На новую ступень развіцця

Сваі спадзяванні на лепшую будучыню цяпер калектыў КСУПа “Людзяневічы” звязвае з супрацай з калектывам Рэспубліканскага аб’яднання “Белаграсервіс”. На гэтым і іншых акцэнтах і спыніліся як працаўнікі гаспадаркі, так і прадстаўнікі прадпрыемства на сходзе па падвядзенні мінулагодніх вынікаў.
Паказчыкі леташняй дзейнасці абмяркоўваліся даволі грунтоўна. Аб поспехах і праліках гаварылі і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Чарнушэвіч, і мясцовыя спецыялісты, а таксама першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Наўныка, а таксама намеснік дырэктара аб’яднання Аляксандр Тарасевіч і памочнік кіраўніка “Белаграсервісу” Валерый Кабановіч.
Вострых, так бы мовіць, вуглоў не зразалі, а казалі ўсё як яно ёсць. Як заўважыў Уладзімір Андрэевіч, было нямала поспехаў, але і праблемы, і недапрацоўкі мелі месца. Са станоўчага боку кіраўнік гаспадаркі найперш назваў, што за леташні год удалося значна павялічыць выручку ад рэалізацыі прадукцыі, а таксама прыбытковасць вытворчасці. Да станоўчых момантаў у дзейнасці людзяневіцкіх працаўнікоў можна аднесці і тое, што яны намнога павялічылі аддачу зерневага і кукурузнага палеткаў. На 394 кілаграмы прыраслі і надоі малака на мясцовых фермах, а на 117,9 працэнта — яго продаж дзяржаве. Толькі як паказаў далейшы аналіз мінулагодніх спраў, калектыву ёсць куды расці ў плане вытворчасці як раслінаводчай, так і жывёлагадоўчай прадукцыі. Напрыклад, калі сярэдняя ўраджайнасць зерневых культур па раёну склала за трыццаць цэнтнераў з гектара, то па КСУПу не дацягнулі і да дваццаці. Менш сярэднераённага надоена і малака ад каровы – адпаведна 4015 кілаграмаў супраць 3502. Ды і той факт, што калектыў сельгаспрадпрыемства з’яўляецца аўтсайдзерам па продажы малака гатункам “экстра” таксама сведчыць, папрацаваць сёлета прыдзецца нямала і ў гэтым напрамку. І прыкладаў недапрацовак было прыведзена нямала, а гэта ўсё — страчаная выручка, якая вымяраецца сотнямі мільёнаў рублёў.
На шэраг пралікаў звярнулі ўвагу і госці. Найперш была закранута тэма рацыянальнага расходавання гаруча-змазачных матэрыялаў. Зноў жа для параўнання ў гаспадарцы іх пры цяперашнім узроўні вытворчасці спалілі намнога больш, чым суседнія сельгаспрадпрыемствы. Не будзем адмаўляць, што КСУП “Людзяневічы” – гаспадарка даволі раскіданая. Але гэта ўжо праца для спецыялістаў, як арганізаваць граматна з большай эфектыўнасцю перагоны машын і трактароў з аднаго падраздзялення ў іншае. Ды і механізатары, як адзначалася, не заўсёды дбайна адносяцца да замацаваных машын і агрэгатаў. А гэта паломкі і прастоі.
Несумненна, у сваёй вытворчай праграме на бягучы год людзяневіцкія працаўнікі прадугледзелі, каб не дапускаць больш такіх промахаў. А гэта сведчыць аб тым, што плануецца ўкараняць больш сучасныя тэхналогіі і на палетках, і на фермах, наводзіць парадак на зямлі і на вытворчых аб’ектах, павышаць дысцыпліну і адказнасць за даручаны ўчастак работы. На цяперашні час актыўна будуецца сучасны малочнатаварны комплекс. Гэта той шлях, які дазволіць мець больш прадукцыі, а таксама грошай ад яе рэалізацыі, якія будуць выдаткоўвацца і на заробкі, і на развіццё. Па той значнай колькасці падарункаў, якія былі ўручаны на сходзе, можна меркаваць, што кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства ёсць на каго абаперціся. Ды пэўную дапамогу аказвае ўжо гаспадарцы рэспубліканскае аб’яднанне. Напрыклад КСУПу дапамаглі набыць запчасткі, каб падрыхтаваць тэхніку да веснавой пасяўной. А яна ўжо не за гарамі. Ёсць і больш значныя праекты на далейшую перспектыву, інфармацыю перад працаўнікамі пра іх агучылі Аляксандр Тарасевіч і Валерый Кабановіч. Гэта і развіццё на гэтай тэрыторыі птушкагадоўлі, а таксама авечкагадоўлі. Як усё складзецца, пакажа час, але зараз мясцовым спецыялістам і радавым працаўнікам прыйдзецца прыкласці нямала намаганняў, каб паспяхова справіцца з прынятай на сходзе вытворчай праграмай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.