Дзякуючы старанню і прафесіяналізму

Такое ўжо жыццё, што нам, пажылым людзям, асабліва ветэранам вайны і працы, даволі часта даводзіцца звяртацца ў медыцынскія ўстановы за лячэннем. Такім пацыентам з’яўляюся і я. Адразу хочацца зазначыць, што такіх цёплых адносін да хворых як у Жыткавіцкай цэнтральнай бальніцы не праяўляюць ні ў адной лячэбнай установе. Увагу ўрачы і медсёстры да пажылых людзей праяўляюць адразу ж, пачынаючы з прыёмнага пакоя. Калі мяне туды даставілі, загадчык хірургічнага аддзялення Вячаслаў Павельчук прафесійна мяне агледзеў, паставіў дыягназ, даў накіраванне на лячэнне ва ўзначальваемае ім аддзяленне. Там мяне размясцілі ў асобную палату, а галоўны ўрач адразу сказаў: “Пачынаем інтэнсіўнае лячэнне”. Медперсанал узяўся за справу. Штодня правярала мой стан здароўя лечачы ўрач Дар’я Сулімава, якая прызначыла неабходныя лекі. Медсястра Галіна Сінкевіч старанна выконвала ўсе прызначэнні ўрача: ставіла кропельніцы, уколы. Здзівіла мяне вельмі, што ўрач прымяняла нетрадыцыйныя метады лячэння. Добрае абыходжанне, прафесіяналізм гэтых людзей далі свае станоўчыя вынікі, мне намнога палегчала. Але лячэнне працягвалася. Прыходзілася абследавацца ў такіх спецыялістаў як Аляксандр Карабейнікаў, Таццяна Жураўлевіч, Анатоль Прыходчанка. Хочацца сказаць, што калектыў хірургічнага аддзялення райбальніцы працуе вельмі зладжана і старанна. Тут усюды пануюць чысціня і парадак, што таксама дапамагае выздараўленню. Кіруе ўсім Вера Седых, медык з вялікім вопытам работы. У працэсе лячэння даводзілася бываць на прыёме і ў іншых урачоў. Гэта ў загадчыцы тэрапеўтычным аддзяленнем Валянціны Ліхоты, лор-урача Людмілы Сіланавай, стаматолага Віктара Івашкевіча, хірурга Тамары Грышчэні. Акрамя якаснага лячэння, усе хворыя атрымлівалі і каларыйнае харчаванне, якім нас штодня забяспечвала Ірына Афоніна. Хочацца ўсіх урачоў-мужчын павіншаваць з прайшоўшым Днём абаронцаў Айчыны, а медработнікаў-жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка. Жадаю ім усім здароўя, дабрабыту, поспехаў, шчасця. Іх адносіны да пацыентаў, да сваёй справы яшчэ раз пераканалі, што ў нашай краіне пануе сацыяльная справядлівасць і кожны можа атрымаць высокапрафесійную бясплатную медыцынскую дапамогу. Менавіта дзякуючы такім прафесіяналам маё лячэнне прайшло даволі паспяхова. А. Аліфяровіч, ветэран вайны і працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.