Больш парадку на роднай зямлі

У кіраўніцтва Людзяневіцкага сельвыканкама накоплены немалы вопыт у рабоце па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Практычна ў кожнай вёсцы можна ўбачыць плён гэтай працы. Устаноўленыя новыя агароджы і малыя архітэктурныя формы на сельскіх вуліцах, разбітыя кветнікі, ачышчаная ад хмызняку зямля і многае іншае. Па словах старшыні Савета Юрыя Волчыка, справа па навядзенні парадку стала для кожнага жыхара абавязковай і неабходнай умовай сумеснага пражывання. І такая змена ў людской псіхалогіі толькі дапамагае сельскай уладзе вырашаць пастаўленую задачу па добраўпарадкаванні вёсак, бо людзі самастойна праяўляюць ініцыятыву і старанне.
За прыкладамі хадзіць далёка не патрэбна. Яшчэ некалькі гадоў у вёсках сельсавета так званых узорных у плане добраўпарадкавання сядзіб можна было па пальцах пералічыць. Цяпер жа іх лік вымяраецца некалькімі дзясяткамі.
— Асабліва шмат па навядзенні парадку на нашай зямлі было зроблена за мінулы год, расказвае Юрый Аляксандравіч. Працавалі ўсе: і насельніцтва, і мясцовая ўлада. Значную дапамогу аказалі мясцовая гаспадарка і ўстановы, гарадскія арганізацыі, мабільныя групы. Вынік сумесных старанняў відавочны. Устаноўлены кіламетры новых агароджаў, яны пафарбаваны, вернута ў севазварот з дзясятак гектараў зямель. Ачышчаліся землі ад хмызняку, выканана іншая работа.
Канечне, не ўсё так спорылася лёгка, як падаецца. Даводзілася сельвыканкаму і прымяняць адміністрацыйныя меры да найбольш нядбайных гаспадароў. За мінулы год ім было выдадзена 900 прадпісанняў, а таксама складзена 117 пратаколаў. Як адзначыў Юрый Аляксандравіч, жыхары ў сваёй большасці рэагавалі на заўвагі правільна і наводзілі на сваіх сядзібах парадак.
— Звяртацца да адміністрацыйных мераў даводзіцца і сёлета, — кажа старшыня сельсавета. — З пачатку года выдадзена 157 прадпісанняў, складзена 17 пратаколаў. Але для нас пакараць не самамэта, важней іншае, каб чалавек зразумеў, што беспарадку цяпер ніхто не пацерпіць.
Па такім прынцыпе працуе сельвыканкам і з гаспадарамі пакінутых пабудоў. На 369 сядзіб грамадзяне напісалі заявы ў Савет, што будуць падтрымліваць на іх парадак. Самае складанае мясцовай уладзе было знайсці іх уладальнікаў або нашчадкаў. Ім сельсавет адправіў 340 прадпісанняў. Тым жа гаспадарам, хто не пажадаў выкарыстоўваць сваю маёмасць, прапаноўвалі яе знесці або аказаць дапамогу па зносу. Многія пагаджаліся. Пачынаючы з 2007 года ў вёсках Людзяневіцкага сельсавета знесена 168 занядбаных пакінутых будынін.
— На цяперашні час у нас няма домаўладанняў без гаспадароў, — адзначае Юрый Волчык. — Як падтрымліваецца імі парадак на такіх сядзібах, пастаянна кантралюецца сельсаветам. І тым гаспадарам, якія не выконваюць ўстаноўленыя патрабаванні па добраўпарадкаванні сваіх сядзіб, прапануем: або наводзь парадак, або знось пабудову, або пішы заяву ў сельсавет на аказанне дапамогі па зносу.
Дарэчы, аналізуючы сітуацыю па зносу старых пакінутых домаўладанняў, старшыня Савета не абмінуў увагай і праблему. Даволі востра паўстае пытанне з прыборкай падмуркаў будынін. Патрабуецца тэхніка. Напрыклад, зараз сельсавету неабходна яшчэ прыбраць 68 падмуркаў. Закончыць гэтую работу плануецца да канца бягучага года.
Апорай вясковай улады ў рабоце з насельніцтвам служаць давераныя асобы сельсавета, дэпутаты. Менавіта яны з’яўляюцца ініцыятарамі многіх спраў. У гэтыя дні працуюць з людзьмі па самаабкладанню. Вынік ёсць – сабрана больш дзевяці мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы, а таксама і тыя, што яшчэ будуць сабраны, пойдуць на добраўпарадкаванне могілак, дзе патрэбна ўстанаўліваць новыя агароджы. Адным словам, людзяневіцкі сельвыканкам прыкладвае ўсе намаганні, каб на яго тэрыторыі стала яшчэ больш парадку і намнога прыгажэй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.