Зерне ў засеках лічаць

Калі на палетках з каласавымі пакрыху справы падыходзяць да завяршэння, то на Жыткавіцкай хлебнай базе яны ў самым разгары. Тут бесперапынна вядзецца прыёмка збожжа новага ўраджаю.

Па словах кіраўніка прадпрыемства Канстанціна Комара, калектыў працуе круглыя суткі.
— Толькі прыёмка хлеба, які дастаўляецца з гаспадарак аўтатранспартам, ідзе з самага рання да апоўначы. А яшчэ зерне пастаўляецца і чыгуначным транспартам, — расказвае Канстанцін Іванавіч. — У цэлым за суткі даводзіцца прымаць на захоўванне да трох тысяч тон збажыны.
Да засыпкі вялікага хлеба на базе падрыхтаваліся грунтоўна, адрамантавалі неабходнае абсталяванне, умацавалі штат работнікаў. І справа, як кажуць, пайшла. Ужо 15 ліпеня першы аўтатранспарт прывёз першыя тоны хлеба. Цяпер гэтая лічба вымяраецца некалькімі дзясяткамі тысяч тон зерня, што паставілі ўжо сельгасвытворцы на элеватар. Усяго ж у ёмістасці плануецца засыпаць да ста тысяч тон зерня новага ўраджаю. З іх сем тысяч тон збожжа паступіць з гаспадарак нашага раёна.
— Прымаем зерне з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны, а таксама з некалькіх раёнаў міншчыны, — расказвае дырэктар хлебапрыёмнага прадпрыемства. — У нас будзе захоўвацца зерне не толькі тое, што гаспадаркі паставяць у лік дзяржзаказу, але і тое, якое аграрыі прадаюць камбінатам хлебапрадуктаў. Бярэм на захоўванне збажыну такіх прадпрыемстваў з нашай вобласці і Мінскай. У ліку нашых кліентаў і Мазырскі лікёра-гарэлачны завод.
Па тым, як адна за адной пад’язджаюць да хлебнай базы аўтамашыны, гружоныя залацістым зернем, ды рухаюцца вагоны, у калектыва прадпрыемства ёсць упэўненасць, што са сваімі планамі тут справяцца паспяхова. Адзначаюць працаўнікі хлебнай базы і той факт, што збожжа новага ўраджаю сёлета намнога якасней, чым было ў мінулым годзе. Аб тым красамоўна сведчаць лабараторныя аналізы, без якіх ніводны транспартны сродак не дапускаецца да выгрузкі. Даследаванні прывезенай збажыны робяць прама на прадпрыемстве. Працаўніцы мясцовай лабараторыі старанна правяраюць зерне на засмечанасць, вільготнасць, утрыманне клейкавіны, заражанасць спарыннёй і іншыя. Толькі пасля вердыкту лабарантаў машына праязджае на вагавую і адтуль да выгрузных бункераў. Толькі з іх зерне паступіць на доўгатэрміновае захоўванне ў сховішчы.
— Не ва ўсіх гаспадарках ёсць дастатковая колькасць магутнасцей, каб дапрацаваць зерне да патрэбных кандыцый, — гаворыць Канстанцін Іванавіч. — Мы і ў гэтым здольны аказаць дапамогу. На базе працуе сушылка. Яшчэ адну пачалі ўзводзіць. Мяркуем, што яшчэ ў гэтым сезоне яна распачне работу.
На элеватары ўсё падпарадкавана таму, каб найлепш прыняць і ўпарадкаваць новы ўраджай. Стараюцца, каб прастой аўтатранспарту быў мінімальным. Для вадзіцеляў адкрылі кіёск, дзе можна набыць прахалоджваючыя напіткі, падсілкавацца. І вадзіцелі гэтым задаволены. Хаця ім хочацца выгружацца як мага хутчэй, таму лічаць, што калектыў хлебапрыёмнага прадпрыемства не ўключыў у работу ўсе свае магутнасці. Прынамсі так выказаўся вадзіцель агратэхсервісу Віктар Зуевіч. Варта сказаць, што гэты працаўнік паспявае ўсюды: і ў гаспадарцы з палеткаў зерне дастаўляць, і на хлебную базу таксама.
Кажуць, што зерне ў засеках лічаць. І каб яно там добра захоўвалася, патрэбна дасканала вытрымаць тэхналогію закладкі. Менавіта ёю і кіруецца калектыў хлебнай базы, хаця і вадзіцеляў таксама зразумець можна. Каго з іх у такі гарачы час лішнія хвіліны прастою парадуюць. Канечне, пытанняў розных на вытворчасці пазбегнуць немагчыма. Важна іншае, што іх стараюцца вырашаць. І гэта вельмі добра, бо робіцца вялікая дзяржаўная справа.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.