Цяпло вачэй і душы

Ёсць людзі пасля сустрэч і размоў з якімі неяк хораша, светла становіцца на душы, хочацца жыць доўга і паспець зрабіць людзям многа добрых спраў. І вяртаючыся з вандроўкі ў свой ужо даўно стаўшы табе любым горад, жывеш у думках хуткімі спатканнямі і задушэўнымі размовамі як са сваёй сям’ёй, жывымі родзічамі, так і з імі, вось такімі проста добрымі табе людзьмі. Якіх ведаеш ці то па службе, ці то па-суседску, ці то проста пасля сустрэч у цесным кругу блізкіх табе землякоў. Сустракаешся з імі зрэдку, часам проста павітаешся на хаду, перакінешся двума-трыма словамі пра наша хуткаплыннае жыццё-быццё ды і таго дастаткова – быццам бальзам на душу…


Вось такая і яна – Тамара Валянцінаўна, ураджэнка Хойнікскага раёна нашай Гомельшчыны, якая з поўным на тое правам можа лічыць сябе жыткаўчанкай, бо жыве і працуе тут ужо чвэрць стагоддзя. Там, на Хойнікшчыне, ёсць вёска Мокіш, у наваколлі якой былі ў дзяцінстве такія прыгожыя паляны ў рамонках, у траве гудзелі махнатыя пчолы і аксамітныя чмялі. Хапала часу, каб палюбавацца мясцовымі краявідамі, дапамагчы разам з братам бацькам – простым вясковым працаўнікам – па хатняй гаспадарцы, але вучоба ў школе ў дзяўчыны заўсёды была на першым плане. Любіла яна матэматыку, біялогію, а ўвогуле цяжка назваць тыя прадметы, да якіх не ляжала яе душа і якія б яна не спасцігала з задавальненнем і поспехам.


Не дзіўна таму, што “штурм” тагачаснага інстытута народнай гаспадаркі ў Мінску быў удалым з першай спробы, і яна стала студэнткай першага курса ўлікова-эканамічнага факультэта. Хаця, не сакрэт, асобныя землякі былі прыемна здзіўлены і ўражаны: бач ты, якое настырнае дзяўчо – адразу ў сталіцу сіганула.


Хутка праляцелі тыя цікавыя студэнцкія гады, зацягнутыя цяпер ва ўспамінах рамантычнай смугою. З дыпломам аб вышэйшай адукацыі Тамара вярнулася ў свае родныя Хойнікі па накіраванні і пачала працаваць галоўным бухгалтарам на малочным заводзе. Лічбы, дэталёвыя падлікі былі музыкай яе душы. Тут і замуж выйшла за Алега, які працаваў з ёю на адным прадпрыемстве.


Праз некаторы час пераехалі ў Жыткавічы, яна стала працаваць галоўным бухгалтарам малочнага завода. Прадпрыемства купіла ім дом. Муж пайшоў працаваць у аўтабазу. Нарадзіліся дзеці – старэйшы Уладзімір і малодшая Алёнка. Праз некаторы час Тамары Сівалобавай мясцовыя ўлады прапанавалі пасаду дырэктара, і яна дала згоду. Клапатлівая, працавітая, як мурашка, спагадлівая ў душы да людзей, але разам з тым і патрабавальная яна хутка знайшла агульную мову са сваімі падначаленымі і калектыў пачаў нагадваць сабою вялікую, дружную сям’ю, у якой могуць па-разумнаму, па-дзелавому паспрачацца, але ў рэшце прыйсці да агульнай высновы і справу сваю зрабіць годна.


Яна жыла сям’ёй і работай. Заўсёды лічыла, што чалавек павінен працаваць з поўнай энергіяй і аддачай, хто б ён ні быў, і ў гэтым у асноўным і заключаюцца сэнс і мэта яго жыцця, яго шчасця. Таму і па натуры яе прызванне – дзейснае жыццё, а не інэртнасць з усімі яе як быццам бы і перавагамі.


Усё складвалася, здаецца, добра, але наступіў 2001 год і грымнула гора-бяда: памёр яе муж. Алега Уладзіміравіча яго калегі-аўтамабілісты неслі ў труне ў апошні зямны шлях да магілы на руках…


Тамара Валянцінаўна не зламалася, не кінулася ў роспач, хаця былі, канечне, і моманты адчаю. Заставаліся дзеці, унукі Глеб ды Андрэй, блізкі ёй працоўны калектыў аднадумцаў. Думалася: Бог не без міласці, а Казачка не без долі. Мы не можам кіраваць лёсам, але можам змагацца. Што ж ты зробіш – пацерпім, бо без гора, мабыць, і дабра не будзе…


Яшчэ ў 1984 годзе Жыткавіцкі малочны завод стаў філіялам унітарнага прадпрыемства “Калінкавіцкі малочны камбінат”, у калектыве прайшла аптымізацыя, толькі ніхто з сумленных працаўнікоў без работы не застаўся. На перапрацоўваючым прадпрыемстве, дзе працоўную вахту зараз нясуць 30 чалавек, заўсёды, вобразна кажучы, спякотныя дзянёчкі, бо на фермах, як вядома, выхадных не бывае. Малако на дапрацоўку паступае штодзённа, і гэта спецыфіка накладвае асаблівую адказнасць на кожнага.


 — Летам у суткі мы прымаем да 65 тон малака, зараз, канечне, меней, — дзеліцца сваімі вытворчымі справамі Тамара Валянцінаўна. — Радуе, што да 70 працэнтаў яго паступае да нас з сельгаспрадпрыемстваў раёна гатункам “экстра”. І цэльнамалочная прадукцыя завозіцца для продажу пакупнікам у 44 гандлёвыя кропкі райцэнтра. А яшчэ хацелася б адзначыць наш участак па тэхнічнаму абслугоўванню ферм, які толькі ў лютым, акрамя ўсяго, рэалізаваў для выпайкі цялят 25 тон замяняльніка цэльнага малака. Работа ў нас, без перабольшвання, складаная, адказная, бо малако, як вядома, хутка псуецца і трэба неадкладна якасна давесці яго да ладу. Але людзі спраўляюцца, справа за імі не стаіць.


У кіраўніка філіяла склаліся добрыя, даверлівыя адносіны як з дырэкцыяй Калінкавіцкага малочнага камбіната, так і з упраўленнем сельскай гаспадаркі Жыткавіцкага райвыканкама. І гэта на карысць як усім тром калектывам, так і агульнай справе.


Тамара Валянцінаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Так, жыццё яе не песціла, шмат было выпрабаванняў, у якіх загартоўвалася душа. Але яна дала пуцёўку ў самастойнае, сумленнае жыццё сыну і дачцэ, дачакалася ўнукаў, стварыла працоўны калектыў, паверыла ў яго і ён паверыў у свайго кіраўніка. Яна знайшла сваё месца ў жыцці, карыстаецца ў людзей заслужаным даверам і пашанай. І хай доўга яшчэ яе вочы свецяцца маладосцю і дабрынёй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.