У пачатку новых спраў

Вялікія перамены і новыя справы чакаюць у 2012 годзе калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”. У першую чаргу гэта датычыць планамернага нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці, пытанняў мадэрнізацыі.


Плануецца з цягам часу значна павялічыць выпуск брыкетаў, што немагчыма без пашырэння палёў здабычы фрэзернага торфу. З мэтай развіцця сыравіннай базы будзе асвоена новае ўрочышча “Замошша”, на 250 – 300 гектарах створана палявая база, пракладзены дзясяткі кіламетраў чыгункі. На перспектыву ставіцца мэта асвоіць выпуск торфавугальных брыкетаў.


У мінулым годзе быў зроблены добры зачын для паспяховай работы сёлета: з завяршэннем сезона назапашана 228 тысяч тон сыравіны, у тым ліку 217 тысяч тон торфу для ўласнай вытворчасці брыкетаў, што на 20 тысяч тон больш папярэдняга года. Таму і папрацавалі плённа чырвоненскія торфабрыкетчыкі ў студзені 2012 года.


Так, план па таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах быў выкананы на 120,9 працэнта, тэмп росту склаў 218,4 працэнта. Замест планавых 9,5 тысячы тон у студзені было выпушчана 10,7 тысячы тон брыкетаў – 124 працэнты.


Добра складаюцца справы і з рэалізацыяй каштоўнай прадукцыі на экспарт: у Швецыю было адпраўлена 4,1 тысячы тон торфабрыкетаў на 288,2 тысячы долараў ЗША. А гэта значыць, што тэмпы росту ў валюце склалі 171,2 працэнта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.