Майстар важкіх надояў

Ужо не першы год у лік перадавых жывёлаводаў раёна ўваходзіць аператар машыннага даення камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Коленскае” Валянціна Хугаева.


Штогод разам са сваім калегам Іванам Андыкам яны ставяць самыя максімальныя задачы. І пастаянна іх удаецца выконваць. Напрыклад, пазалетась Валянціна Аляксандраўна ад кожнай цялушкі сваёй групы надаіла па 5822 кілаграмы. За мінулы год гэты вытворчы паказчык аператар машыннага даення здолела павялічыць больш чым на чатырыста кілаграмаў малака, і надой ад адной цялушкі дасягнуў 6284 кілаграмаў.


Валянціна Аляксандраўна працуе на даволі нялёгкім, але важным участку жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі – раздоі першацёлак. Значнасць і выніковасць гэтай працы ў тым, што менавіта ад яе залежыць, наколькі высокай будзе малакааддача жывёліны ў будучым. Мяркуючы па тым, што на грамадскіх фермах сельгаспрадпрыемства “Коленскае” пастаянна павялічваюцца надоі ад каровак асноўнага дойнага статка, Валянціна Аляксандраўна спраўляецца са сваімі абавязкамі нядрэнна.


— Да працы патрэбна адносіцца з душой, — кажа перадавы аператар, — а яшчэ трэба ўмець абыходзіцца з жывёлай. Заўсёды падыходзіць да яе з ласкай, і кароўкі аддзячаць вялікім малаком за гэта.


Не адмаўляе жанчына і той акалічнасці, што за апошнія гады значна палепшыліся на іх малочнатаварным комплексе ўмовы ўтрымання жывёлы, а таксама намнога лягчэй стала працаваць аператарам машыннага даення. Ды і кармавая база палепшылася. Зараз кожная рагуля атрымлівае на комплексе паўнацэнную збалансаваную кормасумесь. Безумоўна, лічыць жывёлавод, гэта вялікая заслуга кіраўніцтва гаспадаркі. Таму і працаваць дрэнна не выпадае.


Кожны працаўнік сельгаспрадпрыемства адчувае падтрымку гаспадаркі не толькі на вытворчых участках, але і ў быту. У свой час Валянціна Аляксандраўна пераехала ў гэтыя мясціны з Расіі. Гаспадарка дапамагла ёй глыбока пусціць карані ў гэтую зямлю. Таму Валянціна Хугаева хоча бачыць яе ў росквіце і багацці. Сакрэт для гэтага, па меркаванню жанчыны, толькі адзін – сумленна і старанна працаваць. І гэта яна робіць з вялікім задавальненнем.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.