Ты са мной, маё Чырвонае…

«Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…»


Менавіта з гэтых задушэўных радкоў народнага паэта пачынаю свой допіс-настальгію ў маю родную раёнку “Новае Палессе”, з якой я супрацоўнічаў яшчэ ў тым стагоддзі, у 80-я гады.


Мая першая замалёўка была пра пасёлак Чырвонае, у якім мне выпаў лёс пражыць амаль трыццаць гадоў – з 1978 па 2007 гады. Дарэчы, той матэрыял быў перадрукаваны з раёнкі і змешчаны ў “Гомельскай праўдзе”.


На маіх вачах будаваліся пасёлак і торфабрыкетны завод, узнікалі палі торфаздабычы, падрыхтоўку якіх мне прыходзілася кантраляваць па абавязку маёй пасады – старшага інжынера-гідратэхніка.


Многа было надрукавана ў “Новым Палессі” нарысаў, замалёвак пра найлепшых працаўнікоў торфапрадпрыемства і будаўнікоў БМУ-8. І мне вельмі прыемна, што ў сувязі з выхадам 7-тысячнага нумара газеты “Новае Палессе” я, у той час ваш пазаштатны карэспандэнт, быў узнагароджаны Ганаровай граматай райкама партыі і райвыканкама. Гэта быў 1984 год.


Тыя мясціны вакол Князь-возера дарагія і мне, хаця маё дзяцінства прайшло ў другім раёне, але амаль трыццаць гадоў я меў магчымасць таксама любавацца гэтымі краявідамі і той нерукатворнай прыродай азёрнага краю. У тыя часы я нават напісаў песню-верш пад назвай “Червоненская лирическая”. Словы тыя сталі гімнам для пасёлка. Там ёсць такія радкі:


 …На закате солнце багряный свет раскинет, Красными лучами коснется крыш домов. И посёлок этот никто из нас не покинет, Жить в этом поселке я всю жизнь готов.


І сёння, цераз вашу газету, я павінен прасіць прабачэння ў свайго любага пасёлка і яго жыхароў, што гэтыя мае лірычныя словы, якія ішлі ад усёй душы і чыстага сэрца, я не стрымаў і пакінуў свой родны пасёлак пяць гадоў таму. Тут жывуць дзеці, унукі. Не, я не здрадзіў табе, маё Чырвонае. Усе гэтыя пяць гадоў я з табою, я цябе не забываю, час ад часу наведваюся туды, мой родны кут, мой пасёлак.


Мне прыемна любавацца пабудаваным не вельмі даўно адным з прыгажэйшых у Тураўскай епархіі праваслаўным храмам, які ўзвышае пасёлак на ўсю акругу. Я ганаруся, што мне выпаў гонар прымаць удзел у закладцы фундамента пры яго будаўніцтве.


Вялікае прывітанне жыхарам пасёлка, тым, хто мяне знае і помніць. Хай квітнее гэты цудоўны край, дабрабыту яго жыхарам, поспехаў у рабоце працаўнікам торфабрыкетнага завода, якому я аддаў 29 гадоў жыцця, здароўя і доўгага веку ўсім ветэранам працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.