Майстар паштовай службы

Сёлета на раённым злёце перадавікоў вытворчасці працоўны калектыў работнікаў пошты прадстаўляла паштальён Ніна Вінаградава. Што жанчыне кіраўніцтва ўстановы аказала такі пачэсны і разам з тым ганаровы давер, з’яўляецца вынікам яе стараннасці і працавітасці. Так бы мовіць, заслужыла пашану ў калег сваёй руплівасцю і высокім прафесіяналізмам. Вось ужо больш дваццаці гадоў Ніна Дзмірыеўна выконвае абавязкі паштальёна ў аддзяленні сувязі Сямурадцы. І, мяркуючы па вышэй азначанай падзеі, робіць гэта вельмі вынікова.
Гэта на першы погляд падаецца, што ў вясковага паштальёна не так і шмат спраў. Канечне, газет і часопісаў сельскія жыхары сталі выпісваць намнога меней, як і пісаць лісты сваякам. Але ад гэтага сумка работніка аддзялення сувязі не патанчэла. Хутчэй наадварот, цяпер патрэбна браць яшчэ адну ўдавесак. Разам з перыёдыкай паштальён яшчэ нясе людзям і тавары штодзённага попыту. Таму дома Ніна Дзмітрыеўна не марудзіць. Паробіць хатнія справы – і на пошту. Патрэбна паспець туды да прыезду машыны з райцэнтра, якая прывозіць перыядычныя выданні і тавары. Пакуль вядзецца разгрузга, Вінаградава з калегамі рассартыроўваюць газеты па адрасам, а потым старанна набіваюць сумкі таварамі першай неабходнасці. На многія з іх ужо ў паштальёнаў маецца заказ ад вяскоўцаў. Асабліва ад пажылых, якім складана рухацца. Перад выхадам, так бы мовіць, кантрольная праверка, — гэта, каб нічога не забыць. І вось ўжо з сумкамі наперавес Ніна Дзмітрыеўна крочыць па вуліцы свайго ўчастка. Ён немаленькі, але ўсіх людзей яна ведае вельмі добра. Лічы, усё жыццё ў гэтых мясцінах правяла. Хаця прыйшлося па свету паездзіць. Працавала на фабрыцы ў Гродна, а потым перабралася ў Ленінград, дзе таксама ўладкавалася на завод. Там жа і сям’ёй абзавялася. Але пераехала на малую радзіму, дзе і абаснавалася. Адразу прыйшла на працу ў мясцовае паштовае аддзяленне. Новую справу для сябе асвоіла вельмі хутка.
Вось так, перабіраючы ўласныя думкі, і крочыць вясковай вуліцай паштальён, незважаючы на надвор’е. Часам гэтыя думы ненадта вясёлыя. Але настрой Ніны Дзмітрыеўны змяняецца адразу, як толькі яна расчыняе дзверы першай хаты. З ветлівай усмешкай распытае гаспадароў пра навіны, сама нешта раскажа з вясковага жыцця, пра што пачула асабіста.
— Вельмі важна ў нашай справе наладзіць з чалавекам кантак дружалюбны, — кажа Ніна Дзмітрыеўна.
Але за гэтым ніколі не забывае пра свае прафесійныя абавязкі. І тавары паўсядзённага попыту прапануе, і за электраэнергію, радыё, тэлефон, страхоўку аплату возьме, і новымі газетамі парадуе, і пенсію выдасць. А гэта патрабуе ад паштальёна засяроджанасці. Усё ж грошы лік любяць. Вось так і кіруецца Ніна Дзмітрыеўна ад аднаго дома да другога. Пакуль абыдзе ўсё, глядзіш, і вечар надыходзіць. Зразумела, адчуваецца стома, але яна не палохае паштальёна, бо ўсведамляе, што сваёй працай яна прыносіць карысць людзям.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.