Вырашаць праблемы праз узаемадзеянне

Шматлікія пытанні жыццядзейнасці раёна разгледжаны на апаратнай нарадзе ў панядзелак, якую правёў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Аляксандр Наўныка. Пачалося мерапрыемства з прыемнага моманту – Аляксандр Міхайлавіч павіншаваў з Днём нараджэння намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Рагалевіча і начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы Сяргея Ахрамовіча. Кожнаму з імяніннікаў былі ўручаны букеты і выказаны шчырыя словы пажаданняў.


Супрацьстаянне зіме. Што нарада пачалася менавіта з разгляду пытанняў па вышэйакрэсленай тэме, нікога не здзівіла. Ці вытрымалі аб’екты ЖКГ экзамен моцнымі маразамі, якія ўсталяваліся на вуліцы? Ці не было зрываў у цеплазабеспячэнні і водазабеспячэнні? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў дырэктар КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Алег Савосценка. Як ён зазначыў, сур’ёзных збояў не было, хаця ж невялікіх непрыемнасцей пазбегнуць не ўдалося. Праблемы з водазабеспячэннем мелі месца ў Хільчыцкай школе, аграгарадку Азяраны. Па прычыне несвоечасовай дастаўкі тарфяных брыкетаў на кацельную пасёлка Хваенск у гэтым населеным пункце недастаткова падавалася цяпла ў жылыя дамы і аб’екты сацыяльнага прызначэння. Былі парывы труб і ў шэрагу шматкватэрных дамоў райцэнтра. Спецыялістамі камунальнай службы ўсе непаладкі ўхіляліся аператыўна. Працавалі і ў выхадныя дні. Таксама завяршаюць работнікі камунальнага прадпрыемства вывазку снегу з гарадскіх вуліц, займаюцца і збіваннем ледзяшоў з дахаў дамоў. Па словах Алега Іванавіча, гэтую работу варта актывізаваць, бо шмат паступае зваротаў ад грамадзян.


Як праінфармавалі прысутных на нарадзе кіраўнікі дарожных службаў, транспартнага прадпрыемства, установы аховы здароўя, гандлю, энергетыкі, іх дзейнасці маразы не нашкодзілі. Праязджальнасць па дарогах забяспечвалася, тавары падвозіліся своечасова, людзі з абмаражэннямі ў лячэбныя ўстановы не паступалі, аўтобусы выязджалі па маршрутах згодна з раскладам. Зарэгістраваны ў параўнанні з мінулым тыднем невялікі ўздым прастудных захворванняў.


Надзвычайныя сітуацыі. За прайшоўшы тыдзень на тэрыторыі раёна адбылося некалькі нязначных ўзгаранняў. Надарыліся яны на рынку горада Турава і ў аграсядзібе ў аграгарадку Кольна, а таксама шэрагу прыватных домаўладанняў у розных населеных пунктах. Усяго ж за першы месяц бягучага года на тэрыторыі раёна адбылося тры пажары, на адным з якіх загінуў чалавек.


На мінулым тыдні працавалі і гарадскія назіральныя камісіі. Імі праверана 25 домаўладанняў, выяўлена 60 парушэнняў, якія нясуць пагрозу жыццядзейнасці гаспадароў. Двое грамадзян прыцягнуты да адказнасці. За студзень назіральнымі камісіямі праверана 247 домаўладанняў, дзе выяўлена 684 парушэнні. Нядрэнна спрацавалі камісіі Ленінскага, Юркевіцкага, Азяранскага, Рычоўскага, Чырвоненскага сельсаветаў, а таксама камісія №3 райцэнтра. А вось членам назіральных камісій Верасніцкага, Мілевіцкага і №2 райцэнтра варта больш актыўна весці сваю работу. Аналізуючы дзейнасць назіральных камісій, Аляксандр Наўныка засяродзіў увагу прысутных на тым, што гэтым структурам неабходна працаваць не толькі на колькасныя паказчыкі, але і не забываць аб якасных. Найперш вынік работы назіральных камісій павінен ацэньвацца па колькасці ўхіленых парушэнняў. Дамагчыся ж гэтага можна толькі дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх спецыялістаў службаў, якія ўваходзяць у склад назіральных камісій.


Правапарадак. 133 звароты і заявы ад грамадзян паступіла на мінулым тыдні ў раённы аддзел унутраных спраў. 88 разоў у аддзел міліцыі за дапамогай звярталіся жыхары райцэнтра, 14 – Турава і 45 — сельскіх населеных пунктаў.


Узбуджана 6 крымінальных спраў, тры з якіх раскрыты па гарачых слядах. Гэта пяць крадзяжоў і адзін угон. Зарэгістраваны адзін факт крадзяжу дзяржмаёмасці – з помпавай станцыі невядомымі ўкрадзены два акумулятары з тэхнікі Жыткавіцкага ПМС.


21 чалавек прыцягнуты да адказнасці за дробнае хуліганства, тры – за п’янства. Адзін накіраваны на лячэнне ў ЛПП. ДТП на дарогах раёна не адбылося.


Правяралася супрацоўнікамі міліцыі і ахова прадпрыемстваў. Як вынік – два вартаўнікі торфапрадпрыемства спалі на рабочым месцы, а таксама п’янымі на службе знаходзіліся вартаўнік і качагар ААТ “Жыткавічлес”. Разгледжана і пытанне, звязанае з удзелам працоўных калектываў у рабоце добраахвотных дружын. Не ўсе кіраўнікі адносяцца сур’ёзна да гэтай справы. Сярод “прагульшчыкаў” названы работнікі ЖМЗ і ААТ «Пратон», якія не выйшлі на дзяжурства і не выдзелілі транспартныя сродкі. Таму і патрабаванне на нарадзе выказана адназначнае – больш адказна адносіцца да дзяжурства ў складзе добраахвотных дружын.


Дэкрэт №18. На жаль, як канстатавала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Наталля Макарэвіч, за апошні тыдзень так званыя абавязаныя бацькі не надта імкнуліся адпрацоўваць свае даўгі на ўтрыманне дзяржавай дзяцей. На мінулым тыдні не дастаўляліся на працу пяць чалавек. Па словах Аляксандра Наўныкі, гэта вынік неўзгодненых дзеянняў работнікаў міліцыі і сацыяльнай службы. Гэтая ж неўзгодненасць перашкаджае плёну і па працаўладкаванні асоб, якія пакінулі месцы пазбаўлення волі, а таксама закаранелых лайдакоў, якіх нямала маецца ў раёне, і якія лічаць для сябе ганебным зарабляць на жыццё працоўным мазалём.


Сельская гаспадарка. Вытворчасць малака, як паведаміла намеснік начальніка па эканоміцы райсельгасхарчу Галіна Чорная, у параўнанні з мінулагоднім перыядам павялічана сёлета на 115 працэнтаў, продаж – на 116 працэнтаў. Прагнозны паказчык па вытворчасці сельгаспрадукцыі за прайшоўшы месяц выкананы ў грамадскім сектары на 115 працэнтаў, ў прыватным – на 95.


Іншае. На нарадзе таксама разгледжаны пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, прымянення адміністрацыйнай практыкі, будаўніцтва, адукацыі, культуры і другія.


Падрыхтавана па матэрыялах райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.