Паважаная ў вёсцы жанчына

Настаўніцы сельскіх школ
На вас і каровы, і дровы
Нагрузак няўдзячных падзол.
Люстэрка? Калі ў яго глянуць?
Клопаты, турботы, штодня…
Каравыя рукі сялянак
І ўзнёслых вачэй чысціня.
Р. Барадулін.
Жыве ў вёсцы Хільчыцы жанчына. Заўсёды спакойная, ласкавая, прыветлівая, з прыемнай усмешкай на твары. Высокая, стройная, усё яшчэ прыгожая, нягледзячы на сталы ўзрост. Часта можна заўважыць яе на вуліцы, калі ідзе ў магазін або на медпункт за лекамі. Яе любяць, паважаюць аднавяскоўцы.
Гэта Валянціна Іванаўна Казак, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хільчыцкай сярэдняй школы. Нарадзілася Валя ў 1949 годзе ў вёсцы Лядзец Давыд-Гарадоцкага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Марына Лаўрэнцьеўна, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школах раёна. Часта прыходзілася пераязджаць з адной вёскі ў другую. Да 1951 года сям’я жыла ў вёсцы Лядзец, потым з 1951 па 1953 год – у Аздамічах, з 1953 па 1955 гг. – у Сямігосцічах, з 1955 па 1960 гг. – у Хотамлі, з 1960 па 1962 год – зноў у Аздамічах. У вёсцы Хільчыцы жыла маці Марыны Лаўрэнцьеўны, бабка Агапка. Жанчына марыла разам са сваімі дзвюма дочкамі Валяй і Кацяй пераехаць на радзіму, але ўсё неяк не атрымоўвалася. Нарэшце, гэта здарылася. Валя пераехала да бабулі ў 1961 годзе і пайшла ў шосты клас Хільчыцкай васьмігадовай школы. Праз год у Хільчыцы пераехала і яе мама. Марына Лаўрэнцьеўна працавала завучам ў школе і выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1964 годзе дзяўчынка скончыла восем класаў. У дзявятым і дзясятым класах вучылася ў Тураўскай сярэдняй школе №1, якую скончыла ў 1966 годзе.
Пасля школы два гады працавала палявоадам у калгасе “Шлях да камунізму”. У 1968 годзе паступіла на заваочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага педа-гагічнага інстытута, які скончыла ў 1973 годзе. Спачатку працавала піянерважатай ў Хільчыцкай школе, потым настаўніцай пачатковых класаў, а з 1969 па 2006 год – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
У 1969 годзе выйшла замуж за вясковага хлопца, весяльчака, гарманіста Івана Казака. Іван працаваў у калгасе “Шлях да камунізму”. “Як зайграе Іван, ногі самі ў пляс просяцца, — успамінае Валянціна Іванаўна. – Часта разам з мужам і сябрамі ў маладосці любілі сабрацца разам, павесяліцца, паспяваць. Цікава было, весела. Вечарамі музыка іграе, дзяўчаты спяваюць. Ніякай зайздрасці не было. А цяпер тэлевізары ды кампьютэры адбілі людзей ад усяго роднага, блізкага. Ціха цяпер вечарамі. Усе ў хатах сядзяць”.
Нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Усе дзеці добра вучыліся ў школе. Дочкі скончылі школу з залатымі медалямі. Старэйшая дачка Алена далей вучылася ў Магілёўскім медыцынскім вучылішчы. Цяпер жыве ў Маскве, працуе фармацэўтам. Выхоўвае дзвюх дачок. Аляксей жыве і працуе ў Калінкавічах у РАНС. Таццяна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Грабянёўскай базавай школы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Жыве ў Жыткавічах, выхоўвае дачку Марыю. Часта прыязджае да бацькоў у Хільчыцы, дапамагае ім па гаспадарцы.
Вучні вельмі любілі сваю Валянціну Іванаўну не толькі за цудоўнае валоданне прадметам, але і за яе сумленнасць, дабрыню, чуласць, спавагу. Да кожнага вучня яна магла знайсці падыход, падтрымаць у цяжкую хвіліну, акрыліць. Адсюль вывад: у многіх школах раёна і вобласці працуюць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры вучні Валянціны Іванаўны. Шмат увагі яна ўдзяляла пазакласнай рабоце па прадмету. Праводзіла літаратурныя вечары, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў. Вяла гурток “Спроба пяра”, які вучні наведвалі ахвотна: вучыліся пісаць вершы, апавяданні. Часта арганізоўвала літаратурныя гасцёўні, пасядзелкі, калядкі. Сама Валянціна Іванаўна вельмі прыгожа спявае, умее танцаваць народныя танцы, вяжа, вышывае. Гэтаму навучыла сваіх школьнікаў. Гэта былі сапраўдныя святы. Дзяўчаты ў прыгожых беларускіх блузках, якія вышывалі самі, у вясковых спадніцах. Вучні Валянціны Іванаўны ўдзельнічалі ў алімпіядах, конкурсах сачыненняў, у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Неаднаразова былі пераможцамі.
Праца настаўніцы адзначана Ганаровымі граматамі Жыткавіцкага раённага аддзела адукацыі, абласнога аддзела адукацыі і Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Гляджу на гэтую цудоўную жанчыну і здзіўляюся яе энергічнасці, жыццярадаснасці, чуласці. Колькі дабрыні і пяшчоты ў яе вачах. Цяпер Валянціна Іванаўна больш гаворыць пра ўнукаў, ганарыцца імі. “Вось мая радасць, мая надзея. Ёсць для каго жыць,” — усміхаецца шчаслівая бабуля.
Вось такая яна, наша Валянціна Іванаўна Казак, паважаны чалавек у вёсцы. Цяжкасцей было многа ў жыцці, але ўсё змагла пераадолець. Асабліва, калі дзеці былі малыя. Дзіцячага садка не было ў вёсцы. Трэба было рана ўставаць, падаіць карову, накарміць свіней, грады ў агародзе прапалоць. Усё гэта на адныя рукі. Муж працаваў механізатарам у калгасе і ішоў на работу вельмі рана. Начамі сядзела над рабочымі планамі і сшыткамі, да ўрокаў патрэбна было перачытаць шмат літаратуры. Старанна рыхтавалася да кожнага ўрока: інакш не магла. Вучні ёй плацілі ведамі, любоўю да прадмета. Маці, жонка, бабуля, майстар на ўсе рукі, цудоўная жанчына. Пра такіх вялікі рускі паэт Някрасаў пісаў у сваёй паэме:
«В игре ее конный не словит,
В беде, — не сробеет, — спасет:
Коня на скаку остановит,
В горящую избу войдет».
Жывіце доўга, Валянціна Іванаўна. Няхай дасць Вам бог здароўя, няхай Вас радуюць вашы дзеці і ўнукі. Нізкі Вам паклон да зямлі за вашу працу, такую нялёгкую і ганаровую.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.