывам.


— Нягледзячы на ўсе выпрабаванні і цяжкасці, я заўсёды імкнуся радавацца жыццю, — прызнаецца Віктар Андрэевіч. — Веру ў будучыню і стараюся не пасаваць перад складанасцямі. А калі што не ўдалося, то дэталёва аналізую свае пралікі, закасваю рукавы і пачынаю ўсё спачатку.


Вось такое яно – жыццёвае крэда кіраўніка “Рытм-Будсервіса”. А гэта значыць, што працоўнаму калектыву пад яго кіраўніцтвам будзе падуладна яшчэ не адна новабудоўля.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.