На сцэне “Пухаўчанка”

На самым беразе возера Чырвонае раскінулася вёска Пухавічы. Вельмі прыгожы гэты куточак жыткавіцкага краю. Вядомы ён цудоўнымі навакольнымі краявідамі ды шматлікімі рыбнымі мясцінамі. Каб не псаваць гэтай гармоніі, здаецца, сама прырода надзяліла і жыхароў населенага пункта вялікім талентам – адчуваць і перадаваць усю навакольную прыгажосць у песні і танцы. Гэта з поспехам робяць вось ужо многа гадоў самадзейныя артысты народнага ансамбля “Пухаўчанка” Пухавіцкага сельскага Дома культуры.

Зараз у артыстаў мастацкага калектыва вельмі напружаны час. Рэпетыруюць, лічы, штодня, бо наперадзе чакае вельмі адказнае выступленне за межамі раёна. Таму нягледзячы, што цяпер для вяскоўцаў вельмі гарачы час, усе ўдзельнікі ансамбля спяшаюцца на рэпетыцыі. Як толькі пачынаюць гучаць першыя музычныя акорды, стому ва ўсіх жанчын, нібы рукой здымае. І вось ужо хорам, стройна вядуць яны так блізкія і мілыя ўсім па сэрцы словы народнай песні:
На гары вярбіца,
Пад гарой карчомка,
А ў той карчомцы
Увесь мой род гуляе
І мяне ўспамінае.
Гэтую песню “Вярбіца”, па словах кіраўніка мясцовай установы культуры Лідзіі Купрацэвіч, вясковыя артысты лічаць сваёй візітоўкай. Увогуле, большасць рэпертуару ансамбля складаюць народныя песні. Асаблівы яго пласт – песні, што сабраны ў роднай вёсцы. У далёкія часы на возеры Чырвонае хрысцілі людзей. З гэтай традыцыяй з’явіліся ў мясцовасці і крашчэнскія, калядныя песні. Цяпер іх артысты “Пухаўчанкі” выконваюць акапэльна, таму выступленні атрымліваюцца вельмі ўрачыстымі.
Фальклорна этнаграфічны калектыў у Пухавічах стварыўся ў 1947 годзе. Першай яго заснавальніцай і кіраўніком стала настаўніца пачатковых класаў Надзея Іванаўна Папок. З настаўнікаў, работнікаў мясцовай гаспадаркі згуртавала яна вакол сябе аматараў народнай песні.
— Рэпетыцыі прама на вуліцах праходзілі. Добра памятаю, як у маленстве ўслухоўвалася ў прыгожыя жаночыя галасы, якія хораша развучвалі чарговы нумар канцэртнай праграмы, — успамінае Лідзія Іванаўна Купрацэвіч. — Ужо сама восем гадоў аддала гэтаму калектыву, і ніколькі не шкадую, што так моцна звязала свой лёс з песняй. Думаю, так скажа кожны ўдзельнік “Пухаўчанкі”. Прыклад усім падае заснавальніца нашага самадзейнага гурта Надзея Папок.
Надзея Іванаўна Папок з’яўляецца актыўнай спявачкай самадзейнага ансамбля, хаця ёй ужо восемдзесят восем споўнілася. Па словах дырэктара Дома культуры, для Надзеі Іванаўны такі сталы ўзрост не перашкода для творчай дзейнасці, яна ведае мноства песень, дасканала валодае манерай іх выканання. Усё гэта яна перадае сваім калегам па спевах.
На цяперашні час у склад самадзейнага калектыва ўваходзіць адзінаццаць чалавек. Гэта работнікі культуры, пенсіянеры. Кіруе ансамблем Сяргей Макарэвіч, чалавек таленавіты, які стараецца не толькі працягваць песенную традыцыю, але і ўнесці ў яе нешта новае. Ганарацца старэйшыя спявачкі і тым, што пры калектыве маецца дзіцячая студыя. У ёй песенную спадчыну вёскі дасканала асвойваюць дзяўчаты і хлапчукі, вучні мясцовай школы. Асаблівым гонарам пухавіцкага самадзейнага калектыва з’яўляюцца канцэртныя касцюмы. Усе яны выраблены ўласнымі рукамі спявачак, што падкрэслівае шматграннасць таленту жанчын. Яны не толькі добра ведаюць сваю песенную спадчыну, але і дасканала валодаюць тымі рамёствамі, якія бытавалі ў іх мясцовасці.
Безумоўна, што паспяховасць любога мастацкага калектыва вымяраецца яго запатрабаванасцю і папулярнасцю ў гледачоў. У “Пухаўчанкі” з гэтым поўны парадак. Практычна ніводнае раённае свята не абыходзіцца без канцэртных нумароў гэтага самабытнага калектыва. Ганаровае званне “народны”, які носіць самадзейны калектыў з 2000 года, таксама прамое сведчанне іх выканальніцкага майстэрства.
Дзякуючы артыстам “Пухаўчанкі” звініць над прасторамі возера Чырвонае народная песня. І, здаецца, што гэтым пералівам яшчэ доўга не будзе канца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.