ГЭТА БЫЎ ЧАЛАВЕК СВЯТЛА (да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка)

Максім Танк (Яўген Іванавіч СКУРКО) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці).

У 1914 годзе сям’я Яўгена была вымушана выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Тут Яўген Скурко пайшоў у школу, тут прачытаў свае першыя кнігі. А родная Пількаўшчына ў 1921 годзе апынулася за мяжой — паводле ўмоў Рыжскага міру адышла да Польшчы.
Восень 1926 года прывяла будучага паэта Максіма Танка, а тады яшчэ маладога Яўгена Скурко ў Вілейку, куды ён паступіў у 3 клас рускай прыватнай гімназіі. Малады М.Танк працаваў iнструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусi, у легальных i падпольных вiлейскiх перыёдыках, вёў актыўную грамадска-патрыятычную i культурна-асветніцкую дзейнасць, за што падвяргаўся праследаванню польскай дэфензiвы, арыштам i турэмнаму зняволенню на Лукiшках.
Пасля непрацяглага зняволення паэта засылаюць назад на тэрыторыю «крэсаў усходніх». З прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь (дзесьці пасля 4 снежня 1939 г. — са стварэння Вілейскай вобласці), Максім Танк зноў вярнуўся на Вілейшчыну, але ўжо легальна. Ён працуе у сектары нацыянальных школ Вілейскага абласнога аддзела народнай асветы. Таксама працуе ў аддзеле культуры ў абласной газеце «Вілейская праўда» (выдавалася з лістапада 1939 па люты 1940).
Пiсаць вершы ён пачаў у другой палове 20-х гадоў, будучы гімназiстам, друкавацца — з 1932 года. Першы верш — «Заштрайкавалi гіганты-комiны» — пад псеўданiмам Максiм Танк быў апублiкаваны ў газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё» (г. Львоў) 7 красавiка 1932 года.
За ўдзел у выданні часопіса «Часопіс для ўсіх» 27 красавіка 1932 Максім Танк быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі.
У 1935 годзе Максім Танк у Вільні пачаў пісаць паэму «Нарач». Паэма была навеяная нарачанскай забастоўкай рыбакоў, якая рэхам прайшла па азёрах суседняй Вілейшчыны і даволі далёкага Палесся. З-за цэнзуры цалкам твор надрукаваць было немагчыма, таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калоссі». І тым не менш, некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваныя польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы. У 1936 годзе выходзiць першы зборнiк вершаў М. Танка «На этапах» (канфiскаваны палiцыяй), у 1937 — другi зборнiк «Журавiнавы цвет» i асобным выданнем паэма «Нарач», у 1938 — трэцi зборнiк «Пад мачтай». Неяк спакваля паэт апынуўся ў цэнтры лiтаратурна-мастацкага жыцця ў 3аходняй Беларусi. Пра яго загаварылi ў друку (ды як загаварылi!), яго творы i кнiгi сталi прадметам шырокага i зацiкаўленага абмеркавання, лiтаратурна-творчых дыскусiй. «Максiм Танк гэта вельмi маладая, але магутная творчасцю iндывiдуальнасць, — пiсала газета „Наша воля“, даючы iнфармацыю аб вечары беларускай паэзii i песнi, якi адбыўся ў Вiленскiм унiверсiтэце 15 сакавiка 1936 года. — Ягоная творчасць вырасла ў вастрогах i, вырваўшыся з турмы, залiла 3аходнюю Беларусь. Творы Танка — гэта лавiна, гэта бурная хваля, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё. Танк можа стацца вялiкiм песняром Беларусi».
Творчасць М. Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара. Вялiкую папулярнасць у чытача набылi яго вершы «Спатканне», «Песня кулiкоў», «Чорныя скiбы», «Да дня», «Акт першы», «Тры песнi», «Паслухайце, вясна iдзе…», «Раманс», «На пероне» i iнш. Лiрычны герой паэта прываблiваў паўнакроўнасцю ўспрымання жыцця, натуральнасцю i нязмушанасцю сваiх паводзiн i ўчынкаў, непадробнай чалавечнасцю, цвёрдай верай у народныя першакаштоўнасцi, жыццёсцвярджальныя сiлы грамадства. Ён засяродзiўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету свайго сучаснiка. Фiласофская лiрыка суседнiчала ў паэта з сатырычнымi творамi, пейзажныя матывы i вобразы перапляталiся з выяўленнем асаблiвасцей iнтымнага свету героя, традыцыйныя вершы змянялiся дольнiкамi i верлiбрамi i iнш. І ўсе цi амаль усе яны хораша ўражвалi багаццем i разнастайнасцю моўна-выяўленчых, мастацка-стылiстычных сродкаў.
