Ладзяцца справы ў фельчара

Рух – гэта здароўе. Для загадчыцы Дуброўскім ФАПам Алены Козел – гэта яшчэ і адна з умоў паспяховай працы.
Алена Мікалаеўна пражывае ў аграгарадку Бялёў. Але так надарылася, што кожны дзень, каб дабрацца да месца сваёй працы ў аграгарадок Дуброва, ёй даводзіцца пераадольваць па некалькі кіламетраў. І гэта нягледзячы ні на якія прыродныя катаклізмы. Але жанчына прызвычаілася да такой неспадзяванкі ў сваёй рабоце. І заўсёды своечасова дзверы фельчарска-акушэрскага пункта адчыняюцца перад пацыентамі. Але падоўгу медработнік тут не затрымліваецца. Робіць неабходныя працэдуры вяскоўцам, што прыйшлі на прыём, выдае ім неабходныя лекі – і зноў у дарогу. Павінен фельчар наведаць ветэранаў вайны, сем’і, дзе толькі нарадзіліся немаўляты, адзінока пражываючых пажылых людзей. У вясковага медработніка гэтыя катэгорыі насельніцтва пад асаблівым кантролем.
— Людзі цяпер мала клапоцяцца пра сваё здароўе, асабліва пажылыя, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Выпішаш ім лекі, дзень папрымаюць, а пасля забудуцца, пакуль зноў дрэнна не стане. Таму кантроль патрэбны за дзядулямі і бабулямі неаслабны. А яшчэ кантакт неабходны з імі завязаць, каб пераканаць іх у неабходнасці пастаяннага лячэння.
Дзецьмі таксама пакуль Бог не крыўдзіць аграгарадок, дзе працуе Алена Мікалаеўна. Але засмучае яе іншае, нараджаецца іх немалая колькасць у так званых нядобранадзейных сем’ях. Зноў жа без кантролю не абысціся. Па некалькі разоў на месяц фельчару даводзіцца бываць у такіх сем’ях, бо здароўе дзяцей для яе важней за ўсё.
Часты госць Алена Мікалаеўна і ў школе, дзе расказвае рабятам пра карысць здаровага ладу жыцця, вядзе іншую прафілактычную работу. Ды і фермы, машынны двор мясцовай гаспадаркі не абмінае. Тут таксама працуюць людзі, якім патрэбна данесці неабходную інфармацыю, як пазбегнуць захворванняў.
У аграгарадку Дуброва Алена Мікалаеўна працуе з 2006 года. Да гэтага былі вучоба ў Мазырскім медвучылішчы, праца ў Хваенскай участковай бальніцы. Так атрымалася, што выйшла ў Бялёў замуж. Загадваць ФАПам аграгарадка Дуброва пагадзілася адразу, хаця адлегласць напачатку ад месца пражывання да працоўнага палохала. Але звыклася з гэтым, цяпер нават пэўныя плюсы ў тым шукае. А яшчэ жанчына вельмі любіць сваю справу. Садзейнічае гэтаму тое, што ў памяшканні ўзначальваемай ёю ўстановы створаны належныя ўмовы для працы. Нядаўна праведзены капітальны рамонт ФАПа. Дзякуючы гэтаму, а таксама стараннасці і працавітасці фельчара Дуброўскі ФАП лічыцца адным з лепшых сярод аналагічных устаноў Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.