Залаты птах Людмілы Шостак

Што тут казаць, у бібліятэку Браніслаўскай школы заходзіш, быццам у своеасаблівы, адметны музей трапляеш, бо дзе яшчэ давядзецца пабачыць такую прыгажосць, судакрануцца поглядам да такой рукатворнай нерушы. А стварыла для кніжак і іх чытачоў такое непаўторнае, чароўнае царства сваімі ўмелымі рукамі загадчыца бібліятэкі Людміла Шостак.
Пасярэдзіне бібліятэкі – чатыры столікі, засланыя беленькімі, чыстымі абрусамі. Кожны з іх упрыгожаны ўзорамі фларыстыкі, пафарбаванымі каласкамі зерневых, сабраных ў акуратныя, маленькія снапкі. І паўсюль памяшканне бібліятэкі ўпрыгожваюць вырабы саломапляцення. З усіх відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці менавіта вырабам з саломкі аддае з дзяцінства перавагу Людміла Леанідаўна.
Яна нарадзілася ў вёсцы Дзедаўка, і пасля заканчэння Людяневіцкай сярэдняй школы без ваганняў падала дакументы для паступлення ў Мсціслаўскае мастацкае вучылішча. Вучыцца, як прызнаецца яна, было вельмі цікава, бо будучую прафесію выбірала па душы, па поклічу сэрца, і дасягнуць на гэтым шляху ў сваёй творчасці хацелася як мага болей, хаця, як вядома, межаў дасканаласці няма. Праз два гады дзяўчына атрымала дыплом з правам на выкананне мастацка-афармляльных работ.
Выйшла замуж. А сваю працоўную дзейнасць пачала ў Жыткавіцкай сярэдняй школе №2 кіраўніком гуртка па дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Разам з дзецьмі выступала ў розных відах тэхнікі: саломапляценне, лепка і іншыя. Працавала тут год, пасля перайшла ва ўстанову адукацыі “Браніслаўскі дзіцячы сад – базавая школа”, дзе і шчыруе вось ужо дзесяць гадоў.
— Школа для мяне, без перабольшвання, стала другім домам, — гаворыць гэтая маладая, прыгожая жанчына. — Работу сваю я, як правіла, планую, і задуманае стараюся давесці да свайго лагічнага завяршэння.
У памяшканні бібліятэкі ў вочы адразу кідаюцца парадак, прыгажосць, святло. Добра, па ўсім відаць, тут пачуваюць сябе кніжкі. У Год кнігі тут ім пазайздросціць можна: кожны дзень для іх – імяніны. Ды яшчэ ў такой спраўнай гаспадыні, творчага работніка як Людміла Леанідаўна Шостак…
Памяшканне бібліятэкі аформлена з густам, каб усё тут вабіла і радавала як вока, так і душу. На асобных стэлажах выстаўлены роўненькія, быццам воіны ідэалагічнага фронту, кнігі па беларускай, рускай і замежнай літаратуры. Маняць да сябе раздзелы кніжных паліц “Сям’я – прытулак душы”, “Спадчына”, “Палессе маё сінявокае”. Да Года кнігі прыўрочана выстава “Кніга – жыцця дарадчык”. Агульны фонд бібліятэкі – 9 тысяч кніжак разам з падручнікамі. Трынаццаць назваў газет і часопісаў уваходзяць у мясцовую перыёдыку. Чытачамі тут з’яўляюцца 123 школьнікі і вучні.
Бібліятэкай праводзіцца шмат мерапрыемстваў, многае – у планах-задумках. Мяркуюць з цягам часу стварыць пры бібліятэцы і міні-музей “Ад прадзедаў спакон вякоў”.
Творчая, добрасумленная работа Людмілы Шостак па заслугах ацэнена адміністрацыяй школы і вышэйшымі інстанцыямі. Яна ўзнагароджана дыпломам аддзела адукацыі за 3 месяцы ў раённым конкурсе “Краю мой родны”, прысвечаным Году роднай зямлі, а таксама Ганаровай граматай райвыканкама за выніковую працу ў сувязі з перамогай іхняй школы ў раённым спаборніцтве.
Па-ранейшаму ў школе працуюць гурткі “Цуда-саломка” і “Рукадзельніца”, якімі кіруе Людміла Леанідаўна. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах розных узроўняў і радуюць сваімі здабыткамі.
Сярод мноства вырабаў Людмілы Шостак у вочы адразу кідаецца “Залаты птах” – сапраўдная пярліна яе творчасці, цудоўны сплаў творчай фантазіі і ўмелых яе рук. Гэта шыкоўная кніга-казка, па-майстэрску інкруставаная, аздобленая саломкай. Яна не прадаецца, хаця і жадаючых купіць было нямала…
А па вялікаму рахунку можна сказаць, што Людміла Леанідаўна Шостак знайшла ў жыцці свой залаты птах шчасця. Ён – у абранай ёю рабоце, да якой яна заўсёды ставіцца з душой, ды ў пяшчоце і выхаванні свайго сына – трэцякласніка Сашкі. І няхай гэты птах яшчэ доўга-доўга ляціць насустрач новым, шчаслівым дням…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.