У гады вайны ён працуе ў газеце «За Савецкую Беларусь», агiтплакаце «Раздавiм фашысцкую гадзiну», пiша i выдае паэму «Янук Сялiба» (1943), зборнiкi вершаў «Вастрыце зброю» i «Праз вогненны небасхiл» (1945).
Адным з лепшых у беларускай паэзii пасляваеннага дзесяцiгоддзя з’явiўся зборнiк М. Танка «Каб ведалi» (1948), адзначаны Дзяржаўнай прэмiяй СССР. Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак другой сусветнай вайны. Шмат цiкавых i арыгiнальных твораў увайшло ў наступныя зборнiкi паэта — «На камнi, жалезе i золаце» (1951) i «У дарозе» (1954). Праўда, вершы гэтага перыяду яго творчасцi канца 40 — першай паловы 50-х гадоў, як, зрэшты, i ўсё тагачаснае савецкае мастацтва, сур’ёзна закранула сумнавядомая «тэорыя бесканфлiктнасцi i iлюстрацыйнасцi». Але надзейнай парукай далейшага паступальнага руху наперад i набору вышынi была тая акалiчнасць, што М. Танк бачыў свае недахопы, падкрэслена крытычна ставiўся да зробленага ў гэты час. «Асабiста я не задаволены вынiкамi сваёй працы за апошнiя гады, — гаварыў ён на з’ездзе пiсьменнiкаў. — Я напiсаў два зборнiкi вершаў… Ёсць там вершы лепшыя, вершы, якiя дорагі мне, i такiя, якiя толькi гавораць аб пройдзенай дарозе. Але ўсе яны, сабраныя ў зборнiк, не даюць цэльнага вобраза, не даюць адказу на многiя пытаннi, якiя хвалююць мяне i маiх герояў…»
З 1948 па 1966 год М. Танк працуе галоўным рэдактарм часопiса «Полымя», з 1966 па 1990 год — першым сакратаром, старшынёй Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.
У 60-90-я гады выходзяць лепшыя кнiгi паэта, якiя атрымалi высокую ацэнку крытыкi i лiтаратуразнаўства, усёй грамадска-культурнай супольнасцi: «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964), «Перапiска з зямлёй» (1967), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсцi праз вернасць» (1979), «За маiм сталом» (1984) i iнш. Яго мастацкая iндывiдуальнасць дасягае сапраўднага росквiту.
Імем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт і вуліца ў Мінску.
Творчасць Максiма Танка — выдатная з’ява ў свеце сучаснай еўрапейскай лiтаратуры. Па меркаваннi У. Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусi — «на ўзроўнi сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэмii, калi не вышэй некаторых з iх». Напоўненыя глыбокiм фiласофска-аналiтычным асэнсаваннем жыцця i чалавека, высокiм гуманiстычным зместам i грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылi асаблiвасцi нацыянальнага характару, гістарычнага шляху i лёсу беларускага народа, выявiлi багацце i шматстайнасць яго гiсторыi i культуры, вялiкiя патэнцыяльныя магчымасцi мовы, пераканаўча абгрунтавалi паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасцi.
У фондзе цэнтральнай бібліятэкі ёсць шмат твораў Максіма Танка, а таксама матэрыялу аб яго жыцці і творчасці.
21 верасня 2012 года цэнтральная бібліятэка запрашае прыхільнікаў творчасці Максіма Танка на літаратурна-паэтычны вечар “Я на паэзіі магутных крылах не раз да зор далёкіх далятаў”, якое пройдзе ў чытальнай зале бібліятэкі.
Ад сябе дабаўлю: Максім Танк яскравы талент, геніяльны паэт, мудры чалавек, ён назаўсёды застанецца не толькі ў беларускай, але і ў славянскай літаратуры зоркай першай велічыні. Пачынаючы з першага паэтычнага зборніка і да апошняга слова Максім Танк пісаў адну вялікую кнігу, за якой стаіць мінулае, сучасны дзень і будучае нашага народа. Ён пакінуў беларусам бясцэннае духоўнае багацце, самабытнае слова, асвечанае высокім талентам, мудрасцю, любоўю і дабрынёй да людзей.
Т. Дземідовіч,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.