Каб будоўлі радавалі маладосцю

Нездарма кажуць мудрыя людзі: зямлю стварыў Бог, а ўсё астатняе, што ўпрыгожвае яе, — справа рук будаўнікоў. Праца іх нялёгкая, цягавітая, карпатлівая, знешне як быццам бы будзённая і шэрая, а вось прыбралі рыштаванні, папрацавалі пасля мужчын як след жанчыны-аддзелачніцы, і адкрыўся людзям новы дом, што радуе вочы сваёй маладосцю, чысцінёй і хараством. Дом, які, здаецца, усім прахожым так слаўна, прыветна ўсміхаецца, нібы нованароджанае дзіця. Не кажучы ўжо пра саміх гаспадароў таго ж дома альбо асобна ўзятай кватэры. Што тут казаць – шчаслівыя людзі! Бо, кажучы па вялікаму рахунку, атрымалі шчаслівыя “квадраты” сямейнага шчасця…

Ва ўнісон такім вось светлым думкам напярэдадні Дня будаўніка не перастае здзіўляць новы воблік мікрараёна Азёрны ў нашых Жыткавічах: жыллёвы масіў тут увесь час прырастае новымі дамамі і прыемна лашчыць вока. Свой важкі ўклад у агульную будаўнічую скарбонку ўносяць і працаўнікі прыватнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкая ПМК-97” адкрытага акцыянернага таварыства “Палессебуд”: побач са школай расце і іх новы дом. Саракакватэрная пяціпавярхоўка на чатыры пад’езды. Муляры ўжо выганяюць апошні, пяты паверх, да канца года дом трэба здаць у эксплуатацыю.
— На кантролі таксама малочнатаварная ферма ў вёсцы Людзяневічы, — дзеліцца справамі дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Масла, — а таксама будоўля ў вёсцы Верасніца, дзе мясцовая сярэдняя школа павінна прырасці спартыўнаю залаю ды вучэбнымі класамі. А пяць аднакватэрных домікаў у рыбгасе “Чырвоная Зорка” ўжо здадзены, што называецца, пад ключ.
Сярод шматлікіх складнікаў паспяховай дзейнасці будаўнічай арганізацыі, як вядома, гэта ў першую чаргу аб’ёмы работ, іх своечасовае фінансаванне, а таксама належная якасць работ, высокі прафесіяналізм будаўнікоў. І тут без праблем, на жаль, на прадпрыемстве не абыходзіцца. Ёсць цякучасць кадраў, іх адток, і ў першую чаргу з боку такой вядучай у будаўнічай галіне прафесіі як муляр. Мае месца і арытмія з фінансаваннем. І тым не менш людзі без справы не сядзяць, на ўзвядзенні таго ж жылля працаўнікі калоны шчыруюць у тры змены – ад досвітку да вячэрняга сутоння.
Калі за студзень-чэрвень 2011 года было выканана работ уласнымі сіламі ў дзеючых цэнах на 5751 мільён рублёў, то за прайшоўшае паўгоддзе – на 9212 мільёнаў. Выпрацоўка на кожнага з працуючых 140 чалавек у дзеючых цэнах вырасла з 35 мільёнаў да 71,4 мільёна. Адпаведна з 9 мільёнаў летась да 159 мільёнаў у бягучым годзе вырас чысты прыбытак. Адчувальны рост і ад прыбытку па рэалізацыі. Сярэднямесячная зарплата за чэрвень 2012 года склала 3107438 рублёў.
Каб своечасова распачаць і давесці да ладу ўсе будаўнічыя работы, у арганізацыі маецца самая разнастайная тэхніка і механізмы: пяць аўтамабільных кранаў, пагрузчык “Амкадор”, экскаватар ЭО-3322, аўтамабіль, тры самазвалы, два аўтабетоназмяшальнікі, два трактары маркі МТЗ, два тралы на базе аўтамабіля КрАЗ. У ліку будаўнічай тэхнікі, аўтатранспарту, сродкаў малой механізацыі, дапаможнага абсталявання за апошнія 2 гады былі набыты дзве бытоўкі, тынкавальная станцыя, бетоназмяшальнік, станцыя прагрэву бетону, ацяпляльны кацёл, аўтамабіль МАЗ і прычэп да яго, трактар маркі “Беларусь”.
За аб’ёмамі і тэмпамі работ не пакінуты па-за ўвагай і пытанні якасці. Палітыкай у гэтай галіне прадугледжана выкананне будаўніча-мантажных работ, а таксама работ па тэхнічнаму нагляду з узроўнем якасці не ніжэй нарматыўных патрабаванняў, функцыянаванне сістэмы менеджмента якасці на ўзроўні, што забяспечвае папярэджванне прэтэнзій з боку заказчыкаў. Агульны поспех забяспечваюць пошук і ўкараненне ў практыку перадавых тэхналогій і матэрыялаў, дасягненне ўзроўню прыбытку, запланаванага бізнес-планам. Што і казаць, у наш час у забудоўшчыка непараўнальна больш правоў у плане патрабавання якасці будаўнічых работ, чым тое было раней. Зараз перад тым, як засяліцца, кожны новы гаспадар або гаспадыня самым крытычным чынам прымаюць кожны пакой свайго новага жылля, складваюць спіс недахопаў і толькі пасля ўхілення гэтых хібаў даюць згоду атрымаць кватэру пад ключ. І гэта, згадзіцеся, справядліва, бо яны ж ашчадна эканомілі, што называецца, кожны рубель, каб аплаціць гэтыя квадраты, дачакацца вось такога вялікага свята ў сваім жыцці.
— Напярэдадні нашага прафесійнага свята я хацеў бы адзначыць адчувальны ўклад у нашу будаўнічую справу такіх работнікаў як прараб Уладзімір Рай, намеснік дырэктара па забеспячэнні Леанід Купрацэвіч, эканаміст Святлана Мароз, начальнік вытворчай групы Аляксандр Салавей, кіраўнік брыгады муляроў Уладзімір Ермаковіч, цясляр Сяргей Макаранка, муляр Мікалай Гусейнаў, вадзіцель Міхаіл Макарэвіч і многія другія, — сказаў кіраўнік калектыва Вячаслаў Масла.
Якім павінен быць кіраўнік сярэдняга звяна будаўнічай арганізацыі? Мець характар, сілу волі, умела, якасна працаваць, каб па твайму прыкладу шчыравалі і твае калегі-падначаленыя. Менавіта такім патрабаванням і адпавядае кіраўнік брыгады аддзелачніц Тамара Новікава.
— Работа брыгадзіра нялёгкая, — прызнаецца Тамара Уладзіміраўна. — Тут, у першую чаргу, трэба быць добрым псіхолагам, бо ў кожнай жанчыны свой характар, свае норавы і звычкі. І трэба падабраць ключык да кожнага чалавека.
Кіраўнік комплекснай брыгады, якая карыстаецца ў калектыве заслужаным аўтарытэтам, вядзе сваё падраздзяленне наперад словам ды ўласным прыкладам у рабоце. Менавіта з такіх людзей і складваецца касцяк прадпрыемства.
Калі ж гаварыць пра перспектывы, то без іх у будаўнічай справе ніяк нельга. Бо будаўнічы працэс нечым нагадвае плынь ракі. І трэба рухацца толькі наперад, асвойваць новыя аб’екты. Тады табе — і зарплаты, і прэміі, і прадастаўленне новых аб’ёмаў работ. Менавіта ў гэтым накірунку і думае надалей працаваць Жыткавіцкая перасоўная механізаваная калона №97.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.