Плён рэканструкцыі

Чарговая вялікая рэканструкцыя памяшкання фермы завершана ў КСУПе “Коленскае”. Дзякуючы праведзенаму капітальнаму рамонту на МТФ “Рудня” намнога палепшыліся ўмовы працы і тэхналогія вытворчасці малака.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянцін Карпаў падчас наведвання фермы падрабязна расказаў і наглядна паказаў, наколькі плённа папрацавалі будаўнікі.
— Найперш нас не задавальняла сістэма раздачы кармоў, — гаворыць Валянцін Мікалаевіч. — Яны паступалі жывёле па ленце. Напэўна, такой сістэмы ўжо не захавалася ні на адной ферме краіны, як была на руднянскай МТФ. Ды і даенне кароў у бачкі, якое вялося на ферме, намнога абцяжарвала працу даярак, не дазваляла атрымліваць малако належнай якасці. Таму, каб працаваць па больш сучасных тэхналогіях, і распачалі капітальны рамонт памяшкання.
Каб прывесці ферму да сучасных патрабаванняў, найперш выкінулі з яе ўсё старое абсталяванне. Вобразна кажучы, напачатку рэканструкцыі ад будынка пакінулі толькі сцены. Ды і тыя ў працэсе работы падвергліся капітальнаму рамонту: у іх прабілі дадаткова вокны, праёмы для новых варот. Дах перакрылі таксама, на ім устанавілі вентыляцыйны кораб, зрабілі дадатковыя адтуліны для вокнаў. Усё гэта дало свой плён. Цяпер, як кажуць, у памяшканні бачна, хоць іголкі збірай, ды і мікраклімат значна палепшыўся. Жывёла ўжо з тыдзень знаходзіцца ў будынку, а спецыфічнага паху ад яе знаходжвання зусім не адчуваецца.
Рэканструкцыя дазволіла значна механізаваць усе вытворчыя працэсы. Так, для больш тэхналагічнай арганізацыі кармлення замест лентачнага транспарцёра будаўнікі ўзвялі кармавы стол, на які кормасумесі падае трактар з кормараздатчыкам. Ды і канцэнтраты стала намнога лягчэй дазіраваць у залежнасці ад прадуктыўнасці жывёліны. Значна прасторнейшымі сталі для яе стойлы. Палепшыліся працэсы водапаення, гноевыдалення і даення. Апошняе цяпер ажыццяўляецца ў малакаправод. Калі ў старым памяшканні працавала чатыры даяркі, то цяпер толькі тры. Гэта Юлія Купрацэвіч, Лілія Катовіч і Аксана Ліс (на здымку). І яны дружна адзначаюць, што працаваць стала намнога лягчэй, бо значна паменшала ў іх абавязкаў, а асноўнай іх задачай з’яўляецца атрыманне высокаякаснага малака. У гэтым з імі салідарны і загадчык МТФ Людміла Варановіч, і фуражыр Любоў Кірбай (на здымку).
— Канечне, прыемна, калі ва ўзначальваемым табой вытворчым структурным падраздзяленні адбываюцца такія значныя перамены, — кажа загадчык малочнатаварнай фермы Людміла Варановіч. — У такіх умовах намнога лягчэй выконваць пастаўленыя перад калектывам задачы.
Праведзеная на руднянскай МТФ рэканструкцыя яшчэ аднаго памяшкання цяпер дазволіць сельгаспрадпрыемству і тут мець поўны тэхналагічны працэс па вытворчасці малака. Бо, акрамя памяшканняў для ўтрымання асноўнага дойнага статка, тут маюцца і будынкі для сухастойных кароў, цэх раздою. Адным словам, атрымалася выдатнае жыллё амаль для васьмі соцень каровак.
— Канечне, асноўны аб’ём выкананы, яшчэ не ўсё зроблена належным чынам, — кажа Валянцін Мікалаевіч. — Засталося перакрыць дахі, пабяліць, пафарбаваць будынкі, узвесці па-новаму кашары для выгулу кароў. Але ўсё гэта да зімы будзе зроблена. Будаўнікі ў нас свае, шукаць нідзе не патрэбна. Аказвае дапамогу і дзяржава: большасць затрачаных грошай (паўтара мільярда рублёў) выдаткаваны з бюджэта, раённых арганізацый. Безумоўна, вялікая ўвага будзе нададзена добраўпарадкаванню прыфермскай тэрыторыі.
Рэканструкцыя фермы ў такіх значных аб’ёмах для кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не толькі павеў сённяшніх патрабаванняў, каб у кожнай гаспадарцы была адноўлена або збудавана новая малочнатаварная ферма. Найперш гэта — вытворчая неабходнасць. Пагалоўе жывёлы за тры гады ў гаспадарцы вырасла на дзве тысячы галоў, і яго патрэбна размяшчаць на зіму. Таму рэканструкцыя памяшканняў ідзе не толькі на руднянскай ферме. На комплексе “Пасека” са старога сенавала зроблены прыстойны цялятнік на дзвесце галоў маладняку. У планах гэтую працу працягваць. Бо будаваць новыя памяшканні ферм так хутка немагчыма, як праводзіць рэканструкцыі.
Імкненне працаваць тэхналагічна прыносіць кольненскім жывёлаводам належны плён. Напрыклад, рэалізацыя малака ў параўнанні з леташнім цяпер павялічана на 127 працэнтаў. І гэты тэмп тут зніжаць не збіраюцца.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.