Хлебаробскім шляхам

Механізатар КСУПа “Чырвоны Бор” Дзмітрый Макарэвіч упэўнена крочыць па бацькоўскай дарозе хлебаробскай, плённа працуючы на палетках роднай гаспадаркі.


Першы поспех да механізатара прыйшоў, калі ён разам з братам вырашылі паўдзельнічаць у працоўным раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў на жніве. Тады яны з вялікім адрывам перамаглі ў гэтым працоўным саперніцтве. Праца на збожжавым палетку Дзмітрыю Анатольевічу заўсёды прыносіць асалоду, бо ў цяжкіх зярнятах бачыць плён сваёй дзейнасці і сваіх калег. Як ні кажы, а высілкаў і старання патрачана за год для гэтага многа: і вясной, і восенню, і зімой, і летам.


Як вядома, поле роўна ляжыць ды гуляць не вяліць. Каб вырасціць хлеб, патрэбна пастарацца, не адну літру поту праліць. Дзмітрый Анатольевіч гэта добра разумее, таму на любым участку стараецца працаваць сумленна, забяспечвае высокую якасць работ. Дасканала Макарэвіч ведае і замацаваную за ім тэхніку, заўсёды падтрымлівае яе ў спраўным стане. Таму і служыць яна ва ўмелых руках механізатара бездакорна, у самы гарачы час сельгаскампаній не прастойвае, бо гаспадар дбайна паклапаціўся пра свой трактар загадзя.


На памяць механізатара прыходзіць такі выпадак, які ў поўнай ступені раскрывае хлебаробскі характар Дзмітрыя Анатольевіча. Жніво ў той год цяжка праходзіла, частыя дажджы не давалі працаўнікам гаспадаркі ўбіраць вырашчаны ўраджай. Камбайны і аўтамабілі, так бы мовіць, “садзіліся” на палетку па самае паддонне. Ледзь выцягвалі. Усяго адной ночы хапіла Дзмітрыю і яго брату, каб вырашыць праблему і працаваць на палетку ў звычайным рэжыме. Праўда, дапамог і бацька. Не паспалі ўтраіх, але за ноч устанавілі на камбайн спараныя колы. І справа на палетку пайшла – сямейны экіпаж стаў лідарам унутрыгаспадарчага саперніцтва. Не раз Дзмітрый анатольевіч выходзіў пераможцам з такіх пазаштатных сітуацый. Менавіта за працавітасць, старанне, майстэрства і паважае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства механізатара, бо добра ведае, што, дзе б ні працаваў Дзмітрый Анатольевіч, ніколі не падвядзе.


Ёсць у біяграфіі Макарэвіча і такі факт: яго ад раёна вылучылі дэлегатам на другі Усебеларускі сход. Такі гонар не кожнаму выпадае.


У капілцы Дзмітрыя Анатольевіча маецца ўжо нямала розных працоўных перамог. Але не дзеля іх шчыруе механізатар, для яго галоўнае — годна працягваць бацькоўскую справу, не падвесці свайго настаўніка. А пашана, яна заўсёды прыходзіць да старанных і працавітых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.