Падарункі ад прафсаюза

Заканчэнне ўборкі каласавых у КСУПе “Марохараўскі” азнаменавалася даволі прыемнай падзеяй. Лепшым механізатарам гаспадаркі за старанную працу на жніве былі ўручаны падарункі ад Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў лесу. З вялікім задавальненнем гэта зрабіў кіраўнік арганізацыі Віктар Крыўко-Красько ў прысутнасці першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Наўныкі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Цімашчэні і дырэктара сельгаспрадпрыемства Мікалая П’яўко.

…Дождж сыпаў бесперапынна. Таму мерапрыемства па віншаванні перадавых хлебаробаў прыйшлося перанесці ў кабінет кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Менавіта тут і сабраліся госці і віноўнікі ўрачыстасці: камбайнер Аляксандр Макарэвіч і механізатар Аляксандр Хітракоў. Віктар Аляксеевіч адразу адзначыў, што вось ужо сёмы год прафсаюз лесаводаў віншуе хлебаробаў Жыткаўшчыны з працоўнымі перамогамі на жніве.
— І гэта правільна. Тым самым мы аддаем пашану сялянскай працы, хлебу, які ў беларусаў, як вядома, усяму галава, — падкрэсліў у сваім прывітальным слове прафсаюзны лідар. — Уборцы збажыны ў краіне надаецца вельмі вялікае значэнне, таму героі жніва не павінны застацца без належнай увагі. І я вельмі рады, што абласны прафсаюз работнікаў лесу ўносіць такім чынам свой уклад у важную справу.
Пасля гэтага Віктар Аляксеевіч уручыў механізатарам падарункі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай П’яўко шчыра падзякаваў прафсаюзнага лідара за віншаванне механізатараў гаспадаркі.
— Напэўна, гэта ўпершыню, калі на такім узроўні адзначана праца мясцовых працаўнікоў, — зазначыў Мікалай Мікалаевіч. — Менавіта стараннямі такіх механізатараў і ўдалося правесці ўборку збажыны ў самыя сціслыя тэрміны.
Безумоўна, уклад Макарэвіча і Хітракова ў сёлетні гаспадарчы каравай даволі значны. Аляксандр Міхайлавіч на замацаваным за ім КЗС-1218 намалаціў больш 600 тон зерня, а Аляксандр Паўлавіч на сваім «Беларусу» даставіў з поля на ток болей тысячы шасцісот тон збажыны. Для параўнання, сёлетні валавы намалот па сельгаспрадпрыемству складае тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят дзевяць тон. Відавочна, што падарункі ад прафсаюза лесаводаў перадавыя хлебаробы гаспадаркі атрымалі заслужана.
— Канечне, прыемна, калі тваю працу шануюць і паважаюць, — гаворыць камбайнер Аляксандр Макарэвіч. — У такія хвіліны яшчэ больш асэнсоўваеш яе значымасць і важнасць. Ды і такога намалоту, хаця ўдзельнічаю на жніве не адзін год, дабіўся ўпершыню. Гэта не менш радасна.
Праўда, да гэтай урачыстасці механізатару давялося не адзін дзень даказваць свой прафесіяналізм на збожжавым палетку.
— Надвор’е спрыяла абмалоту каласавых. Заставалася толькі падтрымліваць у спраўным стане камбайн ды прыкладваць належнае старанне, таму даводзілася і рана ўстаць, і позна легчы, — кажа Аляксандр Купрацэвіч. — Усё было арганізавана на высокім узроўні, ды і ўраджайнасць хлебнай нівы была намнога вышэйшая за леташнюю, таму і паказчыка дабіўся адпаведнага.
Купрацэвіч хлебаробскую навуку асвойваў непасрэдна пад кіраўніцтвам бацькі. Пару сезонаў яны ўбіралі хлеб разам. Па словах Аляксандра Міхайлавіча, гэта таксама дапамагала на сёлетнім жніве.
— Яшчэ, магчыма, удасца некалькі дзесяткаў тон дадаць на свой вытворчы рахунак, — кажа Аляксандр Міхайлавіч. — У гаспадарцы маюцца пасевы грэчкі, сланечніка, кукурузы, соі, якія патрэбна будзе абмалаціць.
Значны вопыт у механізатарскай справе мае і Аляксандр Хітракоў. Таму і невыпадкова, што ён стаў лідарам на перавозцы збажыны ў гаспадарцы. Не сядзіць ён і зараз без справы. На сваім энерганасычаным трактары рыхтуе глебу пад сяўбу азімых культур.
Сёлетняя ўборачная парадавала не толькі мясцовых механізатараў, але і кіраўніцтва гаспадаркі. Як зазначыў Мікалай Мікалаевіч, зараз асноўным клопатам для мясцовых земляробаў з’яўляецца правядзенне сяўбы азімых культур, каб у наступным годзе сабраць яшчэ багацейшы ўраджай.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.