КЛІЧА ІХ Тураўскі луг

Усё было нібы ў казцы, і такую прыгажосць трэба было бачыць – чацвёрты запар фестываль кулікоў у нашым слаўным горадзе Тураве зіхацеў, пераліваўся ўсімі сваімі веснавымі колерамі ў гэты першы майскі дзень. Ніхто і нішто не падвяло: ні пагода, ні арганізатары, ні шматлікія госці. Па-летняму прыпякала веснавое сонца, расцвіталі, аж пеніліся белай квеценню сады, ад блакітнай Струмені, што ўдалечыні ўпадае ў паўнаводную Прыпяць, цягнула гаючым водарам…
У адзінаццаць гадзін раніцы рознакаляровыя ручаіны людзей на цэнтральнай, Чырвонай плошчы горада зліліся ў адну чалавечую азярыну. Гучаць беларуская, руская і англійская мовы, бо нямала было на свяце замежных гасцей.
Музыкі на імпразаванай сцэне наладжваюць апаратуру. Рыхтаваліся да адкрыцця спартыўна-гульнявыя пляцоўкі. На плошчы гучала, далёка разносілася музыка. Вядучая аб’явіла праграму свята.
Чацвёрты па ліку фестываль кулікоў, дарэчы, адзіны, прысвечаны кулікам на тэрыторыі Беларусі і Еўропы, адкрыў намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч.
Што і казаць, Тураўскі луг – унікальная тэрыторыя, ідэальнае месца для адпачынку і кармлення птушак. Толькі на ім спыняюцца каля 50 тысяч мігруючых гусей, больш за 30 тысяч качак, больш за 100 тысяч турухтанаў. А гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра міжнароднае значэнне Тураўскага лугу. З кожным годам ён набывае міжнародную папулярнасць сярод даследнікаў і турыстаў. На сцэну запрашаецца дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькашчыны” Віктар Фянчук.
Птушкі з’яўляюцца адной з галоўных састаўных частак біяразнастайнасці. Падтрымаць фестываль прыехала прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Наталля Жаркіна, якой і было прадстаўлена слова.
Безумоўна, гасцей любога важнага свята павінны віншаваць яго гаспадары. На сцэну быў запрошаны старшыня Тураўскага гарадскога Савета дэпутатаў Ігар Міцюрыч.
Выдатны прыклад дапамогі Тураўскаму лугу — школьныя лагеры па ачыстцы яго, якія на працягу некалькіх гадоў праводзяцца Тураўскім цэнтрам дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Алены Паклонскай сумесна з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры падтрымцы кампаніі “Кока-кола Беўрыджыз Беларусь”. У гэты дзень кампанія “Кока-кола” падтрымлівае ўдзельнікаў конкурсу школьных каманд на гульнявых пляцоўках. Слова прадстаўлена намесніку дырэктара кампаніі Андрэю Рашчупкіну.
У Тураў на свята прыехаў прадстаўнік англійскага Каралеўскага таварыства аховы птушак, чалавек, які, можна сказаць, ведае пра пярнатых усё – Бары Купер. Яго надзвычай цёплыя словы выступлення перавёў на беларскую мову Віктар Фянчук.
Між іншым, дзіўным фактам і супадзеннем з’ўляецца тое, што на Тураўскім лузе гняздуецца каля 3 тысяч водна-балотных птушак. Гэта значыць, прыкладна столькі ж пярнатых, колькі людзей жыве ў горадзе Тураве…
Затым усе прысутныя былі запрошаны далучыцца да культурна-спартыўнага свята “Гаспадар Тураўскага лугу”. Справа ў тым, што сёлета фестываль кулікоў быў прысвечаны моладзі, бо праз некалькі гадоў цяперашнія школьнікі вырастуць і стануць сапраўднымі гаспадарамі родных ландшафтаў. Менавіта ад іх стане залежыць, ці будзе захавана гэта ўнікальная тэрыторыя для птушак і людзей.
Восем каманд пачалі спаборнічаць на спартыўна-гульнявых пляцоўках за права называцца сапраўднымі знаўцамі птушак і гаспадарамі Тураўскага лугу. Хто ён, кулік – знаёмы незнаёмец? Цікава было даведацца пра гэтую птушку, што з’яўляецца сімвалам фестывалю. Мерапрыемства пачалося з конкурсу “Кулічынае прывітанне”, у якім каманды сярэдніх і базавых школ Тураўчышчыны ярка, весела прадставілі розных кулікоў. Затым удзельнікаў чакалі складаныя, але і цікавыя выпрабаванні на гульнявых пляцоўках. Арганізавалі ж конкурсныя пляцоўкі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, удзельнікі валанцёрскага атрада “Слон”. Сярод членаў паважанага журы і Бары Купер – прадстаўнік Каралеўскага таварыства абароны птушак, што ў Велікабрытаніі.
Тое, што затым рабілася на сцэне, немагчыма перадаць словамі. Фантазіі сапраўды няма межаў. І ў гэтым усе пераканаліся, убачыўшы адзінае ў Беларусі дэфіле касцюмаў “Кулічыная мода”. На ўра былі сустрэты топ-мадэлі – удзельніцы гурткоў “Дызайн адзення” і “Мазаіка” пад кіраўніцтвам Святланы Гвадзюкевіч. Дарэчы, Святлана – неаднаразовы прызёр беларускіх і міжнародных конкурсаў дызайну адзення. У яе творчай скарбонцы – прызы за ўдзел у конкурсе мадэлявання адзення Вячаслава Зайцава.
Перш, чым былі ўручаны прызы пераможцам конкурсу школьных каманд, было сказана яшчэ аб адным конкурсе, прысвечаным птушкам. Гэта мастацка-літаратурны конкурс “Кніга аб Тураўскім лузе”. Як мы ведаем, 2012 год – Год кнігі. І школам Тураўшчыны было прапанавана стварыць сваю кнігу пра птушак Тураўскага лугу, напісаць і намаляваць свае рэпартажы пра кулікоў. Пераможцы конкурсу атрымаюць не толькі прызы, іх работы будуць апублікаваны ў майскім нумары вядомага дзіцячага часопіса “Рукзачок”. А сярод створаных кніг ёсць і кніга на англійскай мове. Вучні школы №2 горада Турава падрыхтавалі яе адмыслова для таго, каб перадаць у Вялікабрытанію і расказаць англійскай дзятве пра кулікоў, якія жывуць на Тураўскім лузе. На сцэну быў запрошаны Бары Купер, якому і была ўручана гэтая кніга.
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” усім гасцям фестывалю ўручыла сапраўдны музычны падарунак – канцэрт вядомай блюзавай групы “Стыў Крамер бэнд”. Ён і завяршыў канцэртную праграму. Затым юныя ўдзельнікі былі запрошаны на святочную дыскатэку, якую ладзілі Тураўскі Дом культуры і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Пасля гэтага ў канферэнц-зале Тураўскага гарсавета адбыўся семінар-прэс-канферэнцыя па плану кіравання Тураўскім лугам, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, мінпрыроды, грамадскіх арганізацый і суб’ектаў гаспадарання Тураўшчыны, а таксама госці свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.