Сямейнае выхаванне на нацыянальных традыцыях беларускага народа

19 красавіка ў Хільчыцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе адбылося пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце. Тэма, па якой прайшло пасяджэнне, — “Сямейнае выхаванне на нацыянальных традыцыях беларускага народа”, па словах метадыста метадычнага аб’яднання Людмілы Рыгораўны Паддубнай, пастаўлена ў Хільчыцах не выпадкова.
У аснове работы класных кіраўнікоў установы ляжыць выхаваўчая праграма “Спадчына”, якая дазваляе фарміраваць у навучэнцаў погляды і перакананні па пытаннях выхавання нацыянальнай сямейнай культуры. У класе праводзяцца пазакласныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне асобы, якая паважае звычаі і абрады сваіх продкаў, захоўвае народныя традыцыі. У план выхаваўчай работы ўключаюцца наступныя класныя гадзіны: “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму…”, “Фальклор – душа народа”, “Усіх нас гадуюць матчыны казкі…”, “Калі ты побач — жыццё святлей…”, “Скарбы роднага краю”, “Сімволіка і функцыі народнага касцюма”, “Сёння мы з вамі святкуем Каляды…”.
На аснове выхаваўчых спраў, праведзеных у класах, класнымі кіраўнікамі распрацаваны мерапрыемствы, якія садзейнічаюць выхаванню нацыянальнай сямейнай культуры школьнікаў. Гэтымі матэрыяламі карыстаюцца ў час правядзення пазакласных мерапрыемстваў: “Я і мая сям’я”, “Утульны дом”, “Вясновыя святы беларусаў”, “Далучаемся да народных традыцый”, “Мама, мамачка, матуля…”.
Гасцей ветліва, нягледзячы на дождж, сустрэлі выхаванцы дашкольнай групы хлебам-соллю, а вучні пачатковых класаў — песняй “Прывітальная”.
Гасцям былі прапанаваны наступныя мерапрыемствы:
— круглы стол “Захавальнікі хатняга агменю” (прэзентавалі вучні 4 класа, класны кіраўнік А.М. Дзербянёва);
— каляндарна-абрадавае свята “Валачобнікі” (паказалі вучні 5 класа, класны кіраўнік А.М. Птушка);
— вусны часопіс “Сямейныя традыцыі” (пазнаёмілі вучні 10 класа, класны кіраўнік Ю.М. Комар).
Пасля правядзення мера-прыемстваў экскурсію па школе разам з вучнямі правёў дырэктар школы Уладзімір Якаўлевіч Лясько.
У рэкрэацыі ўстановы гасцям была прапанавана выстава метадычных распрацовак па тэме аб’яднання. Вучні, якія наведваюць гурткі, прадставілі свае работы. Цікавым і павучальным быў майстар-клас, які прапанавалі прыбіральшчыца службовых памяшканняў Кацярына Шруб (пляценне з лазы), бабуля Ніна Кацэвіч (вышыўка крыжыкам), настаўнікі Алена Іванаўна Шруб з дачкой Валерыяй (вязанне спіцамі), Надзея Рыгораўна Белка (вышыўка і вязанне кручком).
Сюрпрызам для ўсіх прысутных стаў канцэрт “Неспадзяванка”, які падрыхтавалі вучні і бацькі з дапамогай кіраўнікоў гурткоў “Сузор’е надзей” і “Хільчыцкія зорачкі” М.М. Вянгура і Н.Ф. Вянгура. З цеплынёю прымаліся нумары ў выкананні выхаванцаў дашкольнай групы, вучняў пачатковых класаў і выступленне маці Марыны Шруб і дачкі Ганны, маці Алены Купрацэвіч і дачкі Анастасіі, бацькі, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Сяргея Іванавіча Сцямпкоўскага і дачкі Веранікі.
Завяршылася работа падвядзеннем вынікаў, якія зрабіла Людміла Паддубная. Усе ўдзельнікі семінара адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх мерапрыемстваў, запатрабаванасцю тэмы ў цяперашні час, падзякавалі адміністрацыі і ўсяму педагагічнаму калектыву за сардэчны, цёплы прыём, сямейную атмасферу ў час працы ва ўстанове.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.