ВЫНІК ШТОДЗЁННЫХ КЛОПАТАЎ

— Цяпер мы прадаем малака перапрацоўшчыкам больш, чым даілі летась, — адзначыла галоўны заатэхнік камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Людзяневічы” Марына Друк. – Зараз штодня з гаспадаркі адпраўляецца на малаказавод больш васьмі тон малака, у той жа час летась было толькі шэсць з паловай.
Як яшчэ адзін станоўчы зрух у працы мясцовых працаўнікоў ферм з пачатку бягучага года Марына Уладзіміраўна адзначыла і тое, што палепшылася і якасць прадаваемага малака. Пяцьдзесят шэсць працэнтаў прадукцыі рэалізавана самым высокім гатункам “экстра”. Летась гэты паказчык быў зусім нязначным. Вось з такога невялікага каментарыя спецыяліста і пачалося наша знаёмства з дзейнасцю жывёлагадоўчай галіны вышэйназванага сельгаспрадпрыемства.
Напачатку Марына Уладзіміраўна запрасіла наведацца на адну з буйнейшых ферм гаспадаркі — людзяневіцкую. На цяперашні час тут утрымліваецца амаль васемсот галоў буйнай рагатай жывёлы. Палову гэтай колькасці складаюць дойныя каровы. Пагалоўе павялічылася на гэтай ферме за апошні год удвая. Сталася гэта магчымым дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю новай фермы, якую ў сельгаспрадпрыемстве пабудавалі гаспадарчым спосабам. Таму размешчана жывёла тут згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі: ёсць месца і для сухастойных кароў, і для тых, што толькі расцяліліся, і асноўнага дойнага статка. Ды і цяляты на людзяневіцкай ферме адчуваюць сябе ўтульна – для іх пабудаваны клеткі-домікі, а для больш старэйшых маецца прасторны дашчаны хлеў, які таксама збудаваны нядаўна. Палепшыліся на ферме не толькі ўмовы ўтрымання жывёлы, але і кармленне. Цяпер каровы атрымліваюць кормасумесі з сіласу і сенажу, а таксама канцэнтратаў. Маюцца і кармавыя дабаўкі. Да корму жывёла мае свабодны доступ, бо ў новых памяшканнях утрыманне бяспрывязнае, а корм пастаянна знаходзіцца на кармавым стале. У цялят таксама ў карытах — дастаткова ежы, а ў вядзерцах – вады. Менавіта паляпшэнне ўмоў утрымання і кармлення дазваляе мясцовым працаўнікам фермы “плюсаваць” па надоях і прывагах. Напрыклад, цяляты на людзяневіцкай ферме ва ўзросце больш за дваццаць дзён па выніках месячнага ўзважвання прыбаўлялі ў вазе па дзевяцьсот грамаў. Ды і сярэднясутачны надой па гаспадарцы сёння ў параўнанні з мінулагоднім вырас на 3,1 кілаграма. Цяпер у сярэднім па грамадскіх фермах ад каровы надойваюць больш дванаццаці кілаграмаў малака.
Адчуваецца ў гэтым імкненне мясцовых працаўнікоў ферм і спецыялістаў выйсці па году на чатырохтонны надой ад каровы. І прыкладаў такіх шмат. На той жа сцяблевіцкай ферме зараз пры значна меншай колькасці кароў малака надойваюць намнога больш, чым гэта было летась. Аб’яднанне дойных статкаў браніслаўскай і градаўской ферм таксама сказалася станоўча на надоях. Канечне, мясцовыя спецыялісты добра разумеюць, што яшчэ не ўсё зроблена так, каб на вытворчасці малака была належная аддача. Але прадпасылкі для гэтага ёсць. Ужо з гэтага года дойны грамадскі статак гаспадаркі будзе пераведзены на круглагадовае стойлавае ўтрыманне з аднатыпным кармленнем. Ды і вялікія надзеі на павелічэнне вытворчых паказчыкаў ускладваецца на новы малочнатаварны комплекс, які плануецца запусціць у эксплуатацыю летам. Дарэчы, з яго ўводам дойнае пагалоўе на людзяневіцкай ферме ўзрасце яшчэ на шэсцьсот кароў. У планах таксама правядзенне рэканструкцыі фермы ў Браніславе. Станоўчы вопыт у мясцовых працаўнікоў па ўводу пустуючых памяшканняў у работу маецца немалы. У той жа Дзедаўцы з даўно закінутага сенавалу зрабілі нядрэнную ферму для ўтрымання цялушак. Відавочна, што ўзяты накірунак прынясе нядрэнны плён людзяневіцкім жывёлаводам. Варта толькі не заспакойвацца. Працаваць ёсць над чым. Патрэбна адрамантаваць летнія лагеры на сялкоўскай і калінаўскай фермах для ўтрымання там цялят. Сур’ёзнай работы патрабуе і добраўпарадкаванне прыфермскіх тэрыторый. Вырашыць патрэбна і праблему з грубымі кармамі, якіх зараз не дастае ў гаспадарцы, што адмоўна адбіваецца і на рацыёнах цялят, і сухастойных кароў. І многа іншых спраў перарабіць.
Канечне, бачыць пазітыўныя моманты – гэта вельмі добра, але не толькі на іх засяроджваюць увагу людзяневіцкія жывёлаводы. Толькі штодзёная карпатлівая праца можа даць той плён, да якога імкнуцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.