Пад знакам паскарэння

Калі здабыча фрэзернага торфу для адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” справа сезонная, то выпускам паліўных брыкетаў прадпрыемства практычна займаецца круглы год, не лічачы таго часу, калі даводзіцца спыніць на прафілактычныя работы альбо рамонт. Графік вытворчасці асноўнага віду прадукцыі не парушаецца, і гэта стала няпісаным правілам для мясцовых торфабрыкетчыкаў.
Не выключэнне і тры кварталы бягучага года. Так, тэмпы росту таварнай прадукцыі за студзень-верасень 2012 года да аналагічнага леташняга перыяду склалі ў дзеючых цэнах 173 працэнты. Замест планавых 70,8 тысячы тон за 9 месяцаў года фактычна было выраблена 76,4 тысячы тон брыкетаў.
Нядрэнна абстаяць справы і з экспартам гэтага каштоўнага віду паліва, якое карыстаецца вялікім попытам у той жа Швецыі. І калі ў мінулым годзе за мяжу было адгружана 22,2 тысячы тон брыкетаў на 1518,2 тысячы долараў ЗША, то сёлета адпаведна — 26,5 тысячы тон на 1742,7 тысячы долараў ЗША.
Працягваецца мадэрнізацыя прадпрыемства. Да 2015 года яго магутнасць плануюць павялічыць у паўтара раза. А для гэтага трэба будзе здабычу фрэзернага торфу за сезон павялічыць да 300 тысяч тон. Рэканструкцыя, мадэрнізацыя не абыдуць бокам чыгунку, станцыю перагрузкі, увогуле ўсю вытворчасць, бо ў наступныя гады трэба будзе распрацаваць і асвоіць новае месцанараджэнне сыравіны ва ўрочышчы “Замошша”. А гэта значыць, пракласці дзясяткі кіламетраў чыгуначных шляхоў, стварыць новую палявую базу, правесці іншыя неабходныя работы. За 9 месяцаў 2012 года замест планавых 4 мільярдаў 200 мільёнаў рублёў інвестыцый на работы па мадэрнізацыі было выдзелена 5,7 мільярда рублёў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.