І брыкет, і дровы колатыя

Вось ужо мінула чвэрць стагоддзя як Жыткавіцкім філіялам камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблпаліва” кіруе Уладзімір Няброеў. Ёсць на што азірнуцца, успомніць, параўнаць: усё-такі 25 гадоў на нязменнай кіраўнічай пасадзе ў адным калектыве, які для яго, вобразна кажучы, стаў другой сям’ёю. А якія былі першыя ўражанні, калі даверылі яму гэты “капітанскі мосцік”?

— Прадпрыемства сустрэла старой драўлянай агароджай ды лужынамі, у якіх было гразі па калена, — усміхаецца цяпер сваім успамінам Уладзімір Фёдаравіч. — Таму разам з навядзеннем парадку ў калектыве неадкладна прыйшлося брацца за шматлікія пытанні добраўпарадкавання. Толькі ўсё пазнаецца ў параўнанні, скажам, тады не было праблем з бюджэтным фінансаваннем. І аб’ёмы паслуг былі значна большыя. Галоўная стаўка тады была, як помніце, на вугаль, які ішоў да нас з Украіны, Расіі і нават польскай Сілезіі. Сваім спажыўцам мы яго адгружалі да 10 тысяч тон у год. Помню, як і самому даводзілася браць у рукі шуфель, каб за намі не было затрымкі. Цяпер жа ў параўнанні з тым часам аб’ёмы нашых паставак знізіліся, бо мы перайшлі на мясцовыя віды паліва. Так што ніякіх скідак на цяжкасці не прымаецца, усе заказы павінны быць выкананы своечасова і якасна.
І словы кіраўніка не разыходзяцца з канкрэтнымі справамі калектыва: сваё прафесійнае свята, якое адзначалася ў минулыя выхадныя, тут сустракалі ў чарговы раз з пачуццём выкананага абавязку, з прыўзнятым настроем. Няхітрая статыстыка дасягнутых за чвэрць стагоддзя вытворчых здабыткаў сведчыць: у сярэднім на працягу паўтара года мясцовы калектыў выходзіў пераможцам працоўнага саперніцтва сярод 21 філіяла КУП “Гомельаблпаліва”. Па шматгадовых аб’ёмах рэалізаванага людзям і арганізацыям паліва жыткавіцкія пастаўшчыкі ўваходзяць у верхнюю тройку буйнейшых філіялаў, сярод якіх яшчэ іх калегі з Буда-Кашалева і Калінкавічаў.
За 7 месяцаў бягучага года райпалівазбыт рэалізаваў сваім спажыўцам 3 тысячы 270 тон брыкетаў, у тым ліку 2450 тон насельніцтву. Задаволены былі і патрэбы ў дровах. Прычым з агульных 3770 кубічных метраў на долю насельніцтва прыпала 3215 кубічных метраў, што складае аж 70 працэнтаў. Варта адзначыць, што ў надзвычай важнай, неабходнай для людзей справе продажу дроў насельніцтву мясцовы філіял у апошнія гады зрабіў важкі крок наперад, пачаўшы рэалізоўваць жадаючым менавіта ўжо “гатовыя”, колатыя дровы. І тым самым, скажам шчыра, скінуў з плячэй у першую чаргу пажылых, знямоглых людзей такую цяжкую ношку. Цяпер, як кажуць, без клопату галава: заплаціў грошы, і работнікі райпалівазбыту дровы табе на самы падворак прывязуць.
— Ведаючы, што гэтая праблема з кожным годам усё больш абвастраецца, людзі старэюць, а дапамагчы многім ужо часта няма каму, акрамя сацыяльных работнікаў, — расказвае Уладзімір Няброеў, — мы дзесьці пяць гадоў назад закупілі два станкі па раздзелцы дроў. І за 7 месяцаў года насельніцтву было рэалізавана колатымі 2558 кубічных метраў дроў, што да агульнага аб’ёму прададзеных дроў склала 80 працэнтаў. Для параўнання скажу, што за 2006 год іх было ўсяго 304 кубічныя метры. А ў цэлым за год брыкетам у нашым раёне мы забяспечваем паўтары тысячы домаўладанняў, дровамі — 700. У першую чаргу, як і раней, атаварваем льготнікаў, а гэта дзесьці 500 чалавек. А нас, у сваю чаргу, дровамі забяспечваюць лесагаспадарка “Ляскавічы” і Жыткавіцкі лясгас.
У філіяле працуе два дзясяткі людзей, ёсць чатыры трактары, пагрузчык, грузавы аўтамабіль. Прыклады стараннай працы паказваюць тут вадзіцель Валянцін Смірноў, распілоўшчык Сяргей Дземідзюк, эканаміст Валянціна Таранік і другія.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.