На хвалі росту

І сёлета жывёлаводы КСУП “Бялёў” працуюць даволі плённа. За дзесяць месяцаў года яны дабіліся значных прыбавак у вытворчасці малака і мяса.

Зімоўка на грамадскіх фермах гаспадаркі праходзіць даволі арганізавана. Таму спрыяе праца ў падрыхтоўчы перыяд. Праведзеная рэканструкцыя двух памяшканняў ферм дазволіла без праблем размясціцца ўсяму статку. А ён з пачатку года павялічыўся на 12,5 працэнта. І цяпер у гаспадарцы налічваецца 1765 галоў буйной рагатай жывёлы. З іх 494 дойныя каровы. Дарэчы, іх колькасць таксама ўзрасла. Назапашана ў гаспадарцы і дастатковая колькасць корму. Адсюль і адпаведныя здабыткі мясцовых жывёлаводаў. З пачатку года ад кожнай каровы ў гаспадарцы надаілі па 4735 кілаграмаў малака. Калі параўноўваць з леташнім перыядам, то гэта больш на 159 кілаграмаў. Выраслі надоі, вырасла і рэалізацыя малака, якога перапрацоўшчыкам сельгаспрадпрыемства прадало 2121,4 тоны.
Нядрэнна складваюцца справы і з вытворчасцю мяса. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы выраслі на 55 грамаў і дасягнулі 766 грамаў.
Бясспрэчна, што за ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць штодзённая праца радавых жывёлаводаў і спецыялістаў. На фермах КСУПа працуе нямала спрактыкаваных жывёлаводаў. Гэта і аператары машыннага даення Ірына Рубіс, якая ўжо ад кожнай каровы сваёй групы надаіла амаль па пяць тысяч кілаграмаў малака, і Галіна Рагалевіч, надой па яе групе складае 4825 кілаграмаў малака ад адной каровы. Сярод аператараў на адкорме тон у працы задае Галіна Чарнагалова, гадаванцы якой у суткі прыбаўляюць па 838 грамаў. Варта сказаць, што дасягнутыя ў працы гэтымі жывёлаводамі сельгаспрадпрыемства “Бялёў” вытворчыя паказчыкі на цяперашні час адны з лепшых у раёне.
І ў далейшым кіраўніцтва гаспадаркі плануе, каб грамадская жывёлагадоўля працавала яшчэ з большай аддачай. Для гэтага ўкараняюцца больш сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, плануецца, што даенне на рэканструяванай ферме будзе ажыццяўляцца ў даільнай зале. Яе ўзвядзенне падыходзіць да завяршэння. А па іншаму працаваць і нельга, калі хочаш утрымацца на хвалі поспеху і росту. Пакуль у працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі гэта атрымліваецца вельмі добра.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.