З ЛЮБОЎЮ І АД ДУШЫ

Ткацкія вырабы майстрыхі Ніны Марцінаўны Горбаль з аграгарадка Бялёў ведаюць нават на Далёкім Усходзе Расіі.


Сталася гэта так. Пражывае ў Амурскім краі ў Ніны Марцінаўны блізкая родзічка. Жанчына і вырашыла ёй даслаць у якасці падарунка вырабленыя ўласнымі рукамі посцілкі. Родзічка пахвалілася імі перад мясцовымі майстрыхамі. Тыя доўга не маглі паверыць, што такое можна вырабіць дома. А гэта проста ад таго, што не былі яны ў хаце Ніны Горбаль. Там такіх посцілак, карцін вышываных, падушак вялікае мноства. І ўсё гэта яна зрабіла ўласнаручна. Нягледзячы на цяжкую працу ў мясцовым калгасе, не раз заседжвалася да позняй ночы з іголкай або за ткацкім станком.


— Адчула, што вышываць, вязаць, ткаць — гэта маё прызванне, — гаворыць Ніна Марцінаўна. — Даходзіла да ўсяго сама. Пагляджу, як робяць старэйшыя жанчыны, а пасля дома спрабую ўсё паўтарыць на практыцы. З гадамі вопыт прыйшоў. Рэчаў розных наткала і навышывала мноства.


Пра здольнасці Ніны Горбаль яскрава сведчыць і такі выпадак. Ляжала аднойчы ў бальніцы, а яе суседка па палаце вышывала нейкім адмысловым узорам падушачкі. Зацікавілася, папрасіла паказаць. Суседка са скептыцызмам, не надта ахвотна пагадзілася: “Гэта не аднаго тыдня навука”. “Нічога, спраўлюся”, — адказала Ніна Марцінаўна, наглядаючы за спрытнымі рухамі сваёй суседкі. Калі ж выпісалася, дома тэорыю перанесла на практыку. Не адразу, але пачалі выходзіць і з-пад яе рук рэчы не горшыя, чым у “бальнічнай настаўніцы”. Амаль з паўдзясятка такіх падушачак упрыгожваюць цяпер дом Горбаль.


Свае вырабы Ніна Марцінаўна з ахвотай аддае на выставы ў мясцовую ўстанову культуры. Шкадуе, што цяпер сярод моладзі мала ахвотнікаў пераймаць яе майстэрства. Але такія самаробныя вырабы заўсёды выпраменьваюць і надоўга захоўваюць цяпло рук таго майстра, які іх стварыў. Бо з любоўю ўсё робіцца, ад душы.


І ў гэтыя зімовыя дні не сядзіць без свайго любімага занятку Ніна Горбаль. Хаця ўжо і зрок не такі пільны, але стараецца і павязаць, і павышываць, бо атрымлівае ад таго вялікае задавальненне, ды і час хутчэй праходзіць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.