Быць вяскоўцам, быць гаспадаром

Як і ўсе маці, Марына Канстанцінаўна Жолдак бачыла свайго сына Канстанціна гараджанінам з усімі наступствамі гэтага ўкладу жыцця: васьмігадзінным рабочым днём, двума выхаднымі, іншымі выгодамі. Але ўсё аказалася па-іншаму, бо хлопца цягнула ў родную вёску, дзе ён нарадзіўся і вырас. Яму хацелася працаваць на зямлі. І гэтага Канстанцін Аркадзьевіч дабіўся, трывала пусціў карані ў аграгарадку Людзяневічы.
Уяўленне аб вясковым быце для Канстанціна Жолдака – гэта найперш быць гаспадаром на ўласным падворку. Ён заўсёды пракорміць, калі на ім будзе ўтрымлівацца розная хатняя жывёла ды птушка. Гэта ў яго характары яшчэ з маленства сфарміравалі бацькі. І канстанцін Аркадзьевіч цвёрда трымаецца іх навукі.
Шукаў свой шлях у жыцці Канстанцін не адзін год. І ў горадзе давялося пажыць, і ў мясцовай гаспадарцы папрацаваць, і ў заробкі паездзіць. Але вынік атрымліваўся заўсёды адзін: праз пэўны час разумеў, што не яго гэта справа, адчуваў сябе, нібы не ў сваёй талерцы. Нарэшце вырашыў, што хопіць траціць марна час, чаму б не паспрабаваць працаваць самастойна. Параіўся з сябрам, і вырашылі заняцца жывёлагадоўляй. З гэтага і пачалося развіццё яго прыватнай гаспадаркі.
Усю жывёлу набываў паступова. Напачатку набыў сабе ва ўласнасць тры каровы. Рагулі гаспадара аддзячвалі добрымі надоямі. Канечне ж, не за так, а за належны догляд і кармленне. Стараўся Канстанцін Аркадзьевіч цэлае лета, каб назапасіць для сваіх каровак дастаткова кармоў. Нават коней завёў, каб было чым апрацоўваць агарод, які раскінуўся больш чым на гектар. Купляліся і розныя прыстасаванні, якія дазвалялі Жолдаку паспяхова спраўляцца са сваёй немаленькай гаспадаркай. Гэтыя старанні пачынаючага гаспадара давалі плён. Лішкі малака прадаваў дзяржаве, за што меў цвёрды даход, з якога і жыў са сваёй сям’ёй.
З кожным годам на падворку Жолдака прыбаўлялася рознай хатняй жыўнасці ды птушкі. Напрыклад, не так даўно абзавёўся гаспадар невялікай атарай авечак. Каб яны вяліся, нават племяннога барана прыкупіў. Але найперш не забываўся гаспадар пра галоўных сваіх карміліц – каровак. Да тых трох, што меў ва ўласнасці, яшчэ дзве дабавілася. Цяпер у Канстанціна Аркадзьевіча на падворку ўтрымліваецца пяць кароў. Ужо які год ён з’яўляецца самым актыўным малаказдатчыкам на тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета. Напрыклад, за мінулы год ім прададзена дзяржаве амаль трыццаць тон малака.
Канечне, лічыць мужчына, што без падтрымкі мясцовых сельгаспрадпрыемства, сельсавета не так бы паспяхова ўдавалася б развіваць прыватную гаспадарку. Але гэтая падтрымка аказваецца. Ды і ў нашай краіне нямала робіцца ўладай, каб вяскоўцы абзаводзіліся гаспадаркай. На жаль, не ўсе цяпер з іх імкнуцца рабіць гэта. Лепей у магазін схадзіць за тым жа малаком, агароднінай ці садавінай. Купіў і ніякіх табе клопатаў. Жолдак не разумее такіх вяскоўцаў. Канечне, цяжка працаваць даводзіцца, але ж і аддача маецца належная.
Канстанцін Аркадзьевіч вельмі рады, што яму ўдалося знайсці сваё месца ў жыцці. Так, прыходзіцца і рана ўстаць, і позна легчы, але не наракае ён на гэта, бо прыносіць праца асалоду. А яшчэ мае гаспадар мару, што з цягам часу яго прыватны падворак стане фермерскай гаспадаркай, якую ён зможа перадаць у спадчыну свайму нашчадку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.