Чорны лісток календара

На сцяне перад маім сталом вісіць адрыўны каляндар. Я, як і ўсе дзеці, у свае дванаццаць год вельмі цікаўны чалавек. І, безумоўна, прагледзеў каляндар яшчэ да таго, як ён заняў пачэснае месца на сцяне. Шмат чаго цікавага я змог прачытаць у ім. Але, гартаючы каляндар, мяне асабліва зацікавіла старонка, прысвечаная 26 красавіку. Гэта дата была памечана чорным колерам – Дзень трагедыі
. Пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, што адбылася 26 красавіка 1986 года, я, канечне, ведаў. Але, гледзячы на чорны лісток календара, мне захацелася даведацца яшчэ больш.
Спачатку я вырашыў пагаварыць з бацькам, і хоць яму ў той страшны час было не на шмат больш гадоў, чым мне, усё ж нешта ён павінен памятаць пра той дзень. Бацька расказаў, што ён быў яшчэ зусім маленькім, але памятае той страх і паніку, што ахапілі людзей. Адчуванне незразумеласці панавала навокал, людзі не ведалі, што рабіць, бо такіх аварый у Савецкім Саюзе яшчэ ніколі не было. Многія людзі пакідалі родныя мясціны, шукаючы для сваіх дзяцей больш чыстай зямлі. Але больш было тых, хто вырашыў застацца на радзіме, спадзяючыся, што страшная навала міне і ўсё застанецца па-ранейшаму. Дома вырашыла застацца і мая сям’я. І гэта вельмі добра, бо я не ўяўляю, што мог нарадзіцца недзе па-за межамі Кольна, Беларусі.
Потым я накіраваўся ў школьную бібліятэку, каб папоўніць свае веды пра той страшны дзень. Алена Генадзьеўна, школьны бібліятэкар, паклала перада мной цэлы стос кніг і часопісаў, якія б змаглі даць мне новыя звесткі пра катастрофу на ЧАЭС. Прачытаўшы, я даведаўся пра людзей, якія, ахвяруючы сваім жыццём, змаглі прыпыніць работу электрастанцыі. Такіх людзей было шмат. Але самымі першымі на барацьбу з гэтым злом узняліся пажарнікі. Яны ведалі, што могуць страціць здароўе, жыццё, іх дзеці могуць застацца сіротамі, але дзеля іншых дзяцей, дзеля будучыні ўсёй краіны яны ішлі ў бой. Так, я лічу, што гэта была сапраўдная вайна з нябачным ворагам, якую нашы выратавальнікі з гонарам выйгралі. Многія з іх, як і іх дзяды, у час Вялікай Айчыннай вайны аддалі свае жыцці, засталіся інвалідамі, але з гонарам выканалі сваю работу, каб мы, дзеці, змаглі жыць, вучыцца і памятаць, што многія загінулі маладымі, так і не стаўшы бацькамі.
Д. ВОЎК,
вучань
Кольненскага навучальна-педагагічнага
комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.