У госці з песнямі і жартамі

На Тураўшчыне спяваць пачынаюць яшчэ з калыскі, слухаючы песні маці ды бабулі. І песні ўсё жыццё ў спадарожніцах чалавека – як у працы, так і ў адпачынку. Вось чаму ў самім Тураве жанчыны, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, вырашылі па-ранейшаму сябраваць з добрай песняй і, параіўшыся паміж сабою, стварылі вакальны гурт “Залаты ўзрост”. Было гэта адзінаццаць гадоў назад, і за гэты час калектыў, якім кіруе таленавітая спявачка і здольны арганізатар Наталля Волкава, атрымаў высокае званне народнага.


Іх добры прыклад вырашылі ўзяць на ўзбраенне і пенсіянеркі-энтузіясткі з Жыткавіч. І год назад пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнай падтрымкі насельніцтва стварылі ансамбль спявачак “Залатая пара”. У дружных, ініцыятыўных, галасістых жанчын справы хутка пайшлі на лад, у іх рэпертуары паявіліся новыя цікавыя песні, гурт набыў свой адметны голас. І ў снежні мінулага года было вырашана выехаць з канцэртнай праграмай у Тураўскі гарадскі Дом культуры да “Залатога ўзросту”. Сустрэлі там іх гасцінна, атмасфера панавала творчая, абодвум гуртам было што паказаць удзячным гледачам і слухачам.


І вось у мінулы аўторак ужо “Залаты ўзрост” прыехаў у госці да “Залатой пары”. Сустрэча адбылася ў тэрытарыяльным цэнтры горада Жыткавічы. Бадзёрай, віншавальнай песняй распачаў яе ансамбль “Залатая пара” пад акампанемент баяністкі Людмілы Янучок. Затым вядомая ў нашым раёне грамадская актывістка, адна са стваральніц “Залатой пары” Лідзія Прыбалавец уручыла хлеб-соль кіраўніку “Залатога ўзросту” Наталлі Волкавай.


Сустрэчу вяла супрацоўніца цэнтра Марына Бакуновіч, з цёплымі словамі да двух творчых калектываў звярнулася дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Таццяна Казлова. Яна пажадала ім новых поспехаў на ніве мастацтва і надалей мацаваць сяброўства ды радаваць слухачоў цікавымі канцэртнымі нумарамі.


Даспадобы прыйшліся прысутным песні “Хрыстос нарадзіўся”, “Калядная” ў выкананні “Залатой пары”, рамансы, якія заўсёды таленавіта выконвае жыткаўчанка Валянціна Механікава. Да таго ж гаспадары ўручылі гасцям каштоўныя падарункі на памяць пра гэтую сустрэчу. Як агульныя ад тэрытарыяльнага цэнтра, так і прыватныя ад рукадзельніц з райцэнтра Ларысы Дрынеўскай і Анастасіі Субат.


Затым сваё майстэрства паказалі госці з Турава ў суправаджэнні акампаніятара Фёдара Батуры. Шчырыя, заслужаныя апладысменты спадарожнічалі песням “Зіма”, “Цячэ ручай”, “Тэкля”, “Мяне мілы біў” і іншыя.


Цікава было паслухаць выступленне Наталлі Волкавай пра гісторыю стварэння іхняга калектыву, рэпертуар, пра саміх спявачак. Затым жанчыны з двух песенных гуртоў распавялі пра тое, чым яны любяць займацца ў вольны час, калі застаюцца сам-насам са сваім жытлом ды ўласнай гаспадаркай. Як высветлілася, кола іх запытаў і інтарэсаў даволі шырокае: вырошчваюць кветкі, вяжуць і шыюць, цікавяцца паэзіяй і г.д.


Словам, сустрэча была сапраўды творчай, цікавай і карыснай для абодвух бакоў. І застаецца толькі падзякаваць спонсарам Наталлі Лімашэўскай, Таццяне Кочка, Аляксандру Садлуцкаму, Аляксандру Віцебскаму, прыватнаму ўнітарнаму гандлёваму прадпрыемству “Віцязь Палескі” за іх дапамогу і разуменне.


С. Вільчык.


НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.


ФОТА А. Кіцуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